Гардзейкі – лепшая маладая сям’я Брэстчыны

22 сентября 2017 - Дарья Вдовина
article3435.jpg
Сям’я Міхаіла і Аляксандры Гардзейкаў са Стаек заняла першае месца ў ХІ абласным злёце-фестывалі маладых сем’яў “Вера. Надзея. Любоў”, які прайшоў на мінулым тыдні ў горадзе над Бугам. 
 
Сёлетні, адзінаццаты па ліку фестываль, прысвечаны 100-годдзю з дня ўтварэння органаў ЗАГС і прымеркаваны да 15-годдзя ГА “БРСМ”. Яго мэтай з’яўляецца павышэнне прэстыжу сям'і ў сучасным грамадстве, паляпшэнне культуры шлюбна-сямейных адносін і ўмацаванне маральна-псіхалагічнага клімату ў сям'і. 
 
На працягу двух дзён 20 пар з розных куткоў Брэстчыны сабраліся разам, каб абмяняцца вопытам і падзяліцца сваім рэцэптам дабрабыту, а таксама паспаборнічалі за званне лепшай.  Прымалі ўдзел у конкурсе розныя сем'і: для некаторых марш Мендэльсона прагучаў зусім нядаўна, іншыя ўжо выхоўваюць дзяцей і могуць падзяліцца жыццёвым вопытам. Былі і сем’і, якія  прыязджаюць сюды ўжо не ў першы раз.  Усіх іх аб'ядноўваюць вера, надзея, любоў – тры апоры, на якіх трымаецца сям'я.
 
– Ад таго, наколькі моцныя асновы і традыцыі сям'і, у многім залежыць дабрабыт усёй краіны. Сучасныя маладыя людзі ўступаць у шлюб не баяцца, але, сутыкнуўшыся з некаторымі цяжкасцямі сямейнага жыцця, хутка вырашаюць развесціся. Гэты конкурс добрая нагода, каб паказаць ім прыклад, што моцныя і шчаслівыя сем’і дзеляць напалам і радасці, і нягоды, – падкрэсліў галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігар Саюк.
 
Удзельнікаў чакала насычаная конкурсная праграма. Кожная сям’я павінна была аформіць і прадставіць свой куток на выставе ручнікоў “Узоры шчаслівага сямейнага жыцця”, а ў конкурсе “Сямейны рэцэпт” прадэманстраваць спрыт і фантазію ў кулінарыі і прэзентаваць журы фірменную сямейную страву.
 
– Да конкурсу “Сямейны рэцэпт” мы намагаліся падысці творча, праз стравы расказаць пра сваю сям’ю. На стале зрабілі цэлае стылізаванае сельскае падвор’е. Мы жывём не ў горадзе, і не шкадуем аб гэтым, таму хацелася расказаць іншым удзельнікам пра ўтульнасць, прыгажосць вясковага жыцця. Працэс гатавання  быў вельмі працаёмкі, мы патрацілі шмат часу і сіл. Але журы ацаніла нашы старанні па заслугах, – расказала Аляксандра Гардзейка.
 
Не абышлося і без спартыўнай эстафеты. Трэба было пераадолець дыстанцыю з мячом і скакалкай, страляць з вінтоўкі па паветраных шарах, навыперадкі скакаць у мяшку.  Старанна рыхтавалася сям'я да творчага фотаконкурсу “Вясельнае фота скрозь гады”. Арганізатары не сталі абмяжоўваць фантазію ўдзельнікаў, таму выступленне кожнай сям'і было асаблівым і непаўторным. Нашы землякі вырашылі зрабіць стаўку на нацыянальны каларыт і не памыліліся. Міхаіл і Аляксандра апранулі нацыянальныя строі, якія сімвалізавалі шлюбныя уборы іх продкаў.
 
– Гэта быў бадай самы няпросты конкурс. Мы доўга думалі, як жа цікава расказаць аб нашай сям'і, аб сем'ях нашых продкаў у рамках заяўленай тэмы. Вырашылі змайстраваць своеасаблівую “машыну часу” з архіўных фота. Зрабілі фотакалаж з гадзіннай стрэлкай, каб журы і іншыя сем’і змаглі разам з намі вандраваць у часе і паслухаць аповед пра сем’і нашых бацькоў і дзядоў. Памяць пра іх мы захоўваем разам са старымі фатаграфіямі, стараемся больш расказаць дзецям. Ім таксама цікава, як жылі і кахалі іх продкі. Пра кожную сям’ю расказвалі ў вершах, якія складалі самі. Хочацца сказаць вялікі дзякуй за дапамогу ў падрыхтоўцы да конкурсу раённаму аб’яднанню прафсаюзаў і аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Дзякуючы ім, наша выступленне атрымалася такім, як і было задумана, – адзначылі Міхаіл і Аляксандра Гардзейкі.
 
Акрамя конкурсаў, удзельнікаў фестывалю чакала і насычаная культурная праграма. Адбыўся адкрыты дыялог “Сям’я – аснова моцнай і квітнеючай Беларусі”, кансультацыя сямейнага псіхолага і прававы лікбез “Падтрымка маладой сям'і ад А да Я”. Таксама ўдзельнікі з дабрачыннай акцыяй “Цяпло сэрцаў” наведалі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў у вёсцы Ваўкі Брэсцкага раёна.
 
Трэба адзначыць, што сям’я Міхаіла і Аляксандры Гардзейкаў  не першы раз прымае ўдзел у падобных конкурсах: у 2015 годзе яны разам з дзеткамі Ульянай і Данікам занялі першае месца ў раённым этапе сельскагаспадарчага конкурсу «Уладар сяла» і прадстаўлялі наш раён на абласным этапе, дзе атрымалі трэцяе месца, а ў 2016 годзе атрымалі срэбра абласнога конкурса “Самая здаровая сям'я”. 
 
Ганна Ільяшэвіч, фота з архіва сям'і Гардзейкаў.
Комментарии (0)
Добавить комментарий