Ізноў пра рамонт у пад’ездах жылых дамоў

10 июля 2015 - Administrator
article1810.jpg

 Як ужо неаднаразова паведамлялася жыхарам нашага раёна (у тым ліку і на старонках раённай газеты), згодна з Пастановай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якая ўступіла ў сілу ў чэрвені 2014 года, рамонт у месцах агульнага карыстання можа быць выкананы толькі за сродкі ўласнікаў (наймальнікаў) жылога памяшкання. Паўторымся: усе рамонтныя работы ўнутры пад’ездаў фінансуюцца толькі жыльцамі. Гэтыя работы можна праводзіць самастойна, можна службай ЖКГ, а можна наняць іншую арганізацыю.


Кіраўнік нашай дзяржавы  А. Р. Лукашэнка паставіў перад жыллёва-камунальнымі службамі Беларусі задачу: да 1 студзеня 2016 года прывесці ў належны стан пад’езды і дапаможныя памяшканні жылых дамоў... На сённяшні дзень з 482 пад’ездаў жылых дамоў, якія абслугоўвае ДУВП “Івацэвіцкая ЖКГ”, рамонт патрабуецца ў больш за палову – каля 300. Запланавана ў 2015 годзе правесці рамонт у 72 пад’ездах.


З пачатку года спецыялістамі ДУВП “Івацэвіцкая ЖКГ” праведзены каля 30 сходаў з жыхарамі пад’ездаў шматкватэрных жылых дамоў, дзе “просіцца” рамонт. На жаль, мы сутыкнуліся з наступнай праблемай: многія жыхары сустракаюць “у штыкі” нашы прапановы.
Ёсць, канешне, і станоўчыя прыклады, калі жыльцы дамоў або самастойна праводзяць збор сродкаў на рамонт і праводзяць яго, або пагаджаюцца, каб правялі камунальнікі... Многія задаюць пытанні: у якую прыкладна суму абыдзецца такі рамонт для сярэдняга жыхара шмат-павярхоўкі, калі яго будуць праводзіць камунальнікі? Вось адказ: калі вы пражываеце ў шматпавярхоўцы, дзе 15 кватэр у адным пад’ездзе і дзе значныя пашкоджанні ўнутранай аддзелкі, патрабуецца аднаўленне тынкоўкі і падобнае, то рамонтныя работы абыдуцца прыкладна ў 1,5-2,0 мільёна рублёў з адной кватэры. Магчыма растэрміноўка да шасці месяцаў. Калі стан пад’езда неблагі, то сумы будуць зусім іншыя. Да прыкладу, мы правялі рамонт у двухпавярховым доме па вул. 60 год Кастрычніка – і рамонт усім жыльцам (восем кватэр) абышоўся крыху больш за 1,5 мільёна рублёў (каля 200000 рублёў з кватэры; на здымку).

Прашу жыхароў шматпавярховак з разуменнем аднесціся да нормы Пастановы Міністэрства ЖКГ, бо, як кажуць, зваротнай дарогі не будзе. Канешне, стан пад’ездаў у тым або іншым доме – розны, гэта значыць, патрабуюцца розныя капукладанні на правядзенне рамонту. Асабліва хачу заклікаць жыхароў шматпавярховак, дзе кепскі стан унутры пад’езда: не цягніце! Калі зараз на рамонт патрабуецца 18-20 мільёнаў рублёў, то ў самым хуткім часе – у два разы больш.

Дарэчы, камунальныя службы, згодна з заканадаўствам, могуць сумесна  з санітарнай службай камісійна правесці вывучэнне стану спраў у тым або іншым пад’ездзе, і калі факты антысанітарыі, моцнай пашкоджанасці пацвердзяцца, то мы можам самастойна правесці рамонт, а пасля цераз квартплату ў загадным парадку ўтрымаць сродкі, якія былі затрачаны на рамонт.
І, напрыканцы, спіс дамоў у Івацэвічах, у якіх тэрмінова патрабуецца бягучы рамонт пад’ездаў, бо іх стан вельмі кепскі: вуліцы Чарткова, д.41; Леніна, д.64; Леніна, д.49 (другі пад’езд); Леніна, д.39; Дэпутацкая, д.41/1; Клютко, 53; Леніна, д.37; Камуністычная, д.6; 60 год Кастрычніка, д.11; Савецкая, д.11; 60 год Кастрычніка, д.19. Рамонт патрабуецца і ў шэрагу іншых дамоў, у тым ліку ў шматпавярхоўках Косава, Яглевічаў, Зялёнага Бору.

Просім беражліва ставіцца да месцаў агульнага карыстання там, дзе ўжо праведзены рамонт. Шкада, што сярод нас ёсць многа людзей, якіх клапоціць стан спраў ва ўласнай кватэры, а што за парогам – мала цікавіць. Калі захоўваць парадак, то рамонт і не будзе патрабавацца, не прыйдзецца траціць грошы.
Іншыя падрабязнасці можна знайсці на сайце ДУВП “Івацэвіцкая ЖКГ” у раз-дзеле “Навіны” або патэлефанаваўшы па нумары 2-42-25.
Вячаслаў ТРУСЕВІЧ,  намеснік генеральнага дырэктара ДУВП “Івацэвіцкая ЖКГ”. 
Комментарии (0)
Добавить комментарий