Праблему ствараюць “дальнабойшчыкі”

12 сентября 2016 - Administrator
article2677.jpg

 У рэдакцыю раёнкі прыйшло калектыўнае пісьмо ад жыхароў д.53 па вул. Клютко ў Івацэвічах. Вось яго змест:

– Цяжкагрузныя аўтамабілі рэгулярна спыняюцца  на начны адпачынак, а таксама днём на прылягаючай да нашага двара тэрыторыі. Пляцоўка – не асфальтаваная, таму грузавыя аўтамабілі пастаянна буксуюць, ствараючы моцны шум. Як вынік застаюцца ямы…Сярод ночы адзін аўтапоезд выцягвае другога, шумна працуюць халадзільныя ўстаноўкі. Усё гэта парушае адпачынак жыхароў нашай шматпавярхоўкі. Тут праходзіць цяплатраса, водапровад, пакладзены газавыя трубы.


Наколькі вядома, стаянка цяжкагрузных транспартных сродкаў дазваляецца толькі ў спецыяльна адведзеных месцах…

“ІВ” на сваіх старонках раней уздымаў праблемы парковак аўтапаяздоў у Івацэвічах. Якой на сённяшні дзень бачыцца дадзеная праблема дзяржаўтаінспекцыі раёна? Слова бярэ начальнік АДАІ Івацэвіцкага РАУС Васіль Жур:


– На пляцоўку на вул. Клютко ў Івацэвічах, пра якую ідзе гутарка, я асабіста выязджаў, упэўніўся, што скарга – а яна паступіла і ў АДАІ – нарадзілася не на пустым месцы. Праблема ёсць, дарэчы, супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі Івацэвіцкага РАУС у апошнія гады ўзмацнілі барацьбу з вадзіцелямі цяжкагрузных транспартных сродкаў, які паркуюцца па-за межамі спецыяльных месцаў, для гэтага прызначаных. Тым болей, Івацэвічы – кампактны горад, і аўтапоезд, які знаходзіцца на праезнай частцы або на прыдамавой тэрыторыі, адразу кідаецца ў вочы. У выніку загрувашчанасць тэрыторыі, абмежаванне бачнасці вадзіцелямі другіх транспартных сродкаў – усё гэта стварае неспрыяльныя ўмовы і для іншых вадзіцеляў, і для пешаходаў. З пачатку года нашай Дзяржаўтаінспекцыяй прыцягнута да адказнасці 17 вадзіцеляў цяжкагрузаў, якія спынілі свой транспартны сродак па-за межамі спецыяльна адведзеных для гэтага месцаў.    


Правілы дарожнага руху недвухсэнсоўна рэгламентуюць: стаянка транспартнага сродку з тэхнічна дапусцімай агульнай масай звыш 3,5 тоны забаронена па-за межамі спецыяльна адведзеных месцаў. Вадзіцелі транзітных аўтапоездаў, якія “аблюбавалі” тую стаянку на вул. Клютко, цудоўна ведалі, што на гэтым месцы ставіць “фуру” нельга, бо адказнасць для цяжкагрузаў за такое парушэнне Правіл – узмоцненая. Калі вадзіцель звычайнага легкавіка спыніць свой транспартны сродак у забароненым месцы, то адказнасць прадугледжвае папярэджанне або штраф у памеры адной базавай велічыны, калі паўторна на працягу года – дзве базавыя велічыні. Для вадзіцеляў аўтапоездаў тут зусім іншыя лічбы: 5 і 10 базавых велічынь. 


Як сведчыць практыка, у Івацэвічах пражывае даволі многа мужчын, якія працуюць “дальнабойшчыкамі” – прычым не толькі на беларускіх прадпрыемствах, але і расійскіх, польскіх, літоўскіх. Часта гэтыя фуры не стаяць на беларускай рэгістрацыі – і вельмі цяжка ўстанавіць уласніка, вадзіцеля. Каб парушальнік не мог пазбегнуць адказнасці, заканадаўца прадугледзеў наступную норму – правядзення блакіроўкі левага пярэдняга кола. Для гэтага прымяняецца так званы “капкан” – ён, дарэчы, зусім нядаўна з’явіўся ў АДАІ Івацэвіцкага РАУС.

У Івацэвічах ёсць спецыяльная пляцоўка для цяжкагрузаў – на тэрыторыі філіяла “Рамонтны камбінат” райспажыўтаварыства па вул. Клютко. Там свае аўтамабілі дальнабоўшчыкі могуць пакідаць без усякіх праблем, як і, дарэчы, на аўтазапраўках “Белнафтахім” на алімпійцы. 

***


У АДАІ паступіў таксама калектыўны зварот жыхароў в. Стайкі, якія абураюцца, што асфальтаваная пешаходная дарожка на вул. Цэнтральная, што нядаўна абсталяваная для больш зручнага і бяспечнага перамяшчэння веласіпедыстаў і пешаходаў, выкарыстоўваецца… аўтамабілістамі. Адбываецца гэта так: жыхары вул. Цэнтральная вёскі Стайкі ставяць свой аўто каля ўласнага дома – якраз на дарожку, пешаходы і веласіпедысты вымушаны абходзіць і аб’язджаць транспартныя сродкі па праезнай частцы аўтадарогі. Лічу, што гэтая праблема грамадская, гаспадарам аўтамабіляў, жыхарам вёскі Стайкі, рэкамендую з павагай адносіцца да праблем сваіх суседзяў, землякоў, ставіць легкавік на прыдамавую тэрыторыю, каб супрацоўнікам ДАІ не прыйшлося прымаць больш кардынальныя меры…

Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.

Комментарии (0)
Добавить комментарий