Не пасуйце перад анкалогіяй

20 ноября 2015 - Administrator
article2200.jpg

Навука і медыцына ідуць няспынна наперад: сёння пры словах чума ці  воспа сэрца чалавека не халадзее, бо і гэтыя хваробы, і многія-многія іншыя пераможаны ўрачамі і больш не “косяць” людзей тысячамі. А вось пра анкалогію такога не скажаш – для многіх рак гучыць як смяротны прыгавор. Між тым, у большасці анкабальных сёння ёсць добрыя шанцы на выздараўленне, і не цуд тут дапаможа, не народныя прымочкі, а доктар, да якога трэба прыйсці своечасова. А інакш сапраўды – смяротны прыгавор, і ты сам яго сабе падпісаў. Пра анкалогію наша сённяшняя размова з Сяргеем Леанідавічам Макаром, загадчыкам хірургічнага аддзялення паліклінікі УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”.

 

 

 

– Сяргей Леанідавіч, чаму анкалагічныя захворванні так цяжка паддаюцца лячэнню і ці дажыве сённяшняе пакаленне да тых часоў, калі навукоўцы прапануюць нам “жыву ваду” ад рака?

  Наш арганізм не статычны, ён складаецца з клетак і пастаянна абнаўляецца. Злаякасная пухліна ўзнікае ў рэзультаце некантралюемага росту групы клетак, якая ўтварылася і не паддаецца ўздзеянню розных сістэм арганізма. Злаякасныя клеткі ўзнікаюць штодзённа ў кожным арганізме, але іх падаўляе здаровая імунная сістэма. Калі яна не ў парадку, адбываецца збой – і чалавек захворвае. Ключавыя словы тут “некантралюемы рост”. На гэты працэс немагчыма ўздзейнічаць. І прафілактычныя меры таксама не заўсёды дапамагаюць. Але па ўсім свеце вядуцца распрацоўкі лекаў і эфектыўных метадаў лячэння анкалагічных захворванняў. Яны ўдасканальваюцца штогод і ўкараняюцца ва ўрачэбную практыку. “Сёння” няма безнадзейных людзей з анкалогіяй, якім адмаўляюць у лячэнні, а “ўчора” былі. Хіміятэрапія зрабіла вялізны крок наперад за апошняе дзесяцігоддзе. Думаю, вы дажывяце да тых часоў, калі з’явяцца эфектыўныя спосабы лячэння, як кажуць у народзе, рака. Патлумачу толькі, што ў медыцыне пад ракам разумеюць карцыному – злаякасную пухліну, якая развіваецца з клетак эпітэліяльнай ткані многіх органаў: скуры, слізістых абалонак. Калі пухліна ўтварылася з клетак злучальнай ткані, касцей і мышцаў  – гэта саркома. Калі ткань лімфатычная – лімфома. І гэтак далей.

 

–  Урачы любяць выраз: “Хваробу прасцей папярэдзіць, чым лячыць”. А як папярэдзіць анкалогію? Вядомы выпадкі, калі людзі і ядуць правільна, і спортам займаюцца, не п'юць, не кураць, а рак іх не мінае...

  Ёсць і такія выпадкі. Была ў мяне пацыентка, якая хварэла на рак лёгкіх, хоць ніколі не курыла. Але гэта выключэнне, а не правіла. Даказана: курэнне ў 20 разоў павышае рызуку захворвання на рак лёгкіх. Незбалансаванае харчаванне, сядзячы лад жыцця, шкодныя звычкі – гэта таксама фактары рыску. Можна жыць на авось, а можна сябе па магчымасці і засцерагчы. Імунітэт у людзей цяпер не той, што быў некалі. Таму нам не трэба арыентавацца на 90-гадовага дзеда-курца. Паглядзіце, што мы ўжываем ў ежу, чым мыем посуд, чым дыхаем? Услед за тэхналагічным прагрэсам прагрэсіруюць і хваробы.

 

–  Схільнасць да раку перадаецца ад блізкіх сваякоў? На слыху выпадак, калі вядомай актрысе Анджаліне Джалі выдалілі па яе просьбе здаровыя малочныя залозы, а потым і яечнікі. Маці яе памерла ад раку, і актрыса баялася паўтарыць яе лёс. Як вы ставіцеся да такой радыкальнай прафілактыкі?

