Калі вам “падміргваюць” лямпачкі

30 июня 2017 - Administrator
article3266.jpg

 – Пражываю ў Косаве, на вул. Садовай. Вось з якой праблемай сутыкаюся ў апошні час: мае суседзі маюць у дамашняй гаспадарцы зварачныя апараты. Не ведаю, бытавыя яны ці прамысловыя, але калі пачынае працаваць зварка ў кожнага з іх, то пачынаюць “падміргваць” лямпачкі ў нашым доме, а на экране тэлевізара – “кардыяграма”. Але як мне паўплываць на сітуацыю? Псаваць адносіны з суседзямі, сварыцца з імі няма жадання… З другога боку, прыцягнуць да адказнасці за выкарыстанне бытавых зварачных апаратаў немагчыма? Выйсце, як я разумею, новыя лініі электраперадач… Ці будзе абнаўляцца ў Косаве лінія электраперадач, каб гэтыя скачкі напружвання не так непакоілі?

Аляксей Канстанцінавіч Р., г. Косава.

Вось што на пытанне чытача “ІВ” адказвае Аляксей Папко, начальнік Івацэвіцкага РЭС:
– У адпаведнасці з Праграмай рэканструкцыі электрасетак у Беларусі ў цэлым, і ў нашым раёне, у прыватнасці, вядзецца работа па рэкан-
струкцыі і поўнай замене ліній электраперадач на новыя, сучасныя. Калі казаць канкрэтна, то ў бягучым годзе ў Івацэвіцкім раёне дадзеныя работы будуць праведзены ў в. Размеркі, у наступным годзе – у Сярадаве і Хадорках. Гэтыя работы ў нашым раёне патрабуюць паскарэння, але іх тэмпы моцна залежаць ад фінансавання, якое не дазваляе весці работы, так бы мовіць, больш шырокім фронтам. Тым не меней, магу парадаваць Аляксея Канстанцінавіча: як стала вядома ў апошні момант, прадугледжана фінансаванне і замена лініі электраперадач у Косаве па вул. Садовай; гэтыя работы будуць праведзены ў 2018-м годзе.

Згодна з дзеючымі правіламі, у быце дапускаецца выкарыстоўваць электразварачныя апараты завадскога вырабу, магутнасць якіх не перавышае ўказаную ў дагаворы на электразабеспячэнне спажыўца.  Спажыўцы, якія парушаюць гэтыя ўмовы, павінны разумець, што сваімі дзеяннямі ствараюць нязручнасці суседзям. Таксама забаронена выкарыстоўваць электрапрыборы, якія пагаршаюць параметры якасці электраэнергіі для іншых спажыўцоў. 
Не магу не звярнуць увагу на тое, як многа ў апошнія гады стала ў нас больш магутных і новых электрапрыбораў – пральныя машыны, электрашафы, мікрахвалёўкі, электрафены, электрачайнікі, электракасілкі, тыя ж зварачныя апараты... За апошнія 20 гадоў нагрузка на электрычныя сеткі павялічылася ў разы, таму паступова работы па прывядзенню электрычных сетак да сучасных патрабаванняў будуць праведзены паўсюдна.
Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий