Заказ талонаў праз інтэрнэт – у пытаннях і адказах

18 декабря 2015 - Administrator
article2138.jpg

 Папулярнай паслугай стаў заказ талонаў да ўрачоў Івацэвіцкай паліклінікі праз сайт talon.by. Апошнім часам усё больш маіх знаёмых і сваякоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад карыстання новым відам паслугі. Зручна, проста, хутка – чула я ад іх. Але ўзнікаюць і пытанні. І адказваць на іх у гэтым артыкуле будзе загадчыца паліклінікі УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Святлана Маціеўская.


 Пытанне №1: Ці патрэбна падыходзіць у рэгістратуру за талонам, калі загадзя заказаў яго праз інтэрнэт?
– Калі вы пройдзеце ўсе крокі заказу талона на сайце, то ўбачыце на маніторы дакумент, які можна раздрукаваць і які вельмі падобны на талон. Але гэта не талон, а “напаміналка” – выдаецца для таго, каб напомніць вам час прыёму доктара. Над дакументам на сайце вы прачытаеце інфармацыю пра тое, што талон трэба будзе атрымаць у рэгістратуры, наведаўшыся туды мінімум за 15 мінут да назначанага вам часу. Але мы ўкараняем наступную практыку: калі вы дакладна ведаеце, што ваша медыцынская картка захоўваецца ў паліклініцы, то можаце са сваёй “напаміналкай” ісці адразу да кабінета ўрача. І картка, і ваш талон разам з ёй ужо будуць у яго. Калі нейкім чынам картка аказалася ў вас на руках (а гэтага па законе быць не павінна, але здараецца), то бярыце яе, “напаміналку” і накіроўвайцеся ў рэгістратуру за талонам.

Пытанне №2: Што рабіць, калі мяне няма ў электроннай картатэцы?
– Патэлефанаваць у рэгістратуру і паведаміць пра гэта – вашы даныя ўнясуць у базу альбо выправяць старыя даныя. Магчыма, вы ёсць у картатэцы, але пад іншым, дзявочым, прозвішчам, альбо некалі вы былі прапісаны па іншым адрасе. Тэлефоны для даведак: 9-32-69, 9-13-73, 2-53-53, 9-13-67.

Пытанне №3: Чаму праз сайт нельга запісацца на прыём да стаматолага, а таксама неўролага, эндакрынолага?
– У стаматалагічнай паліклініцы па тэхнічных прычынах пакуль не могуць карыстацца сістэмай заказу талонаў праз інтэрнэт – там няма такой праграмы. Што тычыцца заказу талонаў да неўролага і эндакрынолага, то іх можна атрымаць ва ўчастковага тэрапеўта, таму на прыём трэба запісвацца да яго. Увесь паток хворых, які напрамую ідзе да гэтых вузкіх спецыялістаў, было вырашана накіраваць да тэрапеўтаў, каб тыя разбіраліся ў праблеме і накіроўвалі хворых людзей па адрасе пры неабходнасці. Бо часта здаралася такое, што чалавек заказваў талон да неўролага, а хвароба яго была зусім не неўралагічнага характару – далёка не кожны можа сам сабе паставіць правільны дыягназ. Выпісаць рэцэпт хворым на дыябет, якія ідуць да эндакрынолага, можа і тэрапеўт. Наспела неабходнасць, каб і талоны да хірургаў таксама выдаваў тэрапеўт: часта людзі з неўралагічнымі праблемамі па памылцы прыходзяць у кабінет хірурга ці траўматолага.

Пытанне №4: Што рабіць, калі заказаў талон загадзя, але перадумаў ісці да доктара?
– Адмяніць яго. Зрабіць гэта можна адразу на сайце. На першай інтэрнэт-старонцы пасля выбару паліклінікі націсніце кнопку “Мае талоны”, пазначце асабістыя даныя. Пасля гэтага вы можаце праглядзець усе заказаныя вамі талоны, раздрукаваць “напаміналкі”, а таксама адмяніць (выдаліць) заказаны талон. Ёсць і альтэрнатыва гэтаму спосабу, пра якую можна даведацца ў раздзеле “Дапамога” на сайце talon.by. Можна і проста патэлефанаваць па любым нумары рэгістратуры (тэл.: 9-32-69, 9-13-73, 2-53-53, 9-13-67) і паведаміць пра тое, што планы вашы змяніліся. Мы вельмі просім рабіць гэта. Не прыйдзеце – ваша месца зойме іншы пацыент, якому, магчыма, будзе патрэбна неадкладная дапамога. Ёсць адказныя людзі, якія тэлефануюць, адмаўляюцца ад заказаных загадзя талонаў. Але штодзень ад 2 да 10 талонаў, можна сказаць, прападае.

Пытанне №5: Як далей будзе ўдасканальвацца работа паліклінікі – да якіх зменаў рыхтавацца?
– Маем намер стварыць у паліклініцы лакальную сетку, каб у кожным кабінеце доктар змог убачыць на маніторы электронную картку хворага. На жаль, пакуль не маем сродкаў на наладжванне самой сістэмы, хоць маніторы і праграма закуплены. А калі атрымаецца здзейсніць гэтую мару, то хутка з’явяцца ў нас і электронныя талоны. Заказ талонаў праз інтэрнэт цудоўна прыжыўся, мы павялічылі колькасць талонаў, якія можна заказаць такім чынам, да 60 працэнтаў ад агульнага ліку талонаў. Акрамя таго, нагадваю, што ў паліклініцы працуе і інфакіёск. Хто не любіць стаяць у чарзе ў рэгістратуры, можа карыстацца і ім, а рэгістратары пры ўзнікненні пытанняў дапамогуць, падкажуць, што і як.
Падрыхтавала Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий