Усім шчыра дзякуе маці Славы Студзянічніка

16 мая 2016 - Дарья Вдовина
article2443.jpg

Поўную залу ў Івацэвічах сабраў дабрачынны канцэрт, што прайшоў у рамках марафону ГА “БРСМ” “Усе фарбы жыцця для цябе”. 


Так, канцэрт, які адбыўся ў мінулую пятніцу, 13 мая, у Івацэвіцкім ГДК, адзначаны адразу дзвюма падзеямі: ён з аднаго боку, адкрыў у гэтым годзе марафон “Усе фарбы жыцця для цябе” і завяршыў Тыдзень Дабра, які праходзіў у краіне напярэдадні Міжнароднага дня сям’і.


Нагадаем, усе мы, беларускія зоркі, якія прымалі ўдзел у канцэртах, і гледачы, людзі, якія набылі білеты і прыйшлі ў залу, аб’ядналіся, каб зрабіць адну вялікую справу для нашага земляка, чатырохгадовага Славы Студзянічніка. У хлопчыка гіпаплазія лёгачных вен, прыроджаны парок сэрца. І ёсць магчымасць дапамагчы Славе, аперацыі па перасадцы сэрца і лёгкіх паспяхова праводзяць у Расіі. Пытанне было толькі ў грашовых сродках. І нашымі сумеснымі намаганнямі яно часткова вырашылася: па папярэдніх падліках, на лячэнне хлопчыка было сабрана больш за 20 мільёнаў рублёў.


Яшчэ за дзесяць хвілін да пачатку канцэрта зала была перапоўнена. Значыць адгукнуліся людзі на заклік валанцёраў і арганізатараў. Галоўнымі гасцямі тут былі, несумненна, наш герой Слава з матуляй і братам. У сваю чаргу нашы зорныя госці падарылі Івацэвічам прыгожую, шчырую песню. Шмат было сярод гледачоў школьнікаў, і як гучна віталі яны зорак, што выходзілі на сцэну. Бо многія з іх – зусім яшчэ юныя выканаўцы, а яны ўжо прайшлі школу шматлікіх музычных праектаў і конкурсаў. Сярод такіх куміраў-аднагодак гледачоў ў зале былі ўдзельніца расійскага праекта “Голас. Дзеці” Аляксандра Няхай, удзельніца і пераможца міжнародных фестываляў Эліна Матарас, пераможца фестывалю армейскай песні “Звязда” Ягор Тамэла і Ангеліна Піпер, удзельніца адборачнага тура дзіцячага конкурсу “Еўрабачанне”. Прыемна было пачуць і нашы таленты ў той вечар, на сцэну выходзіў першы сакратар РК ГА “БРСМ” Арцём Аўцынаў. “Запалілі” і юнага, і дарослага гледача вопытныя зоркі беларускай эстрады група “PROвакацыя”, дарэчы, выканаўцы падаравалі нашаму гораду прэм’еру песні “Мая Беларусь”, а заслужаная артыстка Беларусі Наталля Тамэла і ўвогуле дазволіла ўсім жадаючым падняцца на сцэну і праспяваць разам з ёй.


Пасля фінальнай песні вечара на сцэну падняўся першы сакратар абласнога камітэта ГА “БРСМ” Віктар Іваноў. Маладзёжны лідар вобласці дзякаваў Івацэвіччыне за гасціннасць.


– Хачу падзякаваць гэтаму краю за тую вялікую работу, якая была зробленая яшчэ да канцэрта, – гаварыў Віктар Сяргеевіч. – Дзякую ўсім удзельнікам працэсу за тое, што няма пустых месцаў сёння ў зале, гэта пра многае гаворыць. Ведаеце, марафон “Усе фарбы жыцця для цябе” якраз накіраваны на раскрыццё самых лепшых якасцей, уласцівых беларусу: міласэрнасці, дабраты, узаемадапамогі. Усім нам вельмі хочацца, каб у сем’ях нашых заўсёды панавалі мір і спакой. Аднак жыццё іншым разам падкідвае нам іспыты, выпрабаванні. І ў такіх выпадках важная наша здольнасць дапамагчы іншаму. У Івацэвіцкім краі яна дакладна ёсць! – адзначыў Віктар Іваноў.


Пасля маладзёжны лідар узнагародзіў падзякамі старшыню райвыканкама Анатолія Ткачука, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлану Завадскую, дырэктара Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея Раісу Горбач, Тамару Воўк, дырэктара Івацэвіцкага ГДК, галоўнага рэдактара раённай газеты “Івацэвіцкі веснік” Аляксандру Джэжору, дырэктара ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы” Алега Кузьміна, дырэктара ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы” Алега Раўчэню і першага сакратара РК ГА “БРСМ” Арцёма Аўцынава.


У сваю чаргу старшыня райвыканкама Анатолій Ткачук таксама падзякаваў гасцям за яркі канцэрт і ўвагу да праблемы нашага маленькага земляка.


– Дзякую сёння нашым паважаным гасцям, валанцёрам і зоркам беларускай эстрады, яшчэ дзякую жыхарам раёна за разуменне вялікай справы, якую ўсе мы робім для Славы Студзянічніка. Маці Славы, Людміле Віктараўне, жадаю веры, надзеі і любві… Упэўнены, у нас усё атрымаецца, і хутка ўсе мы ўбачым здаровага і шчаслівага Славу Студзянічніка.


Як уважліва сачыў за шоу на сцэне наш Слава і як моцна, беражліва прыціскала яго маці да сябе падчас канцэрта. Пасля таго, як песня сціхла ў зале, мы пагутарылі з Людмілай Студзянічнік.


– Бяда заўсёды прыходзіць у дом нечакана, да яе немагчыма падрыхтавацца, – пачала Людміла Віктараўна. – Вось і я нарадзіла чатыры гаду таму, на першы погляд, абсалютна здаровае дзіця. А пасля такая навіна, але ведаеце, сын мяне радуе. Сваёй усмешкай, сваёй дабрынёй. Думала, стаміўся падчас канцэрту, а ён вунь як бегае. І Слава дадае мне сілы змагацца, ніхто іншы. Я пабаялася выйсці сёння на сцэну і зараз, карыстаючыся выпадкам, дзякую ўсім, хто набыў гэты квіток на канцэрт. Вялікі Вам усім дзякуй і нізкі паклон ад нашай сям’і. Няхай усе людзі на зямлі будуць шчаслівыя і здаровыя. І мы абяцаем не траціць настрою і веры на выздараўленне.


Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.

Комментарии (0)
Добавить комментарий