З клопатам і любоўю да кожнага дзіцяці

22 апреля 2016 - Administrator
article2402.jpg

 “Сям’я – гэта маленькі Сусвет, стварыць дружную сям’ю не менш складана, чым напісаць кнігу, здзейсніць адкрыццё”, – такімі пранікнёнымі словамі Вольга Мазалеўская, якая з’яўляецца гаспадыняй дзіцячага дома сямейнага тыпу, агучыла агульную думку ўсіх удзельнікаў раённага конкурсу прафесійнага майстэрства “Сэрца аддаю дзецям”. Дзевяць такіх сем'яў прынялі ўдзел у конкурсе, што праводзіўся ў актавай зале СШ №3 г. Івацэвічы; мерапрыемства прадэманстравала, як весела і дружна падрастаюць у прыёмных сем’ях дзеткі, хутка навучаюцца ўсяму новаму, праяўляюць таленты. 


Давайце знаёміцца з удзельнікамі конкурсу. Гэта сем’і Абрамчук з Краёў, Гаўрылік з Івацэвічаў, Еўтух з Гошчава, Ляўчук з Югаліна, Мазалеўскіх з Івацэвічаў, Палховіч з Волькі, Светчанкавых з Даманава, Трафімовіч з Падстарыні, Ушкар з Налівак. 

Падчас першага конкурсу “Творчае прадстаўленне” журы і гледачы пазнаёміліся з відэаролікамі “Адзін дзень з жыцця сям’і”, дружныя сямейкі весела прадставілі сябе ў ходзе конкурсу “Візітка”; прадэманстраваць усе свае таленты змаглі ў тэатралізаваным прадстаўленні “Вясёлая сямейка”. Мы невыпадкова падкрэслілі, што дзеці, якія растуць у прыёмных сем’ях Івацэвіччыны, атрымалі новы імпульс для ўласнага развіцця, для раскрыцця творчых здольнасцяў. Можна з радасцю сказаць – творчымі талентамі літаральна “пырскаюць” дзеткі ў прыёмных сем’ях. Падкрэслю, што пэўная частка іх раней мела адхіленні ў развіцці, а зараз, дзякуючы бацькоўскай любві і цярпенню, яны проста расцвілі і, будзем спадзявацца, вырастуць дастойнымі грамадзянамі нашай краіны.  

Не адставалі і бацькі прыёмных дзетак. Ім падчас конкурснага задання “Рашэнне педагагічных сітуацый” прадстаяла прадэманстраваць свае розум, веды, кампетэнтнасць. А заданні былі вельмі няпростымі, але ў кожным адказе бацькоў адчувалася жыццёвая мудрасць, разважлівасць, уменне прымаць у нестандартнай сітуацыі адзінае правільнае рашэнне.

…Пераможцамі конкурсу сталі дзіцячы дом сямейнага тыпу В. В. і В. А. Мазалеўскіх і прыёмная сям’я Н. В. і У. У. Еўтухаў (на здымку), яны набралі найбольшую колькасць балаў. Пераможцы і ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі Граматы і Дыпломы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, прызы і салодкія падарункі ад спонсараў мерапрыемства – раённай арганізацыі Чырвонага крыжа і райкама ГА “БРСМ”.
Напрыканцы сустрэчы аўтар публікацыі пацікавіўся ў члена  журы, дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра Івацэвіцкага раёна Алы Хвяшчук наконт таго, якія канкрэтна намаганні накіроўваюцца на сацыяльную адаптацыю дзяцей, якія выхоўваюцца ў прыёмных сем’ях? Ці ўсё робіцца, каб у паўнагадовым узросце яны сталі дастойнымі грамадзянамі нашай краіны?      
 
– Робіцца вельмі многае. Галоўнае, што ў сям’і дзіця можа рознабакова развівацца. І калі хлопец або дзяўчына стане паўнагадовым, кожны з іх бу-
дзе мець арыенцір, каб знайсці сябе ў дарослым жыцці. У рабоце нашага цэнтра гэта ўвогуле асобны кірунак работы. На кожную прыёмную сям’ю ствараецца план, дзе прадугледжаны мерапрыемствы, каб развіццё дзіцяці ішло планамерна, няўхільна… Прыёмныя дзеці ўкараняюцца ў дарослае жыццё не горш, чым дзеці са звычайных сем’яў.
Аляксандр ГОРБАЧ (фота аўтара). 
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий