Попел можна выкарыстоўваць па-гаспадарску

12 декабря 2016 - Administrator
article2842.jpg

 ДУВП “Івацэвіцкая ЖКГ”, як вядома, шырока выкарыстоўвае на сваіх кацельнях мясцовыя віды паліва – торфабрыкет, дровы, перапрацаваныя кукурузныя пачаткі. Толькі попелу ад выкарыстання гэтых відаў паліва івацэвіцкія камунальнікі ўтылізуюць каля 180 тон штогод. І гэта не ўлічваючы філіял “Целяханскі”, дзе, дарэчы, амаль усе кацельні працуюць на мясцовых відах паліва.


У райгазету звярнуўся наш пастаянны чытач А. М. Грэчны з Івацэвічаў, які папрасіў расказаць больш падрабязна пра ўтылізацыю адходаў кацельняў і пра тое, ці ёсць якая-небудзь карысць ад попелу, што ўтвараецца ад згарання вылушчаных кукурузных пачаткаў.
– Ведаю, што попел ад дроў можна выкарыстоўваць як угнаенне, а вось карысць ад попелу торфабрыкету не такая відавочная, – гаворыць Адам Мікалаевіч. – У апошні час шмат пішуць пра выкарыстанне на кацельнях нашага раёна перапрацаваных кукурузных пачаткаў. Цікава, ці ёсць карысць попелу, што ўтвараецца пасля спальвання кукурузных пачаткаў?

Па словах Людмілы Юнчык, галоўнага агранома ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, карысць попелу, што ўтвараецца ад спальвання расліннасці ці дроў, не падвяргаецца ніякаму сумненню. Гэта сапраўды багаты мікраэлементамі від угнаення, які нясе толькі карысць, пры гэтым яшчэ і зніжае кіслотнасць глебы. Асабліва карысны попел ад бярозавых дроў, бульбянога бацвіння. І попел ад кукурузных стрыжняў тут не выключэнне, ён можа выкарыстоўвацца як угнаенне.  “У нашым раёне па дадзеным пытанні ніхто не зробіць лабараторных даследаванняў, але я і без іх вам скажу адназначна: попел ад спальвання кукурузных стрыжняў таксама карысны для раслін, як і попел ад спальвання любых іншых відаў расліннасці”.

У працяг тэмы дадам, што попел, які ўтвараецца на кацельнях, адносіцца да 3 класа небяспекі і ўтылізуецца на трох палігонах раёна – у Міхнавічах, Косаве, Целяханах. На міні-палігонах праводзіць утылізацыю попелу забаронена. Многія кацельні і ў аддаленых населеных пунктах раёна працуюць на мясцовых відах паліва, работнікі гэтых аб’ектаў збіраюць попел у кантэйнеры, якія пасля вывозяцца на бліжэйшыя палігоны.
 
Найбольш попелу ў кацельнях атрымліваецца ад спальвання торфабрыкету. Як паведамляе аўтару гэтых радкоў Тамара Андрэйчык, начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела ДУВП “Івацэвіцкая ЖКГ”, пасля выкарыстання 100 куб. м дроў утвараецца 0,34 тоны попелу, то ад 10 тон брыкету – 1,2 тоны. Ад спальвання кукурузных стрыжняў попелу ўтвараецца яшчэ менш – 0,13 тоны ад 10 тон перапрацаваных пачаткаў, а вось цеплакаларыйнасць пачаткаў на ўзроўні торфабрыкету. Канешне, торфабрыкет мае больш высокую цеплааддачу, каб выпрацаваць адну гігакалорыю, яго патрабуецца ў два разы меней, чым дроў, але ад спальвання дроў і кукурузных стрыжняў утвараецца ў разы меней попелу… Дадайце, што цана на пачаткі больш нізкая – і мы атрымліваем цудоўную эканомію…  У нашай краіне раней уздымалася пытанне, што попел, які ўтвараецца на кацельнях, можна было б выкарыстоўваць у гаспадарчых мэтах (сюжэт па гэтай праблеме нядаўна можна было ба-
чыць на канале СТБ), але пакуль далей абмеркаванняў справа з месца не зрушылася.

Дарэчы, падчас сваіх творчых камандзіровак аўтар гэтай публікацыі сутыкаўся з фактам вельмі ашчадных адносін да попелу. Так, гаспадар прыватнага дома на Быценшчыне захоўваў у вялікім сухім пластыкавым кантэйнеры ледзь не цэнтнер попелу ад спальвання дроў у сваіх печах. На маё пытанне – як будзе далей выкарыстоўваць гэты від угнанення – мужчына паведаміў, што ўвесь ён ідзе “пад бульбу”. У разору з дапамогай саўка гаспадыня роўненька высыпае попел, пасля кладзецца бульба. І расце “другі хлеб” цудоўна!
Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.          
Комментарии (0)
Добавить комментарий