Радасці і непрыемнасці капітальнага рамонту

15 августа 2017 - Administrator
article3358.jpg

 У райгазету звярнулася жыхарка п. Зялёны Бор, якая, па яе словах, пакрыўджана дзеяннямі камунальнікаў. Жанчына пражывае ў двухпавярховым доме, на другім паверсе, зрабіла някепскі рамонт у кватэры, але раптам камунальнікі папярэдзілі: у іх доме будзе капітальны рамонт, які прадугледжвае адсяленне жыхароў дома. Прычым, рамонт будзе настолькі глабальны, што нават будзе поўнасцю зняты дах дома! Пра тое, каб захаваць элементы былога рамонту не можа быць і гутаркі. Атрымліваецца, што той капітальны рамонт, якому, здаецца, трэба радавацца, насамрэч, можа прынесці адны непрыемнасці.

Супрацоўнік “ІВ” за тлумачэннямі звярнуўся да намесніка генеральнага дырэктара ДУВП “Івацэвіцкая ЖКГ” Уладзіміра Бурдзя. Адказ, будзем спадзявацца, зацікавіць і нашу чытачку, і многіх іншых жыхароў раёна.
– Мы добра ведаем пра гэтую скаргу, бо яна паступіла ў некалькі інстанцый, ужо выязджалі на месца, да жанчыны, гутарылі, тлумачылі і, здаецца, змаглі пераканаць, што рамонт усе ж такі прынясе ёй толькі станоўчыя эмоцыі.

Па-першае, уся ўнутраная аддзелка кожнай кватэры дома №1 па вул. Цэнтральная п. Зялёны Бор зафіксавана (праведзена фатаграфаванне, складзены акт) – і пасля таго, як закончым рамонт у гэтым доме, то мы ў абавязковым парадку, выкарыстоўваючы тыя ж матэрыялы, што былі ў кватэрах, вернем “парадак на месца”. Для гэтага і выкарыстоўваецца фотафіксацыя падчас правядзення капітальных рамонтаў і складаюцца акты. Тым болей, што ўнутраны рамонт у кватэры, пра якую ідзе гутарка, зроблены з выкарыстаннем звычайных матэрыялаў, якія набыць не складае ніякай праблемы.

Па-другое, жыхары дома, як любога іншага, пабудаванага ўжо даўно, павінны разумець: дзеянні камунальнікаў у гэтай сітуацыі строга рэгламентаваны. Капітальны рамонт пачынаецца з абследавання дома, якое праводзіцца спецыялістамі адпаведных устаноў, што маюць ліцэнзію на правядзенне падобных работ, і яны потым даюць заключэнне. Без гэтага самага заключэння мы нават не можам пачаць выраб праектна-каштарыснай дакументацыі. пасля праходзім дзяржаўную экспертызу. Жыхары дома №1 па вул. Цэнтральная п. Зялёны Бор лёгка могуць зрабіць вывад: глабальнасць рамонту залежыць ад таго, наколькі праблемным бачыцца той або іншы дом спецыялістам. А дом №1 па вул. Цэнтральная – праблемны, гэта значыць, трэба правесці поўнае адсяленне жыхароў, поўны вываз мэблі, каб ніхто падчас рамонту не пацярпеў.

– Уладзімір Міхайлавіч, усе ж такі цяжкасці жыхароў дома на Цэнтральнай чакаюць, бо мэблю трэба вывезці, шукаць жыллё трэба…
– Усе гэтыя работы ў дадзенай сітуацыі выконваюць камунальнікі... Але давайце па парадку. Калі падрыхтаваны дакументы, мы арганізоўваем і праводзім сход жыхароў, кожнаму гаспадару кватэры выдаём дамовы, дзе ўказаны пералік работ, што будуць праведзены ў гэтым доме пры капітальным рамонце. Звычайна гэта капітальны рамонт даху, замена ўсіх сетак месцаў агульнага карыстання (тычыцца сістэмы водазабеспячэння, каналізацыі, ліўнёўкі, шчыткі электразабеспячэння, вокны ў месцах агульнага карыстання). 

– Тады скажыце, ці часта камунальнікам даводзіцца праводзіць капітальныя рамонты, што патрабуе праводзіць адсяленне жыхароў?     
– Адзін-два разы ў пяць гадоў. У выпадку з домам №1 па вул. Цэнтральная Зялёнага Бора трэба ўлічваць, што перакрыццё паміж паверхамі – драўлянае, бэлькі – загнілі. Такім чынам, небяспечна пражываць у такім доме, таму камісія прыняла рашэнне правесці капітальны рамонт з адсяленнем. Дарэчы, Жыллёвы кодэкс недвухсэнсоўна рэгламентуе, што жыхары такіх дамоў абавязаны прадаставіць доступ для правядзення такога вось капітальнага рамонту і пры неабходнасці выселіцца.

– Але куды выселіцца? На вуліцу?
– Камунальнікамі ў кожным канкрэтным выпадку прапаноўваецца і прадстаўляецца жыллё. У дадзеным выпадку мы кожнаму жыхару гэтага 16-кватэрнага дома ў Зялёным Бару прапанавалі пераехаць у кватэры былога ваеннага гарадка Волька – у добраўпарадкаваныя кватэры, а мэблю мы перавезлі сваімі сіламі ў лазню п. Зялёны Бор, дзе яна будзе знаходзіцца да заканчэння рамонту. Усе затраты па перавозцы людзей і маёмасці камунальнікі бяруць на сябе. Пасля заканчэння ўсіх рамонтных работ аднаўляем парадак у кватэрах у тым выглядзе, якім быў, перавозім мэблю, дапамагаем пераехаць гаспадарам. Як бачыце, комплекс паслуг з нашага боку самы шырокі. 

– І апошняе пытанне. Ці многа ў нас такіх дамоў, дзе трэба чакаць капітальнага рамонту з адсяленнем?
– На жаль, такія ёсць. Канчатковае рашэнне ў падобных выпадках прымае, як я гаварыў ужо вышэй, камісія, але, маючы дастатковы вопыт, скажу адназначна, што адсяляць прыйдзецца і жыхароў некаторых іншых шматпавярховак не толькі Зялёнага Бора. Паведамлю, што ў бягучым годзе пройдуць капітальныя рамонты дахаў на дамах №50 па вул. Леніна, №13 па вул. 60 год Кастрычніка ў Івацэвічах, пройдуць падобныя работы ў Квасевічах, Косаве. Капітальны рамонт – гэта нястрашна, куды больш страшна жыць у амаль што аварыйным доме і адмаўляцца пакінуць яго на не самы доўгі перыяд.  
Гутарыў Аляксандр ГОРБАЧ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий