Арцём і Радзівон, Марыя і Дальміра…

28 августа 2015 - Administrator
article1921.jpg

 За сем месяцаў  2015 года аддзелам ЗАГС райвыканкама і гарсельвыканкамамі зроблена 1193 запісы актаў грамадзянскага стану. Сярод прыемнага – рэгістрацыя нараджэння дзяцей, заключэнне шлюбаў. У раёне за сем месяцаў бягучага года нарадзілася 342 дзіцяці, што на дзевяць больш у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. На свет з’явіліся 176 хлопчыкаў і 166 дзяўчынак. Першынцамі сталі 115 дзяцей, 142 нарадзіліся ў сем’ях другімі, 65 – трэцімі, 15 – чацвёртымі, двое – пятымі, трое – шостымі. Двайняткі нарадзіліся ў сямі сем’ях. Сярод маці 41 – адзінокая, пяцёра – непаўналетнія. Сярэдні ўзрост маці склаў 27, бацькоў – 30 гадоў.


Самымі папулярнымі імёнамі сярод хлопчыкаў у раёне за гэты год сталі Арцём, Аляксандр, Максім, Арсеній, Іван і Мікіта, сярод дзяўчынак – Вікторыя, Дар’я, Софія, Паліна, Ксенія і Марыя. Самыя рэдкія імёны Прохар, Радзівон, Платон, Макар, Назар; Дальміра, Лэйла, Маліка, Мар’яна, Эліна.
190 рэгістрацый нараджэння зроблена па г. Івацэвічы, 13 – Косаўскім гарвыканкамам, 31 – Целяханскім сельвыканкамам, 12 – Стайкаўскім, 14 – Яглевіцкім, 10 – Жытлінскім, восем – Рэчкаўскім, шэсць – Даманаўскім.
За сем месяцаў 2015 года зарэгістравана заключэнне 227 шлюбаў, што на 19 менш у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. Сярод іх у г. Івацэвічы – 153, у Косаўскім гарвыканкаме – 12, Целяханскім сельвыканкаме – 22, Даманаўскім – 13.

Павялічыўся сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб: сярод мужчын ён склаў 30 гадоў, сярод жанчын – 28 гадоў. Самымі маладымі былі адна непаўнагадовая нявеста, адзін непаўнагадовы жаніх. Ва ўзросце за пяцьдзесят гадоў былі 12 жаніхоў і 11 нявест.

Паміж грамадзянамі Рэспублікі Беларусь і замежнымі грамадзянамі зарэгістравана 15 шлюбаў, з іх тры жаніхі і шэсць нявест з’яўляліся грамадзянамі Расійскай Федэрацыі, па аднаму жаніху і адной нявесце – грамадзяне Рэспублік Арменіі, Казахстана, Азербайджанскай Рэспублікі.
За бягучы перыяд зарэгістравана 545 смярцей, што на 42 больш у параўнанні з мінулагоднім адрэзкам часу. З іх па г. Івацэвічы – 138.
Ганна КАРПОВІЧ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий