У шчаслівай сям’і нарадзіўся Арцёмка!

11 августа 2015 - Administrator
article1881.jpg

 Амаль паўтара года таму, 28 сакавіка 2014 года, быў урачыста зарэгістраваны шлюб Аляксея і Юліі Казлоўскіх у аддзеле ЗАГС райвыканкама. З’явілася ў той шчаслівы дзень новая сям’я ў нашым раёне. Яшчэ больш моцнымі сталі пачуцці маладых за гэты час, пасталела сям’я, набрала соку іх сямейнае дрэва. А ўзнагародай за шчырыя пачуцці для іх стала з’яўленне першынца, сына Арцёмкі. 3 ліпеня малады бацька ўпершыню ўзяў у рукі самы дарагі ў свеце клуначак, у якім яго сын!


Беражліва трымаў Арцёмку Аляксей Казлоўскі і падчас урачыстай рэгістрацыі сына ў гэтым жа ЗАГСе ў мінулую сераду, 5 жніўня. Супакойваў, абдымаў малога мужчына. Такімі моцнымі і пяшчотнымі адначасова могуць быць толькі бацькавы рукі. Не плакаў малы, адчуваў іх цяпло…
Народжаны ў Дзень Незалежнасці краіны, Арцёмка разам з матуляй у межах акцыі “З любоўю да дзяцей” ужо атрымаў падарунак ад раённай арганізацыі  РГА “Белая Русь”, а сёння з урачыстай рэгістрацыяй першынца ў Год моладзі з падарункамі шчаслівых бацькоў прыйшла павіншаваць галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах мола-
дзі райвыканкама Юлія Сяўко (на здымку).  

– У вялікую сям’ю беларусаў сёння мы прымаем яшчэ аднаго маленькага грама-
дзяніна нашай краіны, – адзначыла Юлія Анатольеўна. – Арцём нарадзіўся ў шчаслівай, моцнай маладой сям’і, і няхай ён расце здаровым і разумным хлопчыкам, а яго бацькі заўсёды жывуць у згодзе і каханні.
З пажаданнямі далейшага папаўнення сямейны фотаальбом маладым бацьку і маці ўручыла начальнік аддзела ЗАГС Наталля Аўрусевіч. Дарэчы, Арцёмка – адзін з 342 немаўлят, народжаных у раёне толькі за сем месяцаў бягучага года. З падарункамі і шчырымі пажаданнямі да Аляксея і Юліі Казлоўскіх звярталіся новаспечаныя бабулі Рыма Уладзіміраўна і Марыя Васільеўна, будучыя хрышчоныя бацькі Арцёмкі, родныя і сябры сям’і. Пажаданне было адно – каб здаровым рос ды бацькоў радаваў сын у будучым.

Да слёз кранула бацькоў песня ў выкананні хормайстра Івацэвіцкага ГДК Ганны Суханосік: “у сына бацькавы вочы, у сына матуліна ўсмешка…”, – гучала ў зале.
– А вочы ў нас і бацькавы, і матуліны адначасова, ­– расказвала пасля мерапрыемства Юлія Казлоў-
ская. – Мы як толькі з роддома прыехалі, усе як адзін сказалі: гэта маленькі Лёша. А я і не пярэчу – няхай будзе як бацька – сур’ёзным, працавітым і адказным, – гаварыла маладая маці. 

Цікава, як сустракаюцца такія падобныя адзін на аднаго і закаханыя людзі? Дзякуючы прафесіі. Аляксей, вадзіцель, падвёз калісьці знаёмую сябра дадому, пасля наведаўся некалькі разоў у магазін, дзе працавала Юля. Спачатку на каву, пасля на каву з шакаладкай, а яшчэ пазней на каву ўжо з букетам кветак. Сустракаліся, пілі каву, пакуль не зразумеў юнак, што надта хоча кожны дзень падвозіць сваю сціплую Юлю ў іх агульны дом. Ён прапанаваў, і яна згадзілася. Так з’явілася сям’я Казлоўскіх. Нараджэнне Арцёма дадало Юліі і Аляксею клопатаў, але яны прыемныя, сцвярджаюць бацькі. Асабліва калі дзяліць іх на дваіх.

Месяц таму нованароджаны Арцём Казлоўскі не важыў і трох кілаграмаў, а яго рост не перавышаў 52-х сантыметраў. З добрымі вынікамі Арцёмка адзначыў месяц з дня нараджэння: цяпер ён важыць чатыры кілаграмы, ды і падрос на тры сантыметры. Калі верыць розным крыніцам, што тлумачаць значэнні імёнаў, Арцём – гэта “здаровы”. няхай так і будзе, няхай расце і крэпне хлопчык на радасць усім нам!
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, 
фота аўтара.
Комментарии (5)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев