Свята новаўзведзенага храма

18 августа 2017 - Administrator
article3365.jpg

 У вёсцы Горталь сваёй царквы ніколі не было. І ўсе вернікі хадзілі і ездзілі, хто як, на царкоўныя службы за чатыры кіламетры ў Целяханскую. І таму, калі пачалі абладжваць памяшканне пад часовы храм у цэнтры аграгарадка Горталь і збіраць грошы на будаўніцтва новага, мала хто верыў, што справа дойдзе да завяршэння. Некаторыя людзі прама так і заяўлялі: навошта пачынаць будаўніцтва ў такі складаны час, хіба ж мы паздужаем? Але па міласці Божай, па гарачых малітвах і актыўных дзеяннях нераўнадушных да сваёй зямлі людзей справа пачалася і да яе завяршэння – асвячэння, лічы, застаўся адзін крок. 


Засталося абладзіць купал знутры, добраўпарадкаваць тэрыторыю і завяршыць унутранае ўбранства храма. І сёлета 9 жніўня, у дзень святкавання памяці велікамучаніка і цаліцеля Панцеляймона, у гонар якога закладзена царква ў Горталі, адбыліся, як кажуць па-народнаму, уваходзіны. Прастольнае свята новаўзведзенага храма ў гонар гэтага сапраўды ўсяміласцівага святога атрымалася ўрачыстым – Божую літургію ўзначаліў Высокапрэасвяшчэннейшы ўладыка Стэфан, архіепіскап Пінскі і Лунінецкі, і  надта шматлюдным – не ўсе змаглі ўмясціцца ў храме, былі аблеплены старымі і дзяцьмі ўсе лаўкі вакол храма і ўваходныя прыступкі. Каб уявіць, колькі было люду, забягу наперад і скажу, што падчас Хрэснага хода мужчыны з харугвамі, якія ідуць у пачатку хода, амаль упіраліся ў спіны апошніх прыхаджан – Хрэсны ход быў падобны на кола з людзей
.
Уладыку Стэфана сустракалі гортальцы хлебам і соллю, кветкамі. І гэтую ганаровую місію выконвала з матушкай стараста вёскі Горталь Валянціна Якімовіч, якая, лічы, была і застаецца “рухавіком” як ідэйна, так і дзейсна. Пад “крылом” бацюшкі і старасты шчыравалі мужчыны, але найбольш жанкі і сама стараста, набліжалі гэты доўгачаканы дзень. Знакавым стаў гэты дзень і для выхадцаў з вёскі Горталь. Нягледзячы на будні дзень, шмат іх прыехала з розных гарадоў краіны і замежжа, цэлы аўтобус гасцей быў з вёскі Соміна, былі госці і з іншых навакольных вёсак і пасёлка Целяханы. 

Саслужылі ўладыку Стэфану падчас Божай літургіі запрошаныя на ўрачыстасць госці з ліку духавенства Івацэвіцкага благачыння на чале з мітрафорным протаіерэем Грыгорыем Піліпчуком. “Подражатель сый Милостивого и исцелений благодать от него прием…” – пяецца ў святочным песнапенні ўсяміласціваму святому Панцеляймону, да якога звяртаюцца са шчырымі просьбамі і гарачымі малітвамі аб вылечванні душы і цела. Прыклад жыцця святога падае сабой важную для кожнага хрысціяніна ісціну: быць верным Хрысту да канца, сведчыць аб сіле і ісціннасці хрысціянскай веры. 

Велікамучанік і лекар Панцеляймон быў са знатнага і багатага роду, меў падтрымку самога імператара, але адрокся ад усіх зямных выгод і пайшоў за Хрыстом, стаў яго верным і ісцінным сведкам. Ён не пабаяўся ні пакут, ні катаванняў, ні смерці, а аддаў перавагу ісціннаму шляху – шляху прыбліжэння чалавека да Бога праз любоў, міласэрнасць, спачуванне да бліжняга, вылечванне немачаў душэўных і цялесных імем Госпада. Такі лейтматыў пропаведзі архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Стэфана, які падрабязна расказаў аб жыцці святога з далёкіх першых вякоў хрысціянства, які застаецца блізкім і для сённяшніх многіх вернікаў. 
Пасля заканчэння ўрачыстага богаслужэння, падчас якога прычасце Святых Божых тайн атрымалі мноства дзяцей і дарослых, адбыўся святочны малебен і хрэсны ход. Віншавалі прысутных са святам і дзякавалі сяльчанам за дапамогу ў будаўніцтве настаяцель храма айцец Мікалай, стараста вёскі Валянціна Якімовіч і іншыя госці. А пасля шчыра частавалі садавіной, цукеркамі і іншымі прысмакамі ўвесь шаноўны народ. Святы велікамучанік і лекар Панцеляймон, малі Міласцівага Бога аб нас! 
Валянціна БОБРЫК. Фота аўтара.
Комментарии (0)
Добавить комментарий