Палегчыце жыццё малаказдатчыку...

18 ноября 2015 - Administrator
article2073.jpg

 У рэдакцыю “ІВ” звярнулася жанчына, якая нарадзілася ў вёсцы Выганашчы і мае там сваякоў. Кажа, што цяпер, каб рэгулярна здаваць малако ад сваёй каровы, гаспадару трэба штомесяц правяраць яго ў лабараторыі, што ў Майску. Чаму Целяханскі сельвыканкам не збірае пробы малака цэнтралізавана ад усіх малаказдатчыкаў і не адвозіць на праверку? Старым людзям, якія трымаюць кароў, складана самастойна пераадольваць адлегласць ад Выганашчаў да Майска і назад, на грамадскім транспарце і не дабярэшся за дзень... 


Гэтае пытанне мы адрасавалі старшыні Целяханскага сельвыканкама Трафіму Дзямянчыку, які растлумачыў сітуацыю. Высветлілася, што быў выпадак, калі малаказавод вярнуў малако малаказдатчыкам вёскі Выганашчы па прычыне павышанага ўтрымання ў ім саматычных клетак і антыбіётыкаў. Пасля гэтага сельвыканкам цэнтралізавана сабраў пробы малака ад насельніцтва і праверыў іх у лабараторыі. Вынікі праверкі былі не суцяшальныя – амаль палова кароў аказаліся хворымі. На агульны сход насельніцтва ў вёску былі запрошаны прадстаўнікі ветэрынарнай службы раёна, якія далі тлумачэнні людзям наконт іх праблемы: параілі, як і чым лячыць кароў, расказалі, як хутка наступіць выздараўленне. Пакуль хворыя каровы на пройдуць лячэнне, малако ад іх не прымаецца – каб не псавалася так званае “агульнае” малако, якое ідзе на завод. Пасля сканчэння курса лячэння ўласнік жывёлы павінен самастойна адвезці пробу малака ў лабараторыю, атрымаць пратакол, прадаставіць яго малаказборшчыку. Калі жывёла здаровая, малако зноў пачынаюць прымаць. З той пары, калі прынялі такія меры, прэтэнзій ад малаказавода не паступала.

Такім чынам, аднойчы пробы малака вазілі цэнтралізавана – ад усіх кароў вёскі. Далей – слова за ўласнікам каровы. Паколькі кожны чалавек самастойна прымае рашэнне, ці пачынаць лячэнне каровы, ці не, калі яго пачынаць, як доўга яго працягваць, сабраць пробы ад усіх гаспадароў у адзін дзень будзе складана: не факт, што ўсе каровы ўжо будуць здаровыя ў той дзень. Тут кожны павінен адказваць за сябе.
Удакладнім: штомесяц ездзіць у лабараторыю ў Майск малаказдатчыкам не трэба. Пралячыў карову, праверыў малако адзін раз, яно якаснае – пакажы адпаведны пратакол і будзь спакойны. Ва ўсякім разе, да той пары, пакуль з малаказавода не паступіць прэтэнзій па якасці агульнага малака. Будуць прэтэнзіі – малако зноў правераць цэнтралізавана.

– Ёсць такія малаказдатчыкі ў Выганашчах, якія пралячылі кароў, праверылі малако і зноў здаюць яго дзяржаве, – гаворыць Трафім Дзямянчык. – Сваячка жанчыны, якая тэлефанавала ў рэдакцыю, таксама ўжо ў іх ліку. Усяго ж у Выганашчах на сёння 25 малаказдатчыкаў, з іх двое маюць па шэсць і восем кароў адпаведна, гэта нашы фермеры (усяго ж па вёсцы добра калі набярэцца галоў 40 буйной рагатай жывёлы ў насельніцтва). Прашу з разуменнем адносіцца да сітуацыі са зборам малака: мы патрабуем здаваць якаснае малако, але ж і ад нас гэтага патрабуюць. Ад таго, што малаказавод верне агульнае малако з-за адной-дзвюх хворых кароў, прайграюць усе.
Падрыхтавала  Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий