Небяспечны, але вылечны

22 марта 2016 - Administrator
article2320.jpg

 Калі на лёс выпадае туберкулёз, чалавеку складана прыняць хваробу як данасць і заставацца стрыманым. Усё ж такі размова ідзе пра тыя самыя сухоты,  якія стагоддзе з лішкам таму забіралі жыццё кожнага дзясятага жыхара Расійскай імперыі. І няхай сабе туберкулёз удалося ўзяць за цуглі за гэты час, ды небяспека заразіцца яго ўстойлівай да лекаў формай застаецца. Ад сухотаў памерлі Бялінскі і Чэхаў, Кафка і Багдановіч, некалі гэтая хвароба асацыявалася з арыстакратызмам і вытанчанасцю, з запалам да навукі і творчасці, са здольнасцю да глыбокіх перажыванняў. Цяпер сумны дыягназ пазбаўлены рамантычнага флёру і хутчэй асацыюецца з адсутнасцю дабрабыту ў жыцці хворага чалавека. Надта непрыемная хвароба – і фізічна чалавек пакутуе, і маральна таксама. А калі ўявіць сабе, што кожны з нас да 30 гадоў – ужо носьбіт палачкі Коха – яе ўзбуджальніка, то становіцца неяк не па сабе…


– Няхай вас не пужае гэты факт, – разважае загадчыца паліклінікі УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Святлана Маціеўская, якая дала інтэрв’ю карэспандэнту “ІВ” на  гэтую тэму. – Заразіцца туберкулёзам не азначае захварэць на яго. У большасці людзей да гэтай хваробы – прыроджаная рэзістэнтнасць і імунітэт, які набыўся, дзякуючы вакцынацыі і рэвакцынацыі БСЖ. Чалавек, у арганізм якога трапіла палачка Коха, можа захварэць у 5-10 працэнтах выпадкаў. Як правіла, гэта захворванне ўзнікае пры дастаткова доўгім кантакце з хворым актыўнай формай туберкулёзу і на фоне аслаблення ахоўных сіл арганізму.

– Святлана Іванаўна, у “ІВ” ужо друкавалася інфармацыя пра тое, што ў мінулым годзе ў Івацэвіцкім раёне было выяўлена 28 чалавек з туберкулёзам. Гэта на 7 больш, чым у 2014 годзе. Паказчык па колькасці выяўленых на 100 тыс. насельніцтва значна вышэйшы за сярэднеабласны. Чаму апошнім часам расце лік пацыентаў фтызіятра?
– На жаль, пакуль ні ў адным рэгіёне рэспублікі, як і ва ўсім свеце, не ўдалося звесці на мінімум захворванне на туберкулёз. У нас статыстыка мяняецца штогод – то больш такіх хворых выяўляецца, то менш. На сёння ў раёне 48 чалавек стаяць на ўліку па гэтай хваробе, прахо-
дзяць лячэнне. Ёсць моманты, якія выклікаюць у медыкаў заклапочанасць. Напрыклад, тое, што ўсё часцей на туберкулёз хварэюць 
мужчыны, якія ездзяць на заробкі. Няма там добрых умоў для пражывання, паўнацэннага харчавання, а ёсць кантакты з вялікім лікам людзей, спакуса да перакульвання чаркі… А за той кароткі перыяд, які мужчыны праводзяць дома, “вычапіць” іх для медабследавання не атрымліваецца. Прыязджаюць да нас мігранты на сезонныя работы –  прымаюць іх у сельгаскааператывы без медаглядаў, між тым, за імі можа цягнуцца шлейф хвароб. Захворваюць і работнікі малочнатаварных фермаў – інфіцыруюцца ад жывёл, у якіх таксама можа быць туберкулёз. Яшчэ непакоіць тое, што ўсё часцей несуцяшальны дыягназ ставіцца людзям, якія не рабілі флюараграфію больш за два гады. Абследавацца патрэбна штогод, і нават гэтага бывае недастаткова. Нягледзячы на тое, што з 28 выяўленых 17 былі з групы рызыкі – злоўжывалі спіртнымі напоямі, доўга не абследаваліся, хварэлі на цукровы дыябет, каля шасці чалавек захварэлі на фоне дабрабыту і адносна добрага здароўя. Не прайшло і шасці месяцаў з моманту апошняй флюараграфіі, як у іх з’явіліся сімптомы хваробы.

