У мэтах прадухілення абортаў

27 августа 2015 - Administrator
article1917.jpg

 Як бы мы ні планавалі сваю сям’ю, навіна аб тым, што ў вас будзе дзіця, заўсёды будзе нечаканай. І жанчыну часам ахоплівае страх і разгубленасць. А калі да гэтага дадаць яшчэ і сямейныя абставіны, якія як на тое складваюцца менавіта так, што іменна цяпер не да дзіцяці, ці, нарэшце, у сям’і ўжо і так трое дзяцей, то адназначна прыняць рашэнне “за” не так і проста. І цяпер кожны доктар-гінеколаг УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” абавязкова праводзіць гутарку з жанчынай, якая стала цяжарнай, але сумняваецца, нараджаць ёй ці не.  Такое перадабортнае кансультаванне цяжарных  жанчын стала абавязковым. І ўсё для таго, каб яна магла змяніць сваё рашэнне на карысць жыцця будучага немаўляці. 


Штотыднёва ў сераду ў 15 гадзін кансультацыі цяжарных жанчын праводзяць гінеколагі з прадстаўнікамі праваслаўнай царквы. Калі жанчына саромеецца, сумняваецца ці хоча, каб з ёю папрацавалі ананімна, то і ў гэтым выпадку ўрачы ідуць насустрач жанчыне. Дапамагчы не зрабіць самую важную ў жыцці памылку – аборт – справа цяпер не толькі кожнага ўрача-гінеколага жаночай кансультацыі УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”. Супакоіць і развеяць страхі жанчыны можа псіхатэрапеўт, які праводзіць кансультацыі цяжарных жанчын штодзень – з 14 да 15 гадзін. Калі жанчына і пасля гэтага сумняваецца, як ёй паступіць і якое прыняць рашэнне, ёй і яе сям’і могуць дапамагчы ў зручны для іх час спецыялісты-псіхатэрапеўты  ў Баранавічах ці Брэсце.  

І гэта вельмі важна, бо статыстыка – рэч няўмольная. За першае паўгоддзе мінулага года па Брэсцкай вобласці зроблена 1228 міні-абортаў, за гэты ж перыяд сёлетняга года – 1021. Уяўляеце, гэта па колькасці палова гарадка Косава ці ўдвая больш за колькасць усіх выпускнікоў-адзінаццацікласнікаў раёна!  І калі па вобласці гэты паказчык знізіўся, то па Івацэвіцкім раёне вырас адпаведна з 18 да 26 міні-абортаў, што складае 12,9 працэнта на сто родаў. Лічба 26 у рамках раёна – гэта значыць пазбавіць жыцця цэлы клас дзяцей гарадской школы! 
Радуе, што колькасць родаў за паўгода па раёне павялічылася – са 196 да 201. І ў гэтым ёсць доля заслугі нашых гінеколагаў, якім не раз удавалася ўпэўніць  жанчыну падарыць нежаданаму немаўляці жыццё.
Валянціна БОБРЫК.
Комментарии (0)
Добавить комментарий