Ці з’явіцца магазін на вуліцы Гамаліцкага?

21 марта 2016 - Administrator
article2316.jpg

 З такім пытаннем звярнулася ў “ІВ” жыхарка Івацэвічаў, якая пражывае на гэтай вуліцы. “Каб купіць хлеба, трэба пераадолець шлях у некалькі кіламетраў” – гаворыць яна. Можа, варта было б стварыць там гандлёвую кропку крокавай даступнасці накшталт магазінаў “Родны кут”? Такая прагучала прапанова.


Даведаліся ў аддзеле архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, што пры распрацоўцы праекта дэталёвай планіроўкі квартала “Рудзянскі” было прадугледжана месца для размяшчэння гандлёвага аб’екта ў завулку Гандлёвым. Наведваць магазін, які б месціўся на гэтым участку, было б зручна і жыхарам вуліцы Гамаліцкага. Як паведамілі ў землеўпарадкавальнай службе райвыканкама, участак прапаноўваўся з аўкцыёну, пабудаваць там гандлёвы аб’ект на роўных умовах могуць як дзяржаўныя, так і прыватныя структуры, але інвестар пакуль так і не знайшоўся. 

Прагучала пажаданне бачыць на ўчастку магазін крокавай даступнасці “Родны кут” Івацэвіцкага райста, таму за каментарыем на гэты конт звярнуліся да старшыні праўлення Івацэвіцкага райста Тамары Мікалаеўны Варабей. Яна расказала, што спажыўкааперацыя не плануе адкрываць магазін на Гамаліцкага ці ў раёне гэтай вуліцы у бліжэйшыя год-два. Па-першае, цяпер няма сродкаў, па-другое, магазіны ў прыватным сектары не даюць эканамічнага эфекту. Сапраўды, некалі разглядалася магчымасць пабудаваць такі магазін на ўчастку, які пакінуты ў мікрараёне пад гандлёвы аб’ект, але пры ўмове, што там працягнецца будаўніцтва дамоў і патэнцыяльных пакупнікоў стане больш. Выязджалі на месца з перасоўным гандлёвым павільёнам “Купава” (яго на месца дастаўляў аўтатранспарт). Выручка летам была – каля 60 тыс. рублёў у дзень. У той час, калі гарадскі магазін тыпу “Родны кут” павінен даваць не менш за 100 млн. руб. тавараабароту ў месяц. Нядаўна быў адкрыты такі магазін недалёка ад новага стадыёну, дзе яшчэ ідзе будоўля, таксама ў прыватным сектары. Пакупнікоў у ім мала, на жаль, – няма аддачы, а сродкі на будаўніцтва выдаткаваны вялікія. 

– Яно і зразумела – пенсіянераў у новых кварталах індывідуальнай забудовы мала, а людзі маладыя і сярэдняга ўзросту маюць асабісты транспарт і, едучы з работы, купляюць прадукты ў горадзе, – тлумачыць сітуацыю Т.М. Варабей. – Не стану гаварыць, што ў раёне вуліцы Гамаліцкага ніколі не з’явіцца магазін райста. Магчыма, сітуацыя палепшыцца, мікрараён будзе забудоўвацца далей, з’явяцца сродкі – тады мы зноў вернемся да абмеркавання гэтага пытання.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий