Тонкасці атрымання страхоўкі:

30 августа 2016 - Administrator
article2654.jpg

 калі яе выплацяць і не ўласніку застрахаванага дома


У “ІВ” звярнуўся жыхар в. Краі з цікавым пытаннем. Яго бацька памёр у 1997 годзе, пакінуў пасля сябе хату. Сын дом на сябе не аформіў і ўласнікам яго не з’яўляецца (удакладняў у сельвыканкаме), але ад яго патрабуюць штогод афармляць абавязковую страхоўку на дом. А калі раптам наступіць страхавы выпадак, скажам, падчас навальніцы раскрые дах, ці  выплаціць Белдзяржстрах грошы за нанесены ўрон дому, які нікому не належыць?

Як растлумачылі карэспандэнту “ІВ” у прадстаўніцтве Белдзяржстраху па Івацэвіцкім раёне, наш чытач атрымае выплаты па страхоўцы, калі ўзнікне такая неабходнасць. Згодна з дакументамі, якімі кіруюцца спецыялісты Белдзяржстраху, калі ўласнік прыватнага дома памёр да 8 мая 2003 года,  а на момант смерці з ім пражываў і вёў сумесную гаспадарку яшчэ адзін член сям’і, то для Белдзяржстраху ён і з’яўляецца ўласнікам дома  і павінен плаціць абавязковую страхоўку. Калі ж уласнік памёр пасля 8 мая 2003 года, то яго спадчыннікі могуць звяртацца, а могуць і не звяртацца за налічэннем страхавых узносаў пры выкананні шэрагу ўмоў. Згодна з пунктам 103 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №530 ад 25.08.2006 года (са змяненнямі і дапаўненнямі ад 14.04.2014 №165), у выпадку смерці ўласніка будынка страхавальнікамі да рэгістрацыі права ўласнасці на будынак у БТІ з’яўляюцца яго нашчадкі, якія прынялі спадчыну шляхам уступлення ў валоданне. Каб рабіць страхавыя ўзносы за будынак, нашчадкам трэба звярнуцца ў Белдзяржстрах з заявай аб іх налічэнні і прадаставіць копію пасведчання аб праве на спадчыну. Калі нашчадкі не звярнуліся з такой заявай у Белдзяржстрах, і будынак, які атрыманы ў спадчыну, не аформлены ў БТІ, то страхавыя ўзносы не налічваюцца і пры наступленні страхавога выпадку выплат не будзе. Калі яны аформілі будынак у БТІ і ён выкарыстоўваецца для пастаяннага пражывання, то гэта ўжо падстава для налічэння страхавых узносаў. 

Такім чынам наш заяўнік абавязаны плаціць страхавыя ўзносы, бо былы ўласнік – яго бацька – памёр да 8 мая 2003 года. У Белдзяржстраху маюцца звесткі пра тое, што на момант смерці ўласніка заяўнік пражываў разам з ім. Для атрымання выплат па страхоўцы яму дастаткова накіраваць у Белдзяржстрах заяву аб выплаце страхавога пакрыцця. 

Кіраўнік спраў Рэчкаўскага сельвыканкама Аляксей Арцюх  патлумачыў “ІВ”, што наш заяўнік пражывае ў доме, які некалі быў бацькавым, і зарэгістраваны па месцы жыхарства. Ён адзіны спадчыннік гэтай хаты і ўступіў у правы спадчыны. Ён гаспадар хаты, але не ўласнік па нарматыўных дакументах, якімі кіруецца сельвыканкам, бо не аформіў у БТІ дакументы на дом і ўчастак. Законы  часта дапаўняюцца, карэктуюцца. Калі, напрыклад, гаспадар дома памёр бы да 1994 года, то яго сын стаў бы новым уласнікам без афармлення дакументаў на хату – тады ўласнікі назначаліся сельвыканкамамі (але згодна з унесенымі зменамі ў Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 3.03.1994 года скасаваны раздзел “Уласнасць калгаснага двара”, змены ўступілі ў сілу 14.03.1994 года). А тыя людзі, што, лічы, аўтаматычна сталі ўласнікамі і былі занесены ў гаспадарчую кнігу да 19 сакавіка 1985 года, увогуле маюць права дарыць і прадаваць атрыманую маёмасць без усякіх дакументаў на яе (і дораць – два такіх выпадкі былі ў Рэчкаўскім сельвыканкаме ў апошні час). 
Падрыхтавала Вольга ШЭЛЯГОВІЧ
Комментарии (0)
Добавить комментарий