–  Прамой спадчыннай перадачы рака не існуе. Перадаецца не рак, а схільнасць да ўзнікнення анкалогіі, але для захворвання патрэбны яшчэ і правакацыйныя фактары. Што тычыцца выдалення здаровых органаў, то я супраць такога. Ёсць у медыцыне такое разуменне, як аблігатны перадрак. Напрыклад, паліпоз тоўстага кішэчніка адназначна перарасце ў анкалогію, таму трэба рабіць аперацыю. Але тут выпадак іншы. Хоць актрыса і вядомая, кумір для многіх, думаю, фанаты не рашацца паследаваць яе прыкладу, нават калі акажуцца ў такой жа сітуацыі. У нас людзі не хочуць выдаляць хворыя органы, не гаворачы ўжо пра здаровыя. Двое маіх пацыентаў адмаўляюцца ад ампутацыі нагі, хоць іх чакае гангрэна і смерць. Лепшая прафілактыка – здаровы лад жыцця, які вядзе да здаровага імунітэту, а імунітэт забівае злаякасныя клеткі. Гэта не папулізм. Гэта праўда жыцця.

 

–  Давайце пагаворым пра самыя распаўсюджаныя віды анкалогіі ў нашым раёне. Які рак лідзіруе?

  На першым месцы традыцыйна рак скуры – мода на салярыі, загар дае пра сябе ведаць – 41 выпадак захворванняў за 9 месяцаў бягучага года (разам з меланомамі). Павялічылася колькасць выпадкаў рака тоўстага кішэчніка – 25 сёлета і другое месца. Тут ёсць прамая сувязь з ужываннем рафінаванай ежы, трэба даваць арганізму клятчатку. Трэцяе месца ў рака шчытападобнай залозы, на чацвёртым – рак бронхаў, трахеі, лёгкіх (14 выпадкаў). Амаль заўсёды хварэюць апошнім курыльшчыкі. Пятае месца – у рака прастаты, маткі, малочнай залозы (па 10 выпадкаў). З усіх людзей, якім у нашым раёне пастаўлены анкалагічны дыягназ (1241 чалавек цяпер на ўліку), 622 пражылі больш за пяць гадоў. Можна лічыць, што яны вылечыліся. Астатнія ці яшчэ не дажылі да гэтай мяжы, ці не дажывуць.

 

З анкалогіяй у запушчанай стадыі да нас звярнуліся сёлета 24 чалавекі са 188 выяўленых хворых. У вобласці па ўзроўню выяўляльнасці рака на ранніх стадыях у гэтым годзе мы выглядаем лепш за суседнія раёны. Праводзіцца вялікая работа. Каб выявіць 188 хворых, трэба было абследаваць у сто разоў больш пацыентаў. У кабінеце даўрачэбнага прыёму цяпер пацыентам прапануюць запаўняць анкаапытальнікі. Увесь час заклікаем людзей да рэгулярных прафаглядаў, не адчэпных, не па прынцыпе: “Доктар, мне тут адзначце”. У нас жа як: чалавека адпусцілі з работы на медагляд, але ж на гэты час ён запланаваў хуценька паставіць штампы і ўскапаць дома агарод. Класікай стала, калі мужчын цягнуць на прыём да доктара жонкі, бацькоў – дзеці. Самі не пойдуць. Між тым, каго ні спытай, здароўе – галоўнае ў жыцці, скажа.

 

–  Прынята лічыць, што сваю лепту ў рост ліку анкалагічных захворванняў унесла радыяцыя, дрэнная экалагічная абстаноўка. А як Вы лічыце?

 Ёсць сувязь паміж некаторымі відамі анкалогіі і дрэнным радыяцыйным фонам. Устаноўлены факт, што хворых на рак шчытападобнай залозы стала больш пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Але гэта не значыць, што радыяцыя ўсяму віной. Людзі так лічаць, бо прасцей абвінаваціць у сваіх хваробах экалогію, урача, які не прымусіў лячыцца, не настаяў на абследаванні. Сябе апраўдаць імкнуцца. Нельга прымусіць чалавека быць здаровым. Мы з дзяцінства ведаем, што не варта ісці па дарозе на чырвонае святло, але культура здароўя нам не прывіта...

 

 

 

–  Пішуць у медыцынскіх артыкулах, што невылечны толькі рак на 4 стадыі, на 3 – цяжкавылечны, на дзвюх першых стадыях – паспяхова лечыцца. Раіце людзям правярацца як мага часцей?

  Сапраўды, анкалагічныя захворванні на ранніх стадыях паспяхова лечацца. Сакрэт выратавання ад раку – не запусціць яго, своечасова звярнуцца да доктара і як мага хутчэй пачаць лячэнне. На жаль, не заўсёды так бывае. Што парадаксальна, з запушчанымі формамі анкалогіі да нас звяртаюцца адукаваныя граматныя людзі, нават медыкі, якім дакладна вядома пра сімптомы і наступствы рака. Страх перад хваробай мацнейшы за здаровы сэнс. Трэба прыслухвацца да свайго арганізма. Рэдкія віды анкалогіі доўга працякаюць бессімптомна. Пры ўсіх адхіленнях ад нормы (пот, слабасць, нетыповыя выдзяленні, слізь, павышэнне тэмпературы, боль і гэтак далей) трэба ісці да доктара. Раю рэгулярна наведваць тэрапеўта.

 

 

 

–  Лічыцца, што анкалогія – удзел пажылых. Захворванне на рак павысілася часткова і таму, што павялічылася працягласць жыцця. Але ж усё часцей прыходзіцца чуць, што то тут, то там ад рака паміраюць маладыя людзі, дзеці...

–  Ёсць такі выраз: мы ўсё памрэм ад рака, калі дажывем. З гадамі ў чалавека усё больш шанцаў на тое, што імунная сістэма дасць збой. Дзеці ў спісе анкахворых былі заўсёды – у іх прыроджаная “паломка” імуннай сістэмы. Але анкалогія насамрэч маладзее.

Не глядзіце на тое, што хворых на рак становіцца ўсё больш і больш. Дзякуючы новым спосабам абследавання іх больш чым раней выяўляецца. А для дактароў чым большая лічба выяўленых хворых, тым лепш. Значыць, у наступным годзе да нас не прыйдуць людзі з запушчанымі формамі рака, якім нельга дапамагчы.

 

–  Дарэчы, пра “дапамагчы”. Забяспечаныя людзі часта шукаюць выратавання ад раку за мяжой. А для тых, хто не мае дастатковых сродкаў, грошы збіраюцца ўсім светам. Што ёсць за мяжой такога, чаго няма ў нас,  для эфектыўнага лячэння анкалогіі?

–  Дапамога анкахворым у Беларусі арганізавана на высокім узроўні: простаму чалавеку даступныя ўсе магчымыя спосабы лячэння.  Дзяржава ўкладвае ў тое вялікія грошы, ад якіх ёсць аддача. Розніца толькі ў тым, што за мяжой ёсць клінікі, якія спецыялізуюцца на лячэнні аднаго канкрэтнага віду анкалогіі. За іх распрацоўкамі сочыць увесь свет, бо яны дэталёва даследуюць хваробу і часам прапануюць пацыентам эксперыментальнае лячэнне. Вядома, за вялікія грошы. Але калі прагноз неспрыяльны, калі нашы анколагі не даюць надзеі на выздараўленне, найхутчэй і за мяжой чалавека ніхто не выратуе.

 

–  Ну, а што Вы скажаце наконт народнай медыцыны, лекарства?

 Я супраць народнай медыцыны. На вынаходства аднаго медпрэпарата ідзе каля 20 млн. долараў. Калі б народная медыцына паказвала выдатныя рэзультаты, любы капіталіст ухапіўся б за ідэю ўкласці мінімум сродкаў і запусціць вытворчасць натуральных цуда-прэпаратаў. Калі б дапамагаў тлушч барсука, ён даўно быў у цюбіках. На глебе лекарства ўзнікаюць шарлатаны, якія стаяць і пад анкадыспансерамі ды спекулююць на людской бядзе.

 

–  Чытала, што за мяжой, у США ёсць служба псіхаанколагаў, якія аказваюць псіхалагічную дапамогу хворым з анкалогіяй. А што ў нас? Вам даводзілася паведамляць чалавеку пра тое, што ў яго рак? Як правільна даносіць такую навіну? Часам блізкім прыходзіцца рабіць гэта самім...

–  У кожнага чалавека свая рэакцыя на стрэс – камусьці кансультацыя псіхолага не патрэбна. Але камусьці патрэбна надта, таму вопыт замежных калег можна было б і пераняць. Уявіце сабе, што незамужняй 30-гадовай жанчыне трэба сказаць, што ў яе рак малочнай залозы і што яна можа застацца без грудзей. Чалавек будзе ў шокавым стане, у адным кроку ад дэпрэсіі! Мне даводзілася гаварыць пацыентам, што ў іх злаякасныя пухліны. Калі блізкія просяць не казаць пацыенту ў лоб, што ў яго рак, шукаю іншыя словы. Гаворым далікатна, даем надзею, каб пацыент не апусціў рук, лячыўся. Тым больш, што прагнозы могуць быць вельмі спрыяльнымі. Лічу, што хаваць ад чалавека праўду, як робіцца ў некаторых сем’ях, няправільна. Чалавек павінен ведаць свой дыягназ і тое, што з хваробай можна і патрэбна змагацца.

Хутка мы прыйдзем да таго, што з’явіцца мода на здароўе. Ужо з пацыентамі гутарыць прыемней: адчуваеш іх дасведчанасць, жаданне прыслухоўвацца да слоў доктара,  клопат пра свой арганізм і якасць жыцця. Засталося толькі перасіліць свой страх перад хваробамі. Пасаваць перад іх тварам не трэба.

З доктарам гутарыла Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.

Комментарии (0)
Добавить комментарий