Эксперыментальны маршрут - яшчэ на два месяцы

10 июля 2017 - Administrator
article3281.jpg

 Напрыканцы чэрвеня ў Гошчаўскім СДК прайшоў сход грамадзян, жыхароў аграгарадка, якія сустракаліся з прадстаўнікамі філіяла “Аўтамабільны парк №14 г. Івацэвічы” ААТ “Брэстаблаўтатранс”. Удзел у мерапрыемстве бралі старшыня Стайкаўскага сельсавета М. І. Басалай, начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама М. М. Шопік. Асноўная тэма сходу – вырашэнне праблемы, якая тычыцца эксперыментальнага маршрута, што быў адкрыты аўтапаркам №14, “Івацэвічы-Гошчава”. 

 

З гісторыі пытання. Жыхары аграгарадка Гошчава раней выказвалі незадаволенасць транспартным забеспячэннем – тым, што ў іх населены пункт маршрутны транспарт – аўтобусы аўтапарка №14 – прыходзіць толькі раніцай і вечарам. Гэта нязручна, бо калі раніцай па якой-небудзь патрэбе жыхар вёскі накіруецца ў райцэнтр, то прыехаць дамоў можна толькі вечарам… Адсюль просьба: ці можна зрабіць так, каб хаця б адзін раз у тыдзень аўтобус з Івацэвічаў адпраўляўся ў Гошчава днём?
 
Пытанне зразумелае і, на першы погляд, яго вырашыць няцяжка, тым болей, адлегласць ад Івацэвічаў да Гошчава не самая вялікая – каля 7 кіламетраў. Але ёсць некалькі але…
Адзін з асноўных аргументаў “супраць” ад кіраўніцтва “Аўтамабільны парк №14 г. Івацэвічы”: дзяржаўны сацыяльны стандарт у забеспячэнні пасажырскім транспартам  жыхароў Гошчава выконваецца. І выконваецца на 238 працэнтаў. Паводле  патрабаванняў норм сацыяльнага стандарту цераз Гошчава павінна праходзіць не меней за 16 маршрутаў у тыдзень, а праходзіць 38. У той жа час, падчас праведзенай сумеснай калегіі Камітэта дзяржкантролю Беларусі і Генеральнай пракуратуры Беларусі звернута ўвага на тое, што адным з істотных рэзерваў па зніжэнні страт пры выкананні гарадскіх і прыгарадных маршрутаў з’яўляецца аптымізацыя маршрутнай сеткі, бо перавышэнне дзяржаўных стандартаў ва ўмовах стратнасці з’яўляецца неапраўданым. У гэтым сэнсе на прыкладзе Гошчава і так назіраецца значнае перавышэнне па забеспячэнні транспартам. Як варыянт, разглядалася магчымасць “размену”: адмяніць адзін з маршрутаў вечарам і адкрыць – днём. Але жыхары аграгарадка катэгарычна “супраць”, хаця ўвядзенне дзённага маршрута ідзе ў разрэз з вышэйзгаданымі патрабаваннямі Дзяржкантролю і Генеральнай пракуратуры, бо выкананне дзяржстандарту вырастае ў такім выпадку амаль да 250 працэнтаў. 
 
З 22 красавіка да 22 чэрвеня быў “запушчаны” эксперыментальны маршрут “Івацэвічы-Гошчава”; аўтобус адпраўляўся з Івацэвічаў у 13.00. Мэта – вывучыць, наколькі гэты маршрут будзе запатрабаваны. На вышэйзгаданым сходзе ў Гошчаўскім СДК былі агучаны фінансавыя паказчыкі за два месяцы эксперыменту: даходы – 173,1 руб, расходы – 304,8 руб, рэнтабельнасць мінус 43,2 працэнта. Такім чынам, даходы ад перавозкі пасажыраў падчас абслугоўвання дадзенага маршрута не пакрываюць расходы.
 
Падчас сходу прысутныя (на мерапрыемства прыйшло каля 20 чалавек) катэгарычна выказалі незадавальненне тым, што прадстаўнікі аўтамабільнага парка №14 плануюць прыпыніць дзеянне эксперыментальнага маршрута. Прапанова прадстаўнікоў аўтапарка №14 – “зняць” адзін з вячэрніх маршрутаў і пакінуць гэты дзённы маршрут адпраўленнем у 13.00 – таксама не сустрэла адабрэння. Рашэнне сходу – працягнуць тэрмін эксперыменту яшчэ на 2 месяцы – да 31 жніўня. Калі маршрут будзе запатрабаваны і рэнтабельны, то ён застанецца, калі стратным, то эксперымент будзе спынены. 
Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий