Зноў пра аліменты...

9 апреля 2015 - Дарья Вдовина
article1630.jpg

 

 У раённую газету звярнулася жыхарка г. Косава Таццяна Міхайлаўна С. (прозвішча і падрабязны адрас ёсць у рэдакцыі). Сутнасць пытання: 20-гадовая дачка Таццяны Міхайлаўна выхоўвае дзіця адна, бо пражыла ў шлюбе з мужам толькі некалькі месяцаў, і не атрымлівае нават аліментаў. 

 

 

– Зараз я актыўна дапамагаю дачцэ выхоўваць хлопчыка, сына, бо яна ў мяне яшчэ і студэнтка-завочніца, і падпрацоўвае, а дапамогі ад былога мужа і бацькі майго ўнука няма ніякай, – скардзіцца Таццяна Міхайлаўна. – Я папярэджвала былога зяця, яго бацькоў аб тым, што будзем падаваць заяву на спагнанне аліментаў, але яны мяне спыняюць: якія аліменты? Ён жа (былы муж) нідзе не працуе, перабіваецца толькі часовымі заробкамі! Мы, маўляў, нічога з яго не зможам спагнаць…

 

З пытаннем нашай чытачкі мы пазнаёмілі Аляксандра Кірыловіча, старшыню суда Івацэвіцкага раёна.

 

– Як гэта немагчыма спагнаць аліменты на карысць дзіцяці? Глупства! Закон цвёрда стаіць на абароне правоў дзіцяці, такі фактар, як немагчымасць (нежаданне) працаўладкавання бацькі, не можа служыць падставай для ўхілення ад неабходнасці выплачваць грошы на ўтрыманне ўласнага дзіцяці. У апошнія гады ўнесены змены і ўстаноўлены памер аліментаў, так бы мовіць, умоўны парог, ніжэй значэнняў якога сума не можа быць.

 

Такім чынам, памер сумы аліментаў, якія выплачваюцца на ўтрыманне аднаго дзіцяці, не можа быць менш, чым 50 працэнтаў ад бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ з 1 лютага ён роўны 1.428.100 рублёў), не меней 75 працэнтаў БПМ – на выхаванне двух дзяцей, не меней 100 працэнтаў – на трох дзяцей. У Законе нічога не гаворыцца пра тое, што нідзе не працуючы бацька дзіцяці можа мець нейкую “палёгку”: у кожнага дзіцяці ёсць бацька, які абавязаны прымаць актыўны ўдзел у выхаванні біялагічна роднага дзіцяці. Таму параю вашай чытачцы (а найлепш дачцэ, паколькі яна пацярпелы бок) звярнуцца з заявай у праваахоўныя органы, пытанне будзе адназначна вырашана на карысць дзіцяці, якое не бачыць ад роднага бацькі сродкаў на ўтрыманне.

 

Больш за тое, згодна з нормамі Кодэкса аб шлюбе і сям’і, у выпадку з’яўлення запазычанасці па віне асобы, што выплачвае аліменты, вінаваты павінен яшчэ аплачваць і няўстойку (0,3 працэнта ад сумы нявыплачаных аліментаў за кожны дзень пратэрміноўкі).

 

Нагадаю, ухіленне ад выплаты аліментаў адносіцца да крымінальных злачынстваў, узбуджаецца крымінальная справа, калі тата “забыў” дзіця… На жаль, такіх гісторый у нашым раёне нямала, некалькі дзясяткаў чалавек у мінулым годзе былі прыцягнуты да адказнасці за падобнае парушэнне Закона.

 

Прыкра, але сярод такіх ёсць і проста непрыгожыя справы. Нам прыйшлося доўга “высвятляць адносіны” з М., жыхаром Івацэвічаў, які аспрэчваў, што з яго ўзялі на выхаванне роднага дзіцяці больш грошай, чым патрэбна было ўзяць. За гэты час дзіця стала паўналетнім, а кошт пытання… 200 000 рублёў. Вельмі непакоіўся чалавек, што такую “вялікую” суму пераплаціў. Сумна, што сярод нас ёсць людзі, якія бяздушна адносяцца да родных дзяцей. Але такія дзеці не могуць быць пакрыўджанымі, усіх іх абараняе Закон – у тым ліку і хлопчыка з Косава, з якога мы пачалі гутарку і якога маці выхоўвае адна.

 

Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.

Комментарии (0)
Добавить комментарий