Малако з прыватнага падвор’я

14 августа 2015 - Administrator
article1893.jpg

 

 адказы на пытанні трэба шукаць разам

 

Праблема вызначэння тлустасці малака, якое здаюць дзяржаве вяскоўцы, час ад часу ўздымаецца на старонках раённай газеты. Вось і ў бягучым ліпені ў рэдакцыю “ІВ” прыйшло пісьмо-скарга ад Н. І. Гардзеевай, пенсіянеркі з вёскі Селец Дабромысленскага сельсавета. Сутнасць: лабарант і малаказборшчык “зразаюць малако”, зніжаюць наўмысна тлустасць, у выніку чаго жанчына-здатчык недаатрымлівае грошы.
Н. І. Гардзеева ў пісьме піша, што яе малако мае тлустасць не 3,4, а нават 4 працэнты. Але, сцвярджае, па віне лабаранта і малаказборшчыка яна сутыкаецца з прамым падманам. Як вынік, пенсіянерка недаатрымала каля 50 тысяч рублёў за дэкаду.
 

 

Чаму “танцуе” тлустасць?
Супрацоўнік “ІВ” наведаўся ў Селец, сустрэўся з зацікаўленымі людзьмі, у тым ліку з пенсіянеркай Н. І. Гардзеевай і лабарантам Дабромысленскага сельсавета Любоўю Карачун. Гарачая гутарка ў прысутнасці карэспандэнта, скажам прама, зайшла ў тупік, бо жанчына-малаказдатчык лічыць малако сваёй каровы тлустым, не меней за 3,6 працэнта, у той час як лабарант, спасылаючыся на дадзеныя са сшытка, куды заносяцца вынікі даследавання, прыводзіць канкрэтныя паказчыкі, паводле якіх тлустасць прадукту, які здае Н. І. Гардзеева, на працягу года “танцуе” даволі значна: ёсць і 3,65, і 3,55, і 3,33, і 2,93. Так, назіраўся проста такі факт: 16 красавіка тлустасць малака, якое прынята ў гэтай пенсіянеркі, склала… 2,93, на наступны дзень, калі зрабілі пераправерку, – 3,62.
 
Хто вінаваты і як так атрымалася?
…Арганізацыя збору малака ў Сельцы выклікае шмат пытанняў у жыхароў вёскі. У ходзе зваротаў, якія паступілі да аўтара гэтых радкоў, выказваліся меркаванні, што інфармацыю аб тлустасці малака варта рабіць больш даступнай. Некаторыя падкрэсліваюць: якаснымі кармамі іх каровы харчуюцца рэгулярна, а тлустасць ставяць 
толькі 3,2 працэнта… Жыхары вёскі не разумеюць, адкуль з’явіўся так званы “недавоз” малака, калі Івацэвіцкі цэх сыраробнага камбіната налічвае іншыя аб’ёмы і паказчыкі якасці, чым тыя, што налічваюцца падчас збору… Адна з жанчын раіла не браць малако ў тых, хто здае прадукт паніжанай тлустасці, бо ў выніку – падман і зніжэнне агульнага паказчыка.
 
У дзень нашага візіту ў Селец адбылася гутарка і з былым малаказборшчыкам Любоўю Бабко, якая адзначыла: праблем у гэтым пытанні хапала і раней; бывалі выпадкі, калі адмаўляліся браць малако ў таго ці іншага жыхара вёскі, бо яны бессаромна “хімічылі”...
Аўтар гэтых радкоў пагутарыў таксама з буйной малаказдатчыцай з Сельца – з Н. М. Касянік. Яны з мужам – педагогі, трымаюць некалькі кароў. Прамых фактаў падману ў размове яна не адзначыла, хаця Н. М. Касянік звяртае ўвагу: інфармацыю аб тлустасці трэба рабіць больш даступнай, вывешваць, да прыкладу, спіс у сельмагу – не так і многа тых кароў у Сельцы. Адзначым, што тлустасць малака, здадзенага Н. М. Касянік, не мае значных “шараханняў” – 3,4-3,65 працэнта на працягу года.
 