– У чым тут прычына – стрэс?
– Нельга выключаць і такую прычынна-следчую сувязь. Да аслаблення імуннай сістэмы прыводзяць многія фактары: недастатковае ці непаўнацэннае харчаванне, дрэнныя звычкі, пэўныя хваробы, ёсць у гэтым спісе і стрэс. Не дарма ж лічыцца, што ўсе хваробы – ад нерваў. Вылучаюцца групы сацыяльнай і медыцынскай рызыкі па туберкулёзе. У першую ўваходзяць людзі, што вызваляюцца з месцаў пазбаўлення волі,  людзі без вызначанага месца жыхарства, што злоўжываюць алкаголем,  а таксама выхаванцы дамоў-інтэрнатаў. Група медыцынскай рызыкі фарміруецца, зыходзячы з захворванняў чалавека, якія часта спадарожнічаюць туберкулёзу: дыябет, хранічныя захворванні лёгкіх, імунасупрэсіўныя захворванні. Часта палачка Коха “б’е” па пацыентах нарколага і псіхіятра. У гэтай жа групе – усе работнікі калоній, турмаў, якія часта кантактуюць з асуджанымі, у асяроддзі якіх туберкулёз квітнее. У 100-працэнтным аб’ёме флюараграфічнае абследаванне раз у год павінны праходзіць работнікі школ і дашкольных устаноў, работнікі харчовай галіны, гасцініц, малочнатаварных фермаў, медработнікі. Па раёне па графіку ездзіць перасоўны флюарограф, але скарыстацца яго паслугай спяшаюцца не ўсе. Асабліва марудзяць тыя, хто злоўжывае спіртнымі напоямі. Прыходзіцца нават заручацца падтрымкай участковых інспектараў, каб абследаваць гэты кантынгент.

– Чаму такі моцны сёння кантроль за хворымі на туберкулёз? Ну, не хоча чалавек ведаць свой дыягназ, лячыцца – гэта яго справа, няхай чакае “з мора пагоды”.
– Усё не так проста. Заклапочанасць наша звязана яшчэ і з тым, што расце лік хворых на туберкулёз з множнай лекавай устойлівасцю (МЛУ). Лячэнне іх надта выдатковае для дзяржавы, хоць для хворага і бясплатнае. Але яму трэба ўвесь час жыць на прэпаратах, прычым, штодня наведваць амбулаторыю ці ФАП, каб атрымаць там лекі, што называецца, дзень на дзень і прымаць іх у прысутнасці медработніка. Такія хворыя вымушаны штомесяц здаваць аналіз макроты. І ўсё роўна лячэнне дапамагае вельмі слаба. Перарыў у прыёме лекаў недапушчальны, бо чалавек пачне выдзяляць бактэрыі туберкулёзу, а гэта пагражае здароўю людзей з яго акружэння. Прычым, калі заразіцца падчас кантакту з такім хворым, форма будзе такая ж цяжкая, з лекавай устойлівасцю. У мінулым годзе ад туберкулёзу ў раёне памерлі тры чалавекі, у тым ліку і з МЛУ.

– А ў нашым раёне ўсе хворыя на туберкулёз з лекавай устойлівасцю лечацца? І што будзе, калі хтосьці з іх адмовіцца ад такога складанага, лічы, пажыццёвага лячэння?
– На сёння ў раёне 14 чалавек з МЛУ, усе лечацца амбулаторна па апісанай вышэй схеме. Новаўвядзенне бягучага года – бясплатныя прадуктовыя наборы для такіх хворых, якія яны атрымліваюць двойчы ў месяц у райбальніцы. Такім людзям проста неабходна добрае харчаванне – прэпараты, якія яны прымаюць, надта таксічныя. Ды і ў якасці заахвочвання, матывацыі для лячэння гэта добрая ініцыятыва, якая ўжо прыносіць свае плады. Наборы заўжды розныя, у іх крупы, мясныя і рыбныя кансервы, згушчонка, ёгурты і іншая высокакаларыйная ежа. Калі ж чалавек з МЛУ адмаўляецца ад медыцынскай дапамогі, прыходзіцца лячыць яго прымусова. У Вярховічах ёсць установа закрытага тыпу, куды пры садзейнічанні праваахоўных органаў дастаўляецца пацыент. Бывае, што сваякі хаваюць хворага на туберкулёз, быццам бы не ўсведамляючы, што ён – пагроза для іх саміх. Не разумею, чаму стацыянара баяцца, як агню: ніхто ж не будзе трымаць у бальніцы вечна – як толькі пацыент перастае выдзяляць небяспечныя бактэрыі, яго выпішуць. Бывае, людзі збягаюць з бальніц і зноў жа хаваюцца. Ганяюцца за імі дактары з міліцыяй, шукаюць...

Трэба разумець, што задача зацікаўленых службаў не толькі ў тым, каб выявіць хворага і адправіць яго на лячэнне. Пасля гэтых першачарговых мераў пачынаецца работа з людзьмі з яго акружэння: сям’ёй, калегамі, сябрамі, жыхарамі аднаго пад’езда –  іх патрэбна праверыць на туберкулёз. Праводзіцца шэраг проціэпідэмічных мерапрыемстваў работнікамі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, сан-
апрацоўка месца пражывання і не толькі. Бывае, што новыя выпадкі захворвання выяўляюцца акурат у коле знаёмых хворага – і ў нашым раёне было такое.

– Якія трывожныя званочкі магчымага туберкулёзу павінны падштурхнуць чалавека да паходу ў бальніцу?
– Пры туберкулёзе спачатку чалавек адчувае павышаную стамляемасць і слабасць. Потым з’яўляецца кашаль – сухі ці з выдзяленнем макроты, часам з крывёй, страта апетыту, зніжэнне масы цела, патлівасць, перыядычнае павышэнне тэмпературы цела, боль у грудзях. Усё гэта адхіленне ад нормы, неадкладна звяртайцