Усе дарогі вядуць да ўчастковага ўрача

24 августа 2015 -
article1908.jpg

 У райгазету звярнулася пенсіянерка з Івацэвічаў Алена Рыгораўна Т., якая пасля наведвання райбальніцы была здзіўлена тым, што выдаць талон да профільнага ўрача – неўрапатолага – ёй адмовілі, накіраваўшы да ўчастковага ўрача-тэрапеўта. “Не магу зразумець: я заўжды са сваім захворваннем хадзіла напрамую да неў-

рапатолага, зараз мяне прымушаюць “рабіць круг”. Навошта ўкараняюць гэтыя змены?”


Супрацоўнік  “ІВ” звярнуўся да Святланы Маціеўскай, загадчыцы паліклінікі УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” з просьбай растлумачыць тое, чаму да профільнага ўрача цяпер стала цяжэй дабрацца.

– Пачну здалёк: задача нашай сістэмы аховы здароўя – зрабіць так, каб у кожнага пацыента быў свой “сямейны док-

тар”. Што я маю на ўвазе? На сённяшні дзень мы маем не зусім правільную практыку, калі да “вузкага” спецыяліста пацыент мае магчымасць ісці напрамую. 


Як гэта звычайна адбываецца? Сярэдні жыхар, напрыклад, Івацэвічаў, адчуваючы нейкае недамаганне, ставіць сабе дыягназ сам і накіроўваецца ў рэгістратуру ЦРБ, каб узяць талон да таго ўрача, які, як ён сам упэўнены, яму “падыходзіць”. У выніку мы вельмі часта сутыкаемся з тым, што да “вузкіх” спецыялістаў прыходзяць “выпадковыя” хворыя, а сам урач пасля не можа зразумець: чаго гэты пацыент прыходзіў менавіта да яго? Напрыклад, баляць у чалавека суставы – ён бярэ талон да траўматолага, хаця яму не траўматолаг патрэбен. А які канкрэтна ўрач патрэбен? Гэта яму дакладна скажа яго непасрэдны ўчастковы ўрач-тэрапеўт, да яго трэба спачатку прыйсці, расказаць пра стан здароўя; менавіта ён будзе каардынаваць маршрут руху пацыента па паліклініцы.


Гэтая практыка, як плануе Міністэрства аховы здароўя, атрымае яшчэ больш шырокае прымяненне. У ідэале наведванне пацыентам паліклінікі павінна адбывацца па наступнай схеме: пацыент – участковы ўрач – вузкі спецыяліст – зноў участковы ўрач. Бо, здараецца, “вузкі” спецыяліст выпісвае рэцэпты і лекі, якія не зусім “упісваюцца”, не спалучаюцца з іншымі захворваннямі; у такім выпадку ўчастковы ўрач можа даць канчатковае заключэнне, распісаць план лячэння і адсочваць, як яно ідзе.


Вышэйзгаданая практыка атрымлівае распаўсюджванне па ўсёй сістэме ўстаноў аховы здароўя. Як запланавана, да 2017 года па такой схеме будуць наведвацца ўсе “вузкія” спецыялісты. Мы не можам дазволіць сабе адставаць ад патрабаванняў часу, тым болей, кіраўніцтва ў Брэсце звярнула нашу ўвагу, што ў Івацэвіцкай ЦРБ недастаткова праводзіцца фарміраванне патокаў пацыентаў. Як вынік, Івацэвіцкая ЦРБ мае высокую наведвальнасць паліклінікі. Калі зрабіць работу медыкаў і рух пацыентаў больш сістэмнымі, то наведвальнасць знізіцца, а здароўе людзей – палепшыцца, бо кожны пацыент стане больш блізкім для свайго ўчастковага ўрача-тэрапеўта. 

Аляксандр ГОРБАЧ.   

 

Комментарии (1)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев