Сямейны капітал у раёне аформілі 89 сем’яў

18 ноября 2015 - Administrator
article2074.jpg

 Ужо 89 рашэнняў аб назначэнні сямейнага капіталу прыняў райвыканкам і яшчэ некалькі заяў разглядаюцца. Гэта азначае, што амаль сотня дзетак, якія нарадзіліся ў гэтым годзе, выхоўваюцца ў шматдзетных сем’ях і маюць права ў свой час скарыстацца сур’ёзным бонусам – дзесяццю тысячамі долараў і працэнтамі, якія на гэту суму нарастуць.


Нагадаем, што сямейны капітал назначаецца дзяржавай сем’ям пры нараджэнні ці ўсынаўленні трэцяга і наступных дзяцей з 1 студзеня 2015 года да 31 снежня 2019 года (калі ўсе дзеці ў сям’і – непаўналетнія). Названая вышэй сума ў 10 тысяч долараў не выдаецца на рукі бацькам дзіцяці, а захоўваецца на рахунку ў ААТ “Беларусбанк”. Па падліках, якія прыводзіць БелТА, дзякуючы працэнтам сума за 18 гадоў можа вырасці да 14-15 тысяч долараў. Чаму 18 гадоў? Таму што скарыстацца грашамі можна толькі пасля дасягнення сынам ці дачкой паўналецця і ў тым выпадку, калі ў шасцімесячны тэрмін пасля нараджэння дзіцяці бацькі звернуцца ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы з заявай.

У нашым раёне з заявай трэба накіравацца ў службу “Адно акно” райвыканкама (каб.111). Там карэспандэнту “ІВ” расказалі, што аформіць паперы на капітал проста. У большасці выпадкаў, акрамя заявы, у шматдзетных бацькоў папытаюць пашпарты, пасведчанне аб заключэнні шлюбу, пасведчанні аб нараджэнні ўсіх непаўналетніх дзяцей (калі сям’я поўная). А некаторым трэба будзе прынесці пасведчанне аб смерці мужа альбо жонкі ці копію рашэння суда аб скасаванні шлюбу, копію рашэння суда аб усынаўленні ці шэраг дакументаў, якія пацвердзяць факт выхавання дзяцей у сям’і аднаго з бацькоў (кожны выпадак індывідуальны). Астатнія дакументы служба запытае самастойна. Райвыканкам у месячны тэрмін з дня падачы заявы прымае рашэнне аб назначэнні ці аб адмове ў назначэнні сямейнага капіталу. Далей з рашэннем райвыканкама і пашпартам трэба ў шасцімесячны тэрмін звярнуцца ў банк для адкрыцця рахунку. Калі парушаны тэрміны падачы заяў і звароту ў банк, то сям’я страчвае права на дзяржпадтрымку. І, дарэчы, скарыстацца правам на атрыманне сямейнага капіталу можна толькі аднойчы.
На што ж можа быць патрачаны сямейны капітал? Па-першае, міне 18 гадоў – звяртайцеся за грашыма, але не пазней чым у трохгадовы тэрмін пасля гэтай даты (бо інакш грошы вернуцца ў бюджэт). Скарыстаць сродкі можна на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі, паслугі ў сферы сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя і іншае. Датэрмінова скарыстацца капіталам можна толькі ў тым выпадку, калі якому-небудзь члену сям’і ці некалькім з іх спатрэбяцца платныя медыцынскія паслугі. Але моцную патрэбу ў дзяржпадтрымцы ў гэтым выпадку трэба будзе абгрунтаваць і пацвердзіць.

Першымі сямейны капітал у нашым раёне аформіла сям’я Еўтухаў з Івацэвічаў яшчэ ў красавіку, і з той пары заявы ад шчаслівых бацькоў паступаюць рэгулярна. Не дзіва: нараджальнасць у раёне расце. Па інфармацыі УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”, у 2014 годзе ў раёне на свет з’явіліся 682 дзіцяці, а ў 2009 – 639 дзяцей. Знізілася за пяць гадоў і смяротнасць немаўлят. Ёсць у паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі і заслуга медыкаў, і, вядома, дзеянне дзяржаўнай падтрымкі маладых і шматдзетных сем’яў.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий