Колькі жывёл можна трымаць у кватэры?

6 октября 2017 - Administrator
article3463.jpg
З такім пытаннем у рэдакцыю звярнулася Таццяна Г., жыхарка горада Івацэвічы. Яна распавяла, што яе суседка, пажылая жанчына, трымае ў сябе некалькі катоў, і на лесвічнай пляцоўцы з-за гэтага стаіць спецыфічны пах. Пра тое, што кажа закон пра хатніх жывёл і як правільна вырашаць праблемы, звязаныя з імі, карэспандэнт раёнкі распытаў спецыялістаў.

– Аматарам жывёл трэба мець на ўвазе: жылое памяшканне – не заапарк, – адзначае начальнік участка добраўпарадкавання і санітарнай ачысткі ДУВП “Івацэвіцкая ЖКГ” Пётр Данілевіч. – Па законе ў шматкватэрных жылых дамах у адной кватэры, дзе пражывае адзін наймальнік (уласнік), дазволена змяшчаць не больш за дзве жывёлы (1 сабака і 1 кошка, альбо два сабакі, альбо дзве кошкі). У тым выпадку, калі ўладальнікаў некалькі, дазваляюць трымаць максімум адну котку ці аднаго сабаку на сям’ю. Наконт дробных звяркоў настолькі суровых абмежаванняў няма. А вось тыя, хто жывуць ва ўласным індывідуальным катэджы, могуць трымаць у хаце і на прысядзібнай тэрыторыі колькі заўгодна сабак і катоў.
– Куды ж звяртацца, калі ваш сусед правілы ўтрымання жывёл парушае, а ўгаворы на яго не дзейнічаюць?

– Схема стандартная: у першую чаргу трэба звярнуцца ў сваю жыллёвую службу. Яе прадстаўнік агледзіць суседскую кватэру, пагаворыць з жыхаром і пры неабходнасці нават складзе адміністрацыйны пратакол. Нагадаю, што законапраект «Аб абыходжанні з жывёламі» абавязвае ўладальнікаў рэгістраваць сваіх сабак і катоў ва ўзросце трох месяцаў і старэй. Пры рэгістрацыі на кожную жывёлу гаспадару выдаецца пасведчанне і жэтон. 

Пасля рэгістрацыі ў жыроўцы з’явіцца яшчэ адзін артыкул выдаткаў: падатак на валоданне сабакам – 0,1 базавай, для патэнцыйна небяспечных відаў  – 0,25 базавай велічыні.  Ад падатку за валоданне сабакамі вызваляюцца інваліды па зроку, якія валодаюць сабакам-павадыром; ветэраны, інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны; інваліды I і II групы; непрацуючыя пенсіянеры, якія дасягнулі ўзросту, які дае права на пенсію па ўзросце на агульных падставах, якія валодаюць не больш чым адным сабакам, пры адсутнасці рэгістрацыі па месцы іх жыхарства працаздольных асоб, за выключэннем ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы, грамадзян, накіраваных на альтэрнатыўную службу, а таксама асоб, якія адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі (пры наяўнасці пацвярджальных дакументаў); якія пражываюць у аднакватэрных і блакіраваных жылых дамах, у выпадку, калі сабака не выкарыстоўваецца ў прадпрымальніцкай дзейнасці.

Калі ў вас з’явіўся новы гадаванец, ці вы пераяз-джаеце на новае месца жыхарства разам з ім, або ў выпадку смерці або перадачы жывёлы новаму ўладальніку, на працягу 10 дзён вы таксама павінны паведаміць аб гэтым у аддзел ЖКГ, які рэгіструе жывёл. 

– Што кажа закон пра ўтрыманне сабак патэнцыйна небяспечных парод у кватэры шматпавярховага дома?
– Жыхарам кватэр дазволена трымаць сабак байцоўскіх парод, але рэгістрацыя праводзіцца толькі пры наяўнасці ва ўладальніка даведкі аб праходжанні адпаведнага навучання. Уладальнікі сабак, якія ўхіляюцца ад рэгістрацыі байцоўскіх і іншых парод сабак, якія ўяўляюць небяспеку для насельніцтва, будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. 
Падрыхтавала Ганна Ільяшэвіч.
Комментарии (0)
Добавить комментарий