Каханню ўзрост – не перашкода!

30 октября 2017 - Administrator
article3508.jpg

 Як паведамілі ў аддзеле ЗАГС Івацэвіцкага райвыканкама, па раёне ў шлюбах з вялікай розніцай ва ўзросце ў мужа і жонкі традыцыйна старэйшы мужчына. У гэтым годзе зарэгістравала адносіны пара, у якой муж старэйшы за сваю юную спадарожніцу на 28 гадоў! Для абодвух гэта другі шлюб. Цікава, што колькасць пар, у якіх жанчына старэйшая за мужчыну, павялічылася. Але ў цэлым назіраецца тэндэнцыя да выраўноўвання мужа і жонкі па ўзросце.


Людзі сталага ўзросту таксама ўсё часцей афіцыйна рэгіструюць свой шлюб. Жыццёвая мудрасць “любові ўсе ўзросты пакорлівыя” падмацавана статыстыкай аддзела ЗАГС райвыканкама.  У гэтым годзе тут зарэгістравалі шлюб дзве нявесты ва ўзросце больш за шэсцьдзясят гадоў. Жаніхоў “за шэсцьдзясят” было больш – чацвёра. Самы “вопытны” жаніх адсвяткаваў 80-гадовы юбілей, а яго выбранніцы споўнілася  75 гадоў. Усяго жаніхоў-пенсіянераў было пяцёра, а нявест, якія перасягнулі  пенсійны рубеж – шэсць. 

Прычын, якія прыводзяць немаладых «маладых» у загс, некалькі. Адна з найбольш распаўсюджаных – сустрэча з каханнем. Калі абодва ўжо вольныя – дзеці-унукі выраслі.  Некаторыя пары сужыцельствуюць доўгія гады, нажываюць сумесную маёмасць і ў ЗАГС іх прыводзіць жаданне вырашыць такім чынам некаторыя юрыдычныя пытанні. Яшчэ адна прычына – адзінота, якая аднолькава гняце і мужчын, і жанчын.
Самым юным нявестам было па 16 гадоў, а самаму маладому жаніху – 17. Прасочваецца тэндэнцыя да павелічэння ўзросту тых, хто вырашыў узаконіць свае адносіны штампам у пашпарце. Сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб мужчын склаў 30 гадоў, жанчын – 27 гадоў.

У гэтым годзе у аддзеле ЗАГС Івацэвіцкага райвыканкама было зарэгістравана 17 шлюбаў з замежнымі грамадзянамі з Эстоніі, Казахстана, Украіны і Расіі. У мінулым годзе, напрыклад, нявесты былі з Грузіі, ЗША, Казахстана, жаніхі – з Азербайджана, Турцыі, Казахстана.
За няпоўныя 10 месяцаў ў раёне зарэгістравана 316 шлюбаў. Як адзначыла начальнік аддзела ЗАГС Івацэвіцкага райвыканкама Наталля Аўрусевіч, у гарачую “шлюбную” пару колькасць цырымоній магла дасягаць 9 на дзень. 

– Калі ў пары ёсць замежны грамадзянін, то, як правіла, яны просяць, каб рэгістрацыя вялася на беларускай мове. Ім вельмі цікавая наша культура і традыцыі. У гэтым годзе ў Івацэвічах бралі шлюб нявеста, якая сама была родам з Украіны, але мела беларускі від на жыхарства, і жаніх з Украіны. Цырымонію па іх жаданні мы праводзілі на беларускай мове. Было многа гасцей, ім усё было зразумела, бо ўсё ж такі братэрскія народы. Маладыя засталіся задаволеныя і гасцям вельмі спадабалася. Нагадаю, што маладыя самастойна могуць выбраць мову, на якой будзе праводзіцца цырымонія, пры падачы заявы, – расказала Наталля Аўрусевіч.
Ганна Ільяшэвіч.
Комментарии (0)
Добавить комментарий