Калі суседзі – людзі неспакойныя…

23 ноября 2017 - Administrator
article3549.jpg

 У райгазету звярнуўся жыхар г. п. Целяханы М. П. Абрамчук: – Мяне цікавіць, калі канкрэтна можна праводзіць рамонт у шматпавярхоўцы, а калі – не. Назавіце часовыя інтэрвалы, калі магу разлічваць на поўную цішыню. Справа ў тым, што ў гэтым сэнсе прыходзіцца многа цярпець ад суседзяў, якія рамантуюць кватэры, калі ім уздумаецца, і дзеці якіх шумяць, як мне здаецца, круглыя суткі. Ужо выклікаў участковага, цікавіўся ў прадстаўнікоў камунальных структур, але яны не могуць нічога сказаць дакладна…   


Вось які адказ мы атрымалі ад Людмілы Бобрусь, спецыяліста па рабоце з насельніцтвам ДУВП “Івацэвіцкая ЖКГ”:
– Паводле норм Жыллёвага кодэкса і "Правіл карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў", зацверджаных Пастановай Савета Міністраў №399 ад 21 мая 2013 года, жыхарам шматкватэрнага жылога дома забараняецца:
1. Парушаць пакой суседзяў з 23.00 да 7.00. Гэта перыяд абсалютнай цішыні, калі забараняецца іграць на музычных інструментах, гучна размаўляць ці спяваць, прымяняць піратэхніку, выконваць рамонтныя і бытавыя работы, грузіць мэблю, грукаць дзвярыма і інш.;
2. Займацца перабудовай ці перапланіроўкай кватэр у выхадныя ці святочныя дні. У рабочыя дні забараняецца пачынаць такія работы раней, чым у 9.00 і заканчваць пазней, чым у 19.00. 
3. Пераўстройства і перапланіроўку кватэры праводзіць самавольна; устанаўліваць антэны на дахах і фасадах дамоў;
4. Курыць, сушыць бялізну, утрымліваць дамашнюю жывёлу ў дапаможных памяшканнях;
5. Заграмаждаць тамбуры, лесвіцы, праходы (каляскамі, веласіпедамі, шафамі, кветкамі і г. д.);
6. Захоўваць небяспечныя рэчывы, смяціць, псаваць памяшканні.

Колькі слоў пра рамонтныя работы. Перапланіроўкай ці перабудовай у кватэры не лічыцца ўцяпленне сцен, устаноўка падвясных столяў, замена пакрыцця падлогі, сантэхнікі, дзвярэй ў пакоях і інш. Гэтыя работы можна выконваць і ў суботу-нядзелю, і ў святочныя дні, пры ўмове, што будуць выконвацца Правілы карыстання жылымі памяшканнямі. Не забываем пра перыяд поўнай цішыні з 23.00 да 7.00 і што падчас рамонтных работ трэба кіравацца здаровым сэнсам. Яшчэ аб узроўні шуму. Грамадзяне абавязаны захоўваць устаноўленыя для пражывання санітарна-эпідэміялагічныя і тэхнічныя патрабаванні, паводле якіх дапушчальныя і максімальныя ўзроўні шуму ў жылых памяшканнях павінны адпавядаць Санітарным нормам (п. 37 Санітарных норм, зацверджаны пастановай Міністэрствам аховы здароўя ад 20.08.2015 года №95). Пры гэтым дапушчальным узроўнем шуму з’яўляецца такі ўзровень, які не выклікае ў чалавека значнага неспакою і істотных змяненняў паказчыкаў функцыянальнага стану сістэм і аналізатараў, адчувальных да шуму (абз. 2 ч. 1 п. 4 Санітарных норм, Правіл і гігіенічных нарматываў, зацверджаных Пастановай Міністэрства аховы здароўя №115 ад 16.11.2011 года). 

Такім чынам, калі выкарыстанне, да прыкладу, інструмента (перфаратара) у любы час стварае ўзровень шуму, які перавышае санітарныя нормы, то гэта з’яўляецца парушэннем Правілаў карыстання жылымі памяшканнямі, і можа пацягнуць адміністрацыйную адказнасць у адпаведнасці з арт. 21.16 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных памяшканнях. Адміністрацыйная адказнасць – гэта штраф, які можа атрымаць той, хто не выключае перфаратар і іншыя інструменты і стварае невыносны шум.

Паважайце суседзяў! Каб не перасварыцца з імі, папярэдзьце аб тым, што збіраецеся правесці рамонт, папрасіце іх аднесціся да гэтага з разуменнем. Галоўнае тут – ветлівасць. Весці гутарку з суседзямі важна яшчэ і таму, што магчымы працяканні і засоры труб. Не забывайце, што пасля такіх работ трэба навесці парадак не толькі ў кватэры, але і ў пад’ездзе, бо пры маштабным рамонце брудна будзе і там.
– Людміла Міхайлаўна, скажыце, як часта са скаргамі на сваіх суседзяў звяртаюцца ў міліцыю ці да камунальнікаў грамадзяне?
– Найчасцей скардзяцца не на шум, які ствараюць суседзі, праводзячы рамонтныя работы (яны, як правіла, праходзяць днём), а на моцную музыку ў вячэрні і начны час. Дні нараджэння, іншыя святы… На мерапрыемства ў кватэру прыходзіць многа гасцей… Свята ў разгары, грыміць музыка; то хорам спяваюць, то танцуюць… Шум і тлум, гоман... І суседзі, якія да гэтага дня жылі спакойна, думаюць, што зараз іх дом ушчэнт “растрасуць”. Які тут можа быць сон? Пачынаюцца тэлефанаванні ў міліцыю. Падобныя факты ў апошнія тыдні фіксаваліся ў шматпавярхоўках па вул. Леніна, Шаўчэнкі, у п. Зялёны Бор. 

– Напачатку ацяпляльнага перыяду ў папярэднія гады часта рэгістраваліся затапленні суседзяў…
– Яны і ў гэтым годзе фіксаваліся… Хаця, гэта праблема стаіць востра круглы год: бывае, што ў адным месяцы пяць ці шэсць падобных фактаў рэгіструецца. Зрывае часам шлангі, якія неналежным чынам замацаваны на пральных машынах, краны таксама зрывае, у тым ліку і на радыятарах ацяплення. Нядаўна разбіраліся са скаргай, калі ў гаспадыні “працёк” халадзільнік, а ў суседзяў, якія пражываюць на паверх ніжэй, з’явілася пляма на столі... Калі няма страхавання грамадзянскай адказнасці, то гаспадары будуць кампенсаваць страты на рамонт суседзям. Гэта часам не маленькія сумы. 
Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.          
Комментарии (0)
Добавить комментарий