Выгульвайце сабак у вызначаных месцах!

2 июня 2016 - Administrator
article2480.jpg

У райгазету звярнуўся жыхар Івацэвічаў М.; ён звярнуў увагу, што ў апошні час значна пабольшала колькасць людзей, якія трымаюць у дамах і кватэрах сабак. Гэта з аднаго боку добра, але непакоіць, што гаспадары са сваімі любімцамі гуляюць “па ўласнай праграме”. Так, каля дома №6а па вул. Камуністычнай, дзе пражывае М., утварыўся невялічкі лужок – дык сабак чамусьці выгульваюць менавіта там.

– На той пляцоўцы адзін сабака ледзь не ўкусіў маю жонку, – абураецца М.. – Наколькі ведаю, ёсць устаноўленыя месцы ў Івацэвічах для выгулу сабак – можа трэба яшчэ раз нагадаць жыхарам райцэнтра? Мой сусед мае сабаку, але паступае годна: садзіць сабаку ў аўтамабіль, яны едуць недзе за горад, дзе сабака можа добра набегацца, а вось іншыя проста выводзяць “за вугал”.

 

Вось што адказвае на зварот чытача Пётр Данілевіч, начальнік участка добраўпарадкавання ДУВП “Івацэвіцкая ЖКГ”.

– Рашэннем раённай улады вызначаны тры месцы ў райцэнтры, дзе дазволена выгульваць сабак. Гэта лужок каля вул. Дэпутацкай (уздоўж Безымяннага канала), каля вул. Механізатараў (насупраць прафліцэя), па вул. 60 год Кастрычніка (непадалёку ад спіртзавода). Згодзен, што праблема стаіць востра, бо ў апошні час многія нашы грамадзяне сталі больш трымаць дамашніх жывёл, асабліва сабак дэкаратыўных парод, але забываюць, што ўходжванне за імі патрабуе выканання адпаведных правілаў... Такім чынам, сабака не можа выгульвацца без намордніка (акрамя дэкаратыўных парод, якія маюць рост да 25 см) і без павадка вызначанага памеру. Набываць сабаку байцоўскіх парод можна толькі ў тым выпадку, калі патэнцыяльны гаспадар прайшоў спецыяльныя курсы навучання. “Правілы ўтрымання дамашніх сабак і кошак” рэгламентуюць: дазваляецца мець у асобнай кватэры, якую займае адна сям’я, не болей за двух жывёл.

 

Да слоў Пятра Данілевіча варта дадаць, што ў бягучым годзе камунальнікі раёна накіравалі некалькі дзясяткаў прадпісанняў жыхароў Івацэвічаў і раёна, каб не забывалі зарэгістраваць свайго чатырохногага сябра. На жаль, многія не рэагуюць на заклікі работнікаў ЖКГ.

Для даведкі: за мінулы год, як паведамілі “ІВ” у раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, 128 жыхароў раёна пацярпелі ад укусаў жывёл – найперш сабак, але разам з тым людзі цярпелі ад укусаў катоў, ліс і нават каня і пацукоў. У бягучым годзе 56 чалавек ужо былі ўкушаны, большасць, зноў-такі, пацярпелі ад сабак, прыкладна кожны трэці – ад бадзяжных сабак… Праблема бадзяжных сабак – гэта наша агульная праблема.

Аляксандр ГОРБАЧ.

Комментарии (0)
Добавить комментарий