Закурыў у цягніку – атрымаў штраф

27 сентября 2017 - Administrator
article3443.jpg

 У райгазету паскардзіўся 46-гадовы жыхар Івацэвічаў Т., які быў аштрафаваны ў цягніку Мінск-Брэст, калі ехаў у наш райцэнтр з Мінска. “Штраф заплаціў міліцыі за тое, што закурыў цыгарэту ў тамбуры. Бо, як высветлілася, сёння ўвогуле ў цягніках забаронена курыць. Што за татальнае наступленне на курыльшчыкаў? Нідзе нам няма месца… Усё жыццё курылі ў тамбуры – ніхто не чапляўся, а зараз…”.

Супрацоўнік “ІВ” пацікавіўся ў Віталія Высоцкага, начальніка лінейнага пункта міліцыі на чыгуначнай станцыі Івацэвічы, няўжо ў цягніках не прадугледжана месца для курэння?

– Сапраўды, ва ўсіх мясцовых цягніках, што рухаюцца па Беларусі, курэнне цыгарэт забаронена. Чалавек з запаленай цыгарэтай заплаціць штраф. Дазваляецца гэта рабіць толькі ў міжнародных цягніках, накшталт Брэст-Масква, Брэст-Санкт-Пецярбург. Пацікаўцеся ў правадніка, ён дакладна патлумачыць, дзе канкрэтна ў міжнародным цягніку можна закурыць. Завастру ўвагу, што і на станцыі Івацэвічы, у тым ліку на пероне, курыць цыгарэты забаронена. Ёсць тры вызначаныя месцы, абсталяваныя таблічкай, сметніцай, дзе можна курыць цыгарэты.

– Віталь Яўгеньевіч, атрымліваецца, што курыльшчыку трэба трываць многа часу на вялікіх адлегласцях. Няўжо вялікую шкоду ён нанясе, калі пакурыць у тамбуры ці ў туалеце?
– Закон ёсць закон, яго трэба выконваць, а не спрачацца. Звярну ўвагу і на тое, што сёння пасажыры добра ведаюць законы і самі “праследуюць” курыльшчыка. Мне згодна са службовымі абавязкамі рэгулярна прыходзіцца праводзіць інспектаванне паяздоў, дык вось нярэдка самі пасажыры спыняюць міліцыянера і кажуць: “Таварыш міліцыянер, з тамбура цягне дымам цыгарэтным. Разбярыцеся!”. Або: “Таварыш міліцыянер, у туалеце накурана, аж дзіця задыхаецца, а курыць у туалеце забаронена. Разбярыцеся!”. Мы вымушаны рэагаваць.
З пачатку года ў цягніках, якія рухаюцца па тэрыторыі Брэсцкай вобласці, аштрафавана болей за сто курыльшчыкаў, у ліку, зразумела, і тыя, хто ехаў да Івацэвічаў. Звярну ўвагу, што сярод іх нямала і дзяўчат, бо сёння прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва таксама не супраць “падыміць”.

– Карыстаючыся выпадкам, скажыце, за што яшчэ могуць пакараць пасажыра цягніка?
– За п’янства. Гэта таксама сур’ёзная праблема. Некаторыя пасажыры не ўяўляюць сабе, як можна ў цягніку ехаць цвярозым або не распіць “за кампанію” бутэльку-другую... Але ж гэта забаронена! Вагон цягніка – грамадскае месца, спажываць тут любыя алкагольныя напоі (у тым ліку піва і іншыя слабаалкагольныя тонікі) забаронена. А ў нас здараюцца проста неверагодныя выпадкі. Малады мужчына сеў у цягнік, які ішоў з Мінска ў Брэст, цвярозы, але за дарогу выпіў “сам з сабою” бутэльку гарэлкі. Заваліўся спаць на верхнюю полку, а падчас пад’езду да станцыі Івацэвічы, калі поезд турзануўся, ён упаў. Яго траслі і праваднік, і пасажыры, бо не маглі зразумець: ці ён так ударыўся моцна, ці п’яны да непрытомнасці. “Хуткая дапамога” здымала яго з цягніка ўжо ў Бярозе, вынік медагляду – каля 3-х праміле, гэта цяжкая ступень ап’янення! Пасля ён уцякаў з бальніцы, бо ведаў, што чакае штраф. Або другі выпадак: цягнік рухаўся з Мінска, непадалёку ад станцыі Лясная Баранавіцкага раёна моцна п’яны мужчына, жыхар Бярозы, стаў зрываць стоп-кран, маўляў, мы праехалі Бярозу, высадзіце мяне! Не маглі адцягнуць ад стоп-крана гэтага ўшчэнт п’янага дэбашыра! У Івацэвічах яго ўжо здымаў з цягніка нарад міліцыі. На наступны дзень гэты мужчына, прараб адной саліднай сталічнай фірмы, прасіў у нас прабачэння за свае паводзіны, але штраф заплаціць яму прыйшлося… Адсюль мараль: вядзіце сябе ў цягніку дастойна, не спажывайце алкаголь, курыце цыгарэты толькі ў дазволеным месцы – і ніякія санкцыі вам пагражаць не будуць.
Гутарыў Аляксандр ГОРБАЧ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий