Ці можна ў Івацэвічах падстрыгчы сабаку ці ката?

3 октября 2017 - Administrator
article3451.jpg

 У рэдакцыю раённай газеты звярнуўся жыхар Івацэвічаў Т. з пытаннем “Ці можна ў нашым райцэнтры падстрыгчы сабаку?” Пытанне цікавае. Шукаем адказ.

Як паведамілі “ІВ” у раённай райветстанцыі, такія паслугі ў іх не аказваюцца.

З касметычных працэдур тут можна падстрыгчы кіпцюры (прыблізная цана – 2 рублі) і пачысціць вушы (цана – да 1 рубля). Што тычыцца менавіта стрыжкі, у Івацэвіцкім раёне не зарэгістраваны спецыялісты, якія аказваюць дадзеныя паслугі.  

Ёсць цырульні для хатніх жывёл у Пінску, Баранавічах, Бярозе. Напрыклад, цырульня “Лакі”, якая знаходзіцца ў Бярозе, аказвае ўсе віды паслуг па доглядзе за сабакамі і катамі. Тут можна не толькі падстрыгчы пітомца, але і вычасаць каўтуны, састрыгчы кіпцюры, пачысціць вушы і нават зрабіць прычоску. Пасля стрыжкі можна памыць, потым высушыць яго фенам. Кошт паслуг па стрыжцы катоў і сабак – у сярэднім ад 25 да 35 рублёў у залежнасці ад памераў жывёлы. Выстрыганне ўзораў – 7 рублёў.

Канешне, пры неабходнасці людзі паедуць і ў суседнія райцэнтры, але так хочацца мець магчымасць усё зрабіць на месцы, бо чым даўжэйшая дарога, тым мацнейшы стрэс у жывёлы. І гэта варыянт для роздуму пачынаючых прадпрымальнікаў. Бо ведаю дакладна, што падчас вясенне-летняй лінькі паслугі па стрыжцы хатніх жывёл становяцца вельмі запатрабаванымі. 

Для даведкі. Як пракансультавала “ІВ” Марына Цярэшка, намеснік начальніка – начальнік упраўлення кантрольнай работы інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Івацэвіцкім раёне, паслугі па стрыжцы хатніх жывёл не падлягаюць рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніцтва. Дадзеныя паслугі можна аказваць, папярэдне звярнуўшыся ў падатковую інспекцыю з заявай і заплаціўшы адзіны падатак у суме 15,76 руб. у месяц для жыхароў Івацэвічаў і 14,64 руб. – для жыхароў вёсак, аграгарадкоў і пасёлкаў гарадскога тыпу.
Падрыхтавала Дар’я УДОВІНА.
Комментарии (0)
Добавить комментарий