На адзін рахунак – два гаспадары

31 октября 2016 - Administrator
article2765.jpg

 – Добры дзень! Сёння, думаю, усе пераканаліся, што пластыкавыя банкаўскія карткі – гэта і зручна, і бяспечна, і менш клопату падчас дэнамінацыі. Так склалася ў нашай сям’і, што мая жонка працуе час ад часу, зарабляе не надта многа. Такім чынам, асноўныя грашовыя паступленні ў сям’ю – мая зарплата. Зрабіў у банку дадатковую картку, аддаў жонцы. Яна ёй карыстаецца, але ёсць невялікая праблема. Ёй даводзіцца здымаць наяўныя грошы ў банкамаце, каб пасля разлічвацца ў магазінах, бо нашы пільныя прадаўцы ў асобных магазінах (і тым больш – у банках) часам глядзяць на імя на картцы і адмаўляюць пасля жонцы ў разліку. Ну, такія правілы, што зробіш. Дык вось, ці можна мне займець такую картку, каб яна была на імя жонкі, але звязана з маім разліковым рахункам? Мяркую, гэта пытанне цікавіць многіх…

Валянцін Т., г. Івацэвічы.

Што ж, сапраўды, калі не здымаць адразу ўсе наяўныя грошы з рахунку (а сэнсу ў гэтым цяпер няма), дык карыстацца мужу і жонцы адным рахункам – справа зручная і зразумелая. І як нам патлумачылі ў цэнтры банкаўскіх паслуг №111 філіяла №802 ААТ “ААБ Беларусбанк”, цалкам магчымая. Так, у банку можна зрабіць картку на імя жонкі (мужа) і “прывязаць” яе да разліковага рахунку мужа (жонкі). Для гэтага ўладальнік рахунка павінен прыйсці са сваім пашпартам і пашпартам жонкі (мужа) і напісаць адпаведную заяву.

Больш за тое, такую ж картку можна зрабіць і на дзіця, пры гэтым можна самастойна абмежаваць сродкі, якія  новы ўладальнік карткі можа зняць за пэўны перыяд, і падключыць сістэму паведамленняў аб іх зняцці. Карацей, ААТ “ААБ Беларусбанк” дае самыя шырокія магчымасці – звяртайцеся.
Падрыхтаваў Валерый ГАПЕЕЎ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий