Самая здаровая сям’я – у Івацэвічах

23 октября 2017 - Administrator
article3495.jpg

 У мінулую пятніцу, 20 кастрычніка, у Брэсце назвалі пераможцаў традыцыйнага абласнога конкурсу «Самая здаровая сям'я», які ў гэтым годзе прайшоў у шосты раз. Ганаровае званне самай здаровай сям’і ў вобласці і галоўны прыз – веласіпед – атрымалі нашы землякі, сям’я Віталія і Таццяны Анішчык.  


Другое месца прысуджана сям'і Спявак са Століна, трэцяе – брэсцкай сям'і Палянскіх.
Конкурс стартаваў у маі. На рэгіянальных узроўнях заяўкі на ўдзел падалі 65 сем'яў, у якіх выхоўваюцца двое і больш дзяцей. У фінал абласных спаборніцтваў выйшлі 39 удзельнікаў. Дарэчы, геаграфія конкурсу ахоплівае не толькі буйныя гарады вобласці, але і розныя населеныя пункты раёнаў. Пры выбары пераможцаў журы ўлічвала розныя крытэрыі: духоўна-маральнае выхаванне, гігіену працы, адпачынку і харчавання, заняткі фізкультурай і іншыя фактары. 


Нагадаем, Віталій і Таццяна Анішчык выхоўваюць трох сыноў: старэйшаму Багдану восем гадоў, Цімафею – пяць, самаму малодшаму Мацвею праз тыдзень споўніцца два гады, якія таксама вельмі актыўна ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы да конкурсу. 
“Канешне, прыемна атрымаць такую ўзнагароду. Мы шмат рыхтаваліся да гэтага конкурсу – малявалі генеалагічнае дрэва, здымалі і самастойна манціравалі відэаролік аб захапленнях сваёй сям’і. Дзеці вельмі дапамагалі нам, таму яны радуюцца больш за ўсіх. Веласіпед – вельмі добры падарунак, бо наша сям’я за актыўны лад жыцця. Пакуль на ім будзе ездзіць старэйшы сын, а потым і малодшыя, як падрастуць,– расказала Таццяна Анішчык.
Ганна Ільяшэвіч.
Комментарии (0)
Добавить комментарий