Стратная “эканоміка” вясковых лазняў

11 октября 2016 -
article2731.jpg

 Жыхар вёскі Воля звярнуўся ў рэдакцыю “ІВ” з пытаннем: “Чаму ў Волі раней лазня працавала раз у тыдзень, а цяпер толькі два разы ў месяц і цана наведвання лазні вырасла з 1 руб. 40 кап. да 3 руб. 99 кап.?” Аўтар звароту выказаў шкадаванне, што графік работы вясковай лазні зменены, бо яна заўсёды была вельмі папулярная ў жыхароў вёскі і ездзілі сюды многія жыхары Івацэвічаў…


З гэтым актуальным пытаннем мы звярнуліся да Людмілы Ільянковай, намесніка генеральнага дырэктара ДУВП “Івацэвіцкая ЖКГ”, якая дала наступны адказ: “На балансе прадпрыемства ДУВП “Івацэвіцкая ЖКГ” знаходзіцца 31 лазня, у тым ліку ў сельскай мясцовасці – 27 лазняў. У сувязі з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 студзеня 2016 года №8 “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2014 г. №35” з пераліку сацыяльна-значымых тавараў (паслуг), цэны (тарыфы) на якія рэгулююцца аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам, паслугі агульных аддзяленняў лазняў і душавых выключаны. У сувязі са зняццем фінансавання на пакрыццё расходаў утрымання лазняў на прадпрыемстве з 15.04.2016 г. устаноўлены тарыфы на паслугі агульных аддзяленняў лазняў у памеры 3 руб. 99 кап.

Указаныя тарыфы ўзгоднены з Івацэвіцкім раённым выканаўчым камітэтам і БАУП “Упраўленне ЖКГ” і не перавышаюць прынятых на пасяджэнні Камісіі па пытаннях цэнаўтварэння пры абласным выканаўчым камітэце пратаколам ад 04.02.2016 г. №2-КВЦ.
За студзень-жнівень 2016 года страта па дадзенай галіне склала 118,1 тыс. рублёў, сабекошт памыўкі – 8 руб. 32 кап.
З мэтай зніжэння затрат на аказанне паслуг лазняў аптымізаваны іх  рэжым работы, зроблена скарачэнне працягласці і перыядычнасці работы лазняў з улікам наведвальнасці. Неэфектыўна выкарыстоўваемыя лазні закрыты і ў далейшым будуць выстаўлены на продаж ці здадзены ў арэнду.
За студзень-ліпень сёлетняга года лазняй в.Воля было аказана насельніцтву 699 памывак, сабекошт памыўкі склаў 9 руб. 58 кап. У сувязі з аптымізацыяй  рэжыма працы і з мэтай зніжэння затрат па лазні в.Воля з 17 жніўня перагледжаны рэжым працы: 2-я і 4-я субота месяца. Сабекошт памыўкі за студзень-жнівень 2016 года склаў 9 руб. 37 кап.”
Падрыхтавала Валянціна БОБРЫК
Комментарии (0)
Добавить комментарий