…Першы вывад па выніках нашага разбіральніцтва наступны: калектыўная адказнасць не прайшла выпрабаванне часам. Агульны кацёл – гэта не толькі прастора для, скажам прама, падману, але і для беспадстаўных абвінавачванняў, сварак і абраз. Як вынік, людзі знерваваныя, трацяць нервовыя клеткі і здароўе. Хаця, насцярожваюць факты, калі агульны аб’ём і агульная тлустасць малака ў той або іншы дзень не супадае з паказчыкамі, якія фіксуюцца ў Івацэвіцкім цэху Бярозаўскага сыраробнага камбіната. Як кампенсаваць розніцу ў лічбах? На каго ўскласці гэтую розніцу? Пытанняў вельмі шмат, давайце паспрабуем знайсці канкрэтныя адказы.
 
“Не страляйце” ў лабаранта: ён прымае малако так, як умее
Дык чаму назіраюцца такія істотныя нестыкоўкі паміж здатчыкам-сельсаветам і Івацэвіцкім цэхам ААТ “Бярозаўскі сыраробны камбінат”? Як звярнула ўвагу лабарант Любоў Карачун, малаказдатчыкам Дабромысленскага сельсавета зрэзалі каля 200 літраў за дэкаду, гэты аб’ём яна вымушана раскінуць на ўсіх малаказдатчыкаў (у тым ліку і на сябе). Давайце паслухаем кіраўніка Івацэвіцкага цэха ААТ “Бярозаўскі сыраробны камбінат” Вольгу Кавальчук, якая раскажа падрабязна пра ўзаемаадносіны прадпрыемства і яго сыравінных “донараў”:
 
– Схема супрацоўніцтва паміж нашым прадпрыемствам і здатчыкамі распрацавана даўно. Праўда, нельга сказаць, што не маем праблем: складаць акты рознагалосся прыходзіцца па некалькі разоў на месяц. Упэўнена: памылкі дапускаюць на пярвічным узроўні, у сельсаветах, а наша прадпрыемства робіць усё, каб не мець недакладнасцей у сваёй рабоце.
 
Праблемы бачу ў тым, што малаказборшчыкі на вёсках не выкарыстоўваюць малакамеры – толькі дзякуючы гэтаму прыбору можна атрымаць дакладныя аб’ёмы малака. Мераць гэты прадукт вёдрамі або трохлітровымі слоікамі – няправільны падыход да справы. Шчыльнасць у малака і вады – розныя. У халадзільніках сельсаветаў, куды пасля зліваецца малако, ёсць спецыяльныя меркі – спасылайцеся на гэты паказчык, але, прашу вас, перастаньце лічыць малако вёдрамі і слоікамі! І праводзьце паверку гэтых мерак, якія з’яўляюцца вымяральным прыборам. Праблемы, пра якія мы гаворым, характэрны для многіх сельсаветаў, падобныя разбіральніцтвы зараз праводзім з Квасевіцкім, Падстарынскім…
 
Калі па малако ў сельсавет прыходзіць спецыялізаваны аўтамабіль, то вельмі важна, каб падчас яго прыёмкі-здачы прысутнічаў лабарант, бо ёмістасць пасля пераліву апячатваецца – і прадукт дастаўляецца на наша прадпрыемства. Але, на жаль, не заўсёды ёмістасць апячатваецца, не заўсёды лабарант прысутнічае, калі адпраўляецца малако ад сельсавета.
Мы праводзім поўны аналіз малака, што паступае на прад-прыемства, прыборамі, якія павяраюцца рэгулярна, прычым з некалькіх крыніц. Перад пачаткам кожнага дня ўсе прыборы ў абавязковым парадку тэсціруюцца на пробах рэспубліканскай лабараторыі э/б “Майск”.
 
І нярэдка сутыкаемся з фактамі, калі заяўленая лабарантам тлустасць не адпавядае рэальнай. Думаю, праблема яшчэ і ў тым, што прыборы ў сельскіх саветах – не павераныя, адсюль скажэнні і спрэчныя пытанні. Праводзім праверку і на антыбіётыкі, гэта даволі дарагі аналіз (каля 100 000 рублёў), на месцах яго зрабіць немагчыма. Як ні крыўдна бывае вяскоўцу, але часам малако прыходзіцца адвозіць назад. Так, некалькі дзён назад вярнулі 627 літраў малака назад у Целяханскі сельсавет, бо адзін несумленны мясцовы жыхар сапсаваў усю партыю.
 
Параю кіраўніцтву сельскіх Саветаў, якія арганізоўваюць работу па закупу і здачы малака, выконваць гэтыя няхітрыя правілы: браць прадукт толькі малакамерам, праводзіць яго праверку на тлустасць прыборамі, якія своечасова павяраюцца, папярэджваць вяскоўцаў, што падчас лячэння каровы строга забаронена малако здаваць. Малако ў абавязковым парадку павінна быць ахалоджаным. Будзеце выконваць гэтыя нормы – спрэчных пытанняў амаль не будзе…
 
А тлустасць ёсць і 5,5 працэнта, але гэта, хутчэй, выключэнне…
Два гады назад раённая газета расказвала пра А. У. Ланца, прадпрымальніка з Падстарыні, які атрымаў ліцэнзію, плаціць падаткі і праводзіць закуп малака ад насельніцтва, дастаўляючы ў Івацэвіцкі цэх Бярозаўскага сыраробнага камбінату. На сённяшні дзень А. У. Ланец прымае да тоны малака штодзённа.
Супрацоўнік “ІВ” пагутарыў з прадпрымальнікам. Думаю, нашая гутарка будзе цікавай малаказдатчыкам раёна.
 
– Аляксей Уладзіміравіч, чаму жыхары вёсак Падстарынскага сельсавета адгукнуліся на Вашу ініцыятыву і здаюць малако менавіта Вам?
 
– Не толькі жыхары вёсак Падстарынскага сельсавета, але і Любішчыцкага, Косаўскага, Жытлінскага… Нават з Даманава людзі вазілі малако. Прычына ляжыць на паверхні: людзі хо-
чуць, каб у іх прысутнасці “бралі на тлустасць”, яны хочуць бачыць, за што ім плацяць… Зараз працую над абсталяваннем уласнага малакавоза – і планую пашырыць сыравінную зону, бо просяць людзі і з іншых сельсаветаў прыязджаць да іх. 
 
– Якую тлустасць мае малако, што Вы прымаеце?
– Самую розную. Нядаўна прывёз малако мужчына з Харошчы. Праверылі – 5,5. Я не паверыў уласным вачам. Ёсць і 4,8, 4,3… Але гэта трэба разглядаць ледзь не як выключэнне, бо нямала здаюць прадукту, тлустасць якога ніжэй за базісную. Так, адзін гаспадар прывозіць многа малака ад каровы, а тлустасць толькі 3,2 – ёсць буронкі, якія даюць многа малака, але яно “жидкое”, як яе ні кармі. Агульная тлустасць прынятай масы складае каля 3,6 працэнта (як бачыце, яна не моцна адрозніваецца ад тлустасці, якую маюць гаспадары, хто супрацоўнічае і з сельсаветамі – А. Г.).
 
– А як ажыццяўляеце разлік са здатчыкамі?
– Па ўласным жаданні здатчыка. Прапаноўваем грошы нават у дзень здачы, але людзі згаджаюцца на дэкадны метад, бо так збіраецца больш унушальная сума...
 
А як справы з тлустасцю малака ў калгасныхкароў?
Многія мае субяседнікі – хто мае прамое ці ўскоснае дачыненне да сельскай гаспадаркі – падкрэслівалі: тлустасць малака не з’яўляецца “фіксаваным” паказчыкам. Чамусьці вяскоўцы лічаць гэты паказчык нязменным. Маўляў, “…я правярала малако вясной – было 3,7 працэнта, а лабарант зараз ставіць 3,4”. Што скажа на гэты конт спецыяліст? Слова бярэ Павел Пясецкі, галоўны заатэхнік-селекцыянер упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Івацэвіцкага райвыканкама:
 
– Летам тлустасць малака падае паўсюдна, з гэтым мы сутыкаемся і ў грамадскім сектары. А калі ўмовы надвор’я складаныя – спякота, засуха – то ў гэтым, увогуле, не бачу нічога дзіўнага.
На тлустасць малака ўплываюць многія фактары, сярод якіх адзін з асноўных спадчыннасць («чырвоныя» пароды кароў, да прыкладу, даюць больш тлустае малако, чым пярэстыя). Вельмі многае залежыць ад рацыёну кармлення. Па-першае, патрэбна сена, яго адсутнасць або малая порцыя зніжае гэты паказчык. Па-другое, падчас кармлення сіласам атрымаць павышэнне тлустасці можна толькі тады, калі насычаць рацыён караняплодамі, морквай, гарбузом, кабачкамі. Макуха (жмых) і шрот (сланечнікавы і льняны) – цудоўны сродак для павышэння, а вось бацвінне буракоў зніжае тлустасць.
 
Забеспячэнне арганізма жывёлы фосфарам і кальцыем павышае і надоі, і якасць малака; важна ўводзіць у рацыён соль. Высокая тлустасць немагчыма пры дэфіцыце вітамінаў і мікраэлементаў. На гэты паказчык уплываюць і ўмовы ўтрымання: хлеў павінен быць цёплым і сухім, прагулкі каровы павінны быць актыўнымі; яна зімой павінна рухацца, а не мерзнуць.
З узростам каровы дадзены паказчык малака зніжаецца. У першыя месяцы пасля ацёлу ўтрыманне тлушчу заўсёды нізкае, пасля павышаецца, але летам, у спякотны перыяд, можа істотна знізіцца. Асабліва тлустае малако ў каровы на 7-8 месяцы цельнасці, калі ў яе зніжаюцца ўдоі перад запускам. Зімой малако заўсёды больш тлустае, чым летам, а восенню – чым вясной.
 
Нават час сутак адыгрывае сваю ролю. Раніцай удоі добрыя, але вось малако – “жидковато”. Даенне ў абед забяспечвае атрыманне самага тлустага малака, а вось вячэрняе малако больш тлустае, чым ранішняе, але менш, чым ад дзённага ўдою.
Першыя струмені малака маюць нізкую тлустасць (каля 1-го працэнта), яно “бруднае” па наяўнасці захворванняў, таму першае малако талковы гаспадар абавязкова здойвае ў асобны посуд. Пад канец дойкі тлустасць 
надзвычай высокая – да 10 працэнтаў, таму важна выдойваць карову да канца.
І яшчэ. Жывёла любіць пастаянства і ласку (нават стрэс каровы можа ўплываць на зніжэнне дадзенага паказчыка). Захаванне рэжыму, ласкавае абыходжанне, правільныя догляд і даенне таксама ўплываюць на тлустасць малака.
 
ХХХ
Ці кожны вясковец можа дакладна сказаць, колькі ў рацыёне яго карміцелькі фосфару ці кальцыю? Пытанне рытарычнае. Куды прасцей за ўсё свае праблемы зваліць на малака-
зборшчыка ці лабаранта, хаця, канешне, і ім трэба працаваць па-сучаснаму, на што і звяртае ўвагу В. М. Кавальчук. З другога боку, кіраўніцтву цэха ААТ “Бярозаўскі сыраробны камбінат” трэба больш цесна супрацоўнічаць з вяскоўцамі, право-дзіць вучобу з тымі ж лабарантамі. Канешне, малако вяскоўцаў – гэта кропля ў тым моры, што прымае ААТ “Бярозаўскі сыраробны камбінат”. Як паведаміў Уладзімір Каленік, начальнік сыравіннага аддзела прад-
прыемства, штодзённа прадпрыемства ў Бярозе і ў яго філіялах прымае каля 750 тон малака, у гэтым аб’ёме прадукт вяскоўцаў складае толькі пяць працэнтаў (32 тоны). Тым не меней, і гэтыя тоны – істотныя заробкі для вяскоўцаў, асабліва для тых, хто трымае некалькі рагуль.
 
І апошняе. Прыкра, але падчас разгляду пісьма-скаргі ад пенсіянеркі Н. І. Гардзеевай вельмі ўжо шмат даводзілася 
чуць ад вяскоўцаў скаргаў, ледзь не праклёнаў у адрас лабаранта, кіраўніцтва сельсавета. Напружвалі і аўтара гэтых радкоў: “…калі вы не разберацеся, то мы напішам вышэй!”.
 
Шаноўныя жыхары вёскі Селец! Карэспандэнт або іншая кантралюючая асоба прые-дзе і паедзе, а вам трэба разам і дружна жыць у адной адасобленай вёсцы. Няўжо немагчыма разам спакойна сесці, пагаварыць, вырашыць пытанні з тлустасцю, з паверкай прыбораў і іншыя пытанні ў “адкрытым фармаце”? Гэта значыць, выслухаць адзін аднаго, знайсці агульную мову, а не спяшацца абразіць, беспадстаўна абвінаваціць… Патрэбна больш адкрытая інфармацыя? Звяртайцеся да старшыні сельсавета, калі ёсць неабходнасць, то самастойна, дадаткова вядзіце журнал, куды можна заносіць дадзеныя па колькасці малака, па яго тлустасці. Правядзіце, у рэшце рэшт, паралельна маніторынг работы малаказборшчыка і лабаранта. Мы можам дапамагчы, але ўрэшце ніякі добры дзядзька не выра-
шыць за вас вашых праблем…
Аляксандр ГОРБАЧ.
Комментарии (1)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев