“Нас “адрэзалі” ад пляжа”

7 июня 2017 - Administrator
article3211.jpg

 У райгазету звярнуўся жыхар в. Бабровічы, ён назваў сябе Сяргеем Сямёнавічам. Вось сутнасць праблемы, якая, па словах нашага чытача, непакоіць таксама большасць жыхароў Бабровічаў. 


– На Бабровіцкім возеры арганізавана і поўным ходам вядзецца платная аматарская рыбалка. Рыбакоў прыязджае нямала, але горш за ўсё, што іх сектарам лоўлі стаў і вясковы пляж, так званы шырокі бераг, дзе заўжды збіраліся купацца і загараць жыхары Бабровічаў і які займае ўсяго 30-40 метраў берагавой лініі. Як бачыце, вяскоўцам і не трэба многа тэрыторыі для пляжа, але і такога маленькага ўчастка мы не маем, бо прыедзеш на бераг возера, на вышэйзгаданы пляж, а там рыбалка, як кажуць, вядзецца з размахам. Берагавая лінія застаўлена фідэрамі-пікерамі, закідухамі, на беразе – лежакі і раскладушкі прыезджых людзей… Нам, вяскоўцам, многа плошчы не трэба для пляжа, але на сённяшні дзень мы проста “адрэзаны” ад вадаёма, хаця гісторыя вёскі і кожнай сям’і звязана з Бабровіцкім возерам неразрыўна…

Са зваротам чытача раёнкі мы пазнаёмілі начальніка ЛПГ “Выганаўскае” Уладзіміра Загароўскага. Вось адказ кіраўніка гаспадаркі:
– З наступленнем летняга сезона мы перамесцім рыбакоў з ўчастка пад назвай шырокі бераг, які мясцовыя жыхары выкарыстоўваюць як пляж, на іншыя ўчасткі вадаёма; фідэраў-пікераў тут летам не будзе. Што тычыцца адпачынку менавіта прыезджых на шырокім беразе, то, прабачце, адпачываць у палатках ці на лежаках на беразе вадаёма можа не толькі жыхар Бабровічаў, але і любы іншы грамадзянін краіны.
 
Нагадаю, што ў адпаведнасці з распараджэннем кіраўніцтва краіны возера Бабровіцкае перададзена НП “Белавежская пушча” для вядзення прамысловага рыбалоўства і арганізацыі платнай аматарскай лоўлі, філіялам якога мы з’яўляемся. Не згодны з тым, што жыхары Бабровічаў абмежаваны: так, мясцовыя жыхары маюць 50-працэнтную скідку на аматарскую лоўлю рыбы на возеры. Паўтаруся: жыхары Бабровічаў, а не, як кажуць, кум, брат, сват, якія пражываюць у Брэсце, Пінску, Лунінцы ці ўвогуле ў другой краіне. Магчыма, мясцовыя жыхары лічаць сябе пакрыўджанымі ў выніку дзейнасці нашай гаспадаркі, але, з другога боку, не забывайце, што мы праводзім зарыбленне вадаёма, ачышчаем яго ад бруду, які пакідаюць на берагах і жыхары вёскі… Часта сутыкаемся з фактамі браканьерства, што на сумленні менавіта жыхароў Бабровічаў, здымаем сотні  метраў сетак, якія ставяць ноччу, а магчыма, і днём.  

Дарэчы, прыезджыя рыбаловы, на якіх узніклі нараканні, вядуць сябе зусім інакш. Так, прадстаўнікі клуба “Карп-фішынг”, якія рыбачаць на Бабровіцкім, дзейнічаюць у рэжыме “злавіў-выпусці”, некалькі дзён назад злавілі і выпусцілі назад у воды Бабровіцкага карпа вагой 15 кг 400 грамаў... 

Нас хвалюе і тое, што берагавая лінія Бабровіцкага возера застаўлена ледзь не сотняй лодак мясцовых жыхароў, якія амаль не эксплуатуюцца і стан якіх вельмі непрывабны – напаўзатопленыя, гнілыя. Даходзіць да абсурду: на 80-гадовую бабулю зарэгістравана 3-4 лодкі… У бліжэйшы час сумесна з сельвыканкамам правядзём абследаванне прыбярэжнай тэрыторыі, каб разабрацца з гэтымі лодкамі, многія з якіх не маюць гаспадара, а некаторыя выкарыстоўваюцца браканьерамі.

Лічу, што жыхары вёскі, хто насамрэч жадае пазагараць на беразе Бабровіцкага або парыбачыць дазволенымі вудамі-спінінгамі, не пакрыўджаны, а скардзяцца найбольш браканьеры.
Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.
Комментарии (2)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев