Шлях да пашы павялічыўся…

29 апреля 2015 - Дарья Вдовина
article1676.jpg

Жыхарка Выганашчаў  А. П. (прозвішча і падрабязны адрас ёсць у рэдакцыі), якая тэлефанавала ў райгазету, была вельмі ўсхваляванай:


– Мы, жыхары Выганашчаў, пасвім уласных кароў на ўчастку, які знаходзіцца на левым баку Агінскага канала. Гэты вялікі ўчастак пашы выкарыстоўваецца даўно; месца, у цэлым, задавальняе жыхароў вёскі з ліку тых, хто трымае карову, але нечакана ўзнікла праблема з прагонам скаціны.


Патлумачу: заўжды каровы пасля аб’яднання ў гурт ішлі па дарозе ўздоўж канала, пасля паварочвалі на пашу. Але ў бягучым годзе высветлілася: гэта “няправільны” шлях, бо ідзе ўздоўж канала і дамоў людскіх. Атрымліваецца, дзясяткі гадоў каровы ішлі правільна, а зараз – не. Трэба “рабіць круг”, але каровы ведаюць толькі адну дарогу. У выніку сёння, калі ў першы раз выгналі жывёлу, прыйшлося пахвалявацца і пабегаць усім. Сярод уласнікаў кароў многа пажылых людзей; чаму ствараюцца праблемы, якія падштурхоўваць вяскоўца збываць жывёлу? Бо гнаць прыходзіцца на кіламетры далей; асабліва незадаволеныя тыя, хто жыве ў другім канцы вёскі…
Праблема, якую ўзнімае жыхарка Выганашчаў, добра знаёмая кіраўніцтву Целяханскага сельвыканкама. Пытанне карэспандэнта “ІВ” не застала знянацку старшыню сельвыканкама Трафіма Дзямянчыка:


– Да вырашэння гэтай праблемы мы падыходзілі, як кажуць, з самых розных бакоў, але выйсце бачыцца такім, якое сталі выкарыстоўваць у бягучым годзе. Карацей, згодна з нормамі Воднага кодэксу (арт. 77) прагон і выпас скаціны ў прыбярэжнай паласе (бліжэй за 50 метраў ад урэзу вады) забаронены. А менавіта так, з парушэннем, праводзіўся прагон скаціны раней. На гэта звярнула ўвагу жыхарка Выганашчаў, дом якой, дарэчы, знаходзіцца каля Агінскага канала і якая пражывае ў вёсцы ў летні перыяд.


Гэтыя змены не парадавалі жыхароў Выганашчаў, хто трымае карову, але Закон для таго і напісаны, каб яго выконвалі. Знойдзена ў некаторай ступені кампраміснае рашэнне: непадалёку (у кірунку пашы) знаходзіцца пустка, прачысціўшы кустоўе на якім можна “выйсці” на пашу. Выганашчанцы ўжо зрабілі гэтую работу, шлях скараціўся значна.


Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.
 

Комментарии (0)
Добавить комментарий