Дом, дзе ўладарыць фантазія

29 июля 2015 - Administrator
article1851.jpg

 Міма прыдамавога ўчастка Уладзіміра і Вольгі Галоўчыкаў з Целяхан немагчыма прайсці раўнадушна. Зараз, у летні час, тут усё літаральна патанае ў кветках. Здаецца, гэта нікога не павінна здзіўляць: ці мала ў нас гаспадынь-кветкаводаў? Але асаблівасць сям’і Галоўчыкаў у тым, што ў гэтай справе, як і ў многіх іншых захапленнях, муж і жонка – поўныя аднадумцы, іх жаданне ўпрыгожваць, аздабляць родны дом не абмяжоўваецца толькі кветкамі.

 
А калі яны прыйшлі жыць у гэты дом, то, як згадваюць сёння, ледзь не адразу за веснічкамі тут панавалі гарбузы-буракі, старыя фруктовыя дрэвы, кусты. Цяпер карціна зусім іншая… Але няўжо гародніна была б лішняй у сям’і Галоўчыкаў?
– Садавіна-гародніна – не лішняе; яны знайшлі сваё месца – у тыльнай частцы двара, – расказваюць і паказваюць Уладзімір і Вольга. – Як бачыце, у нас ёсць і свая цяпліца, дзе спеюць-наліваюцца таматы, але галоўны ўхіл зрабілі на кветкі. З самай ранняй вясны, калі “адкрываюць вочкі” прымулы і крокусы, пачынае зіхацець двор, а летам – кветкавы баль...
 
Кветкавы баль – вельмі трапны выраз!.. Але ж кветкі тут сапернічаюць з іншымі аксесуарамі – малымі архітэктурнымі формамі, вырабам якіх захапіўся гаспадар дома. Тут вам з дрэва вырабленыя фігуркі рыбаловаў, музыкантаў, масткі і пераходы цераз ручай, альтанка, міні-млын, паравоз… Прычым, усё зроблена з натуральных матэрыялаў. Уладзімір і Вольга бачаць незвычайнае – у звычайным, і гэтае звычайнае, што ў большасці з нас ледзь не пад нагамі валяецца, пасля радуе, здзіўляе, натхняе. У кожным дзеянні гаспадароў, на кожным кавалачку зямлі адчуваецца творчы падыход. Нават уласны этнаграфічны музей ёсць. Вольга, праўда, звяртае ўвагу, што галоўны “фантазёр” у іх сям’і – муж:
– Часам бачу: штосьці непакоіць, трывожыць-клапоціць яго, – значыць, творчае натхненне “накрыла”. Валодзя – вельмі творчы чалавек. Я дык больш працую “па лякалах”, а вось ён бачыць нестандартна – у лепшым сэнсе гэтага слова. Як вынік, наш двор – своеасаблівы, да нас вельмі часта заходзяць прахожыя сфатаграфавацца ці проста палюбавацца – кветкамі і прыдамавой архітэктурай…
 
 
 
Звярнуць увагу на сям’ю Галоўчыкаў нам параіў дырэктар філіяла “Целяханскі” Івацэвіцкай ЖКГ І. І. Калесніковіч. Па словах Івана Іванавіча, архітэктурны “дэкор” Уладзіміра, які працуе ў філіяле, упрыгожвае і іншыя мясціны Целяханшчыны. Творчасць нашых герояў, як бачыце, пашырае свае межы. Своеасаблівы след на роднай целяханскай зямлі. 
 
Дарэчы, Уладзімір і Вольга разам захапіліся рыбалкай – і іх часта можна бачыць на Вулькаўскім возеры. Ловяць драпежніка “на кружкі” з лодкі – трапляецца, у асноўным, шчупак, сярод іх былі дастаткова буйныя экземпляры (каля 7 кг). Цікава, што жыўцоў-карасікаў Галоўчыкі вырошчваюць дома – на прысядзібным участку дзве сажалкі, гэтая непатрабавальная рыба нават нерастуе тут. Праўда, мінулым летам у гэтую дамашнюю сажалку з таксама дамашняга ручая пераскочыў шчупак – моцна дасталася карасікам ад лютай драпежніцы, пакуль гаспадар не ўтаймаваў яе, не вылавіў!.. Любое захапленне Уладзіміра і Вольгі – агульнае. Рэдкая своеасаблівасць 
сям’і ў наш час, згадзіцеся, але якая! 
Аляксандр ГОРБАЧ, Валерый МІСКЕВІЧ (фота).
Комментарии (0)
Добавить комментарий