Шчаслівыя вочы матуль

18 августа 2016 - Administrator
article2639.jpg

 Прыемная місія чакала паважаных гасцей Целяханскага Цэнтра культуры і вольнага часу – уручыць ордэны Маці жанчынам, чыё прызначэнне ў жыцці – быць матулямі. У мінулую пятніцу, 12 жніўня, з віншаваннямі і падарункамі сюды наведаліся намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец і дырэктар Івацэвіцкага ТЦСАН Дзяніс Пакалюк. 

Аж шэсць матуль з Целяханскага і Рэчкаўскага сельсаветаў у той дзень прымалі віншаванні.

Прыгожыя, яны хваляваліся, здаецца, не менш, чым у дзень, калі прыходзіла ў сям’ю чарговая радасная навіна аб цяжарнасці. А дзякаваць гэтым прыгажуням сапраўды было за што: 31 дзіця на шасцярых матуль – вось гэта сапраўднае шчасце, вось гэта кветнік! Так, у той дзень згодна з Указам Прэзідэнта №235 ад 27 чэрвеня 2016 года ордэнам маці за выхаванне пяці і больш дзяцей узнагароджаныя Наталля Вячорка і Любоў Рэдзько з в. Краі, Алена Юнчык з в. Горталь, Наталля Курыловіч, Людміла Канановіч і Таццяна Канановіч з г. п. Целяханы. Але перш чым заблішчалі на грудзях жанчын ордэны, віноўніц сустрэчы павіншаваў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец.

– Здаецца, упершыню мы ўручаем ордэн адразу шасці матулям з нашага раёна, – гаварыў Аляксандр Фёдаравіч. – ордэн Маці – высокая ўзнагарода, аднак і далася яна вам нялёгка. Няхай яшчэ растуць вашы сем’і, няхай здаровымі і шчаслівымі будуць вашы дзеці, а вы каб яшчэ дапамаглі ім у выхаванні будучых унукаў. А грашовая дапамога ад райвыканкама – добрая дапамога напярэдадні новага навучальнага года, – адзначыў Аляксандр Велікаселец, перадаючы матулям узнагароду і канверт.

Са шчырымі словамі да прысутных звярнуўся дырэктар Івацэвіцкага ТЦСАН Дзяніс Пакалюк. Адзначалі сваіх гераінь падарункамі і старшыні Целяханскага і Рэчкаўскага сельвыканкамаў Трафім Дзямянчык і Ганна Латышэвіч. А пасля, жартуючы, дзялілі шматдзетных матуль, бо некаторыя нарадзіліся на тэрыторыі аднаго сельсавета, а жывуць у другім. Таму прасцей казаць, што на два сельсаветы шэсць матуль-гераінь прыходзіцца. Не пакінулі без увагі нашых жанчын і працоўныя калектывы, ад сваіх прафсаюзных лідараў падарункі атрымалі Людміла Канановіч, супрацоўніца РВГУП “Беларусьгандаль” Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Алена Юнчык, медыцынская сястра ДУ “Целяханскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў”, і Таццяна Канановіч, супрацоўніца філіяла “Целяханскі” Івацэвіцкага райста.

Мерапрыемства асаблівае, сямейнае, некаторыя жанчыны прыехалі сюды з каханымі мужчынамі, бацькамі вялікай сям’і, а нехта, як Алена Юнчык, з дзецьмі. Вельмі ж хацелася малой Марыне першай павіншаваць матулю з узнагародай. Незвычайны быў і фармат мерапрыемства. Госці сядзелі за невялікімі столікамі, пілі гарбату з цукеркамі, гаварылі, як кажуць, па душах і атрымлівалі асалоду ад канцэрта, падрыхтаванага артыстамі Целяханскага ЦКіНТ. “Як выбіраліся імёны вашым дзецям?”, “Якія плюсы вялікай сям’і” і “Ці ёсць у кожнага дзіцяці свае абавязкі?”, –  вядучая, мастацкі кіраўнік цэнтра, Крысціна Віктаровіч задавала бацькам шматдзетных сямей шчырыя пытанні і такія ж адказы на іх атрымлівала. Сям’я Курыловіч, напрыклад, доўга чакала хлопчыка ў сям’і, тры дзяўчынкі з’яўляліся адна за адной, пакуль не дачакаўся бацькі двойні – і адразу два хлопчыкі-памочнікі! Аднак сапраўдныя рэкардсмены па нараджэнні дзяўчынак – сям’я Рэдзько з Краёў: шэсць дзяцей і пяцёра з іх – дзяўчынкі! Алена Юнчык атрымала ўзнагароду акурат у 16 дзень нараджэння старэйшага сына ў сям’і Станіслава. Што такое шматдзетная сям’я, маці пяці малых Наталля Вячорка ведае даўно, бо і сама расла ў сям’і, дзе гадаваліся дзесяць дзяцей. Таццяна Канановіч доўга чакала сабе  памочніцу, аднак чатырох хлопчыкаў даў Бог сям’і, і вось цуд – пятая дачушка Сафія, якой няма яшчэ і двух гадоў. У яшчэ адной матулі Людмілы Канановіч поўны набор – і сыны, і дачушкі. Хлопчыкі зараз дапамагаюць бацьку будаваць гаспадарчыя пабудовы на ўчастку каля дома, а дачушкі радуюць маці творчымі поспехамі: старэйшыя дзяўчынкі займаюцца ў ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. п. Целяханы”. 

Шмат нумароў падарылі нам удзельніцы вакальнай групы “Гармонія” і хору “Сугучча”, аднак вока ўсё ж было не адарваць ад матуль-прыгажунь. Яны такія розныя, гэтыя жанчыны: розныя ў іх сем’і, традыцыі, нягоды і радасці розныя… Вось толькі прызначэнне ў жыцці адно. Разумеюць адна адну і калі гавораць пра выхаванне дзетак. Хутка новы вучэбны год, гэтым і жывуць апошні месяц. Ці не гэта шчасце, сапраўднае, жаночае, мо таму і вочы ў матуль шчаслівыя-шчаслівыя…
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара. 
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий