Атрымаць сямейны капітал у раёне пажадалі 268 сем’яў

12 января 2017 - Administrator
article2889.jpg

 Два гады прайшло з той пары, як у Беларусі з’явілася магчымасць атрымання сямейнага капіталу – 10 тысяч долараў, на якія могуць разлічваць некаторыя шматдзетныя сем’і. За гэты час у Івацэвіцкі райвыканкам з заявамі аб атрыманні капіталу звярнуліся 268 чалавек. Права на атрыманне капіталу маюць сем’і, у якіх гадуюцца трое дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, прычым, трэцяе ці наступнае дзіця нарадзілася ці было ўсыноўлена ў перыяд з 1 студзеня 2015 года да 31 снежня 2019 года.  


Як расказала карэспандэнту “ІВ” галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Савіч, у 2015 годзе ад жыхароў раёна паступіла 124 заявы аб налічэнні сямейнага капіталу, у 2016-м – 144. Некалькі з іх яшчэ на стадыі разгляду, але па абсалютнай большасці былі прынятыя станоўчыя рашэнні. Была і адна адмова. Яе прычынай паслужыў той факт, што на момант нараджэння ў сям’і трэцяга дзіцяці першае знаходзілася ў апякунскай сям’і. Такія дзеці не ўлічваюцца пры вызначэнні складу сям’і, як, дарэчы, і дзеці, у дачыненні да якіх бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў, адабраныя з сям’і, у выпадку адмовы ад іх, а таксама памерлыя дзеці. Яшчэ ў склад сям’і не ўлічваюцца дзеці ва ўзросце да 18 гадоў, якія ўступілі ў шлюб.

Умовы атрымання сямейнага капіталу не змяніліся. Калі сям’я мае на яго права, трэба звярнуцца з заявай у службу “Адно акно” райвыканкама ў шасцімесячны тэрмін з моманту нараджэння (усынаўлення, удачарэння) трэцяга ці наступнага дзіцяці. Заява будзе разглядацца на працягу месяца, і пасля прыняцця найхутчэй станоўчага рашэння наступае другі этап – зварот у ААТ “АСБ Беларусбанк” з заявай аб адкрыцці дэпазітнага рахунку “Сямейны капітал”, на які і налічаць грошы. На гэта адведзена шэсць месяцаў, але з моманту прыняцця рашэння на карысць сям’і. Калі парушыць тэрміны, то права на распараджэнне грашовымі сродкамі будзе страчана. 

Права на распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу ўзнікае па заканчэнні 18 гадоў з даты нараджэння дзіцяці, з’яўленне якога і дало падставу для налічэння грошай. Грошы, на якія за гады знаходжання на рахунку налічваюцца працэнты, можна скарыстаць на паляпшэнне жыллёвых умоў; на атрыманне адукацыі, атрыманне паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя ці на фарміраванне назапашвальнай (дадатковай) пенсіі маці (мачахі) ў поўнай сям’і, бацькі ў няпоўнай сям’і. Скарыстацца грашыма можна і датэрмінова – на атрыманне членам ці некалькімі членамі сям’і платных медыцынскіх паслуг па пераліку, устаноўленаму Міністэрствам аховы здароўя. Скарыстацца правам на атрыманне сямейнага капіталу можна толькі адзін раз. 
Падрыхтавала Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий