Калі насцярожвае акалічнасць...

11 марта 2016 - Administrator
article2297.jpg

 У пісьме, якое даслаў у рэдакцыю “ІВ” жыхар Івацэвічаў, падымаецца пытанне лячэння ў аддзяленні дзённага прабывання раённай бальніцы. Чытач раёнкі падкрэслівае, што з’яўленне дзённага стацыянара – ідэя добрая, зручна гэта для людзей, ёсць эканомія для бюджэту. Але насцярожвае яго адна акалічнасць, а дакладней, дзве акалічнасці.


Не падабаецца чалавеку, які карыстаецца паслугамі аддзялення, што запраўка кропельніц медпрэпаратамі ажыццяўляецца ў асобным пакоі, а не ў прысутнасці пацыента, як гэта робіцца ў Мінску (так сцвярджае аўтар пісьма). Усё ж такі хворыя купляюць нятанныя лекі і павінны быць упэўнены ў тым, што менавіта іх ім і ўводзяць. Дык як правільна рабіць гэта па інструкцыі? А другая акалічнасць – сітуацыя з прыбіральняй у тым жа дзённым стацыянары. Маўляў, пацыентаў адпраўляюць у прыбіральню ў стары будынак паліклінікі, але пасля дзвюх-трох кропельніц можна туды і не дабегчы, ды і чарга там бывае, піша чалавек. Між тым, у аддзяленні ёсць і свая прыбіральня, каля кабінета ўрача. Праўда, санітарка адказвае, што яна толькі для медперсаналу, службовая. Ці магчыма знайсці кампрамісны варыянт, каб было зручна і персаналу бальніцы, і пацыентам?

За каментарыем карэспандэнт “ІВ” звярнуўся да загадчыцы паліклінікі УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Святланы Маціеўскай. Яна патлумачыла, што згодна з санітарнымі нормамі, правіламі па выкананні санэпідрэжыму запраўка сістэмы для ўнутрывенных кропельных уліванняў ажыццяўляецца ў працэдурным кабінеце. Затым у фізраствор ці іншы раствор, які выкарыстоўваецца, уводзіцца прэпарат, і гэта дапушчальна рабіць у прысутнасці пацыента ў палаце. Надалей медыцынскія сёстры будуць цікавіцца ва ўсіх пацыентаў іх меркаваннем адносна запраўкі кропельніцы медпрэпаратамі. Калі той ці іншы пацыент пажадае пракантраляваць працэс, калі ласка – ампулу ўскрыюць у палаце ў яго прысутнасці. Размова з медыцынскімі сёстрамі аддзялення на гэты конт ужо праведзена.

Святлана Маціеўская сказала, што, напэўна, ёсць здаровы сэнс у словах чалавека, які даслаў пісьмо, але ёй самой не прыйшло б у галаву падазраваць медсясцёр у падмене лекаў. Быў прэцэдэнт у райбальніцы, калі пацыентка, не адчуўшы эфекту ад лячэння, беспадстаўна абвінаваціла медсястру ў падлогу медпрэпаратаў, а тая ад такой абразы выплакала “вядро” слёз. Выснова напрошваецца сама самой: хочаш – не давярай, але і не судзі, калі не ўпэўнены ў сваёй праваце.

А вось сітуацыя з прыбіральняй загадчыцу паліклінікі шчыра здзівіла. Бо тая самая службовая прыбіральня ў дзённым стацыянары прызначана не толькі для персаналу, але і для пацыентаў, а дакладней, пацыентак – для жанчын. У мужчын-пацыентаў ёсць свая прыбіральня – у палаце. Найхутчэй, спрацаваў чалавечы фактар. Размова з малодшым медперсаналам праведзена, непаразумення па пытанні карыстання прыбіральнямі больш узнікнуць не павінна.

Напрыканцы зазначым, што для таго, каб вырашыць падобныя пытанні, можна звярнуцца не толькі ў “ІВ”, але і да загадчыкаў аддзяленняў, адміністрацыі бальніцы. Калі прапановы слушныя, да іх абавязкова прыслухаюцца і прымуць меры.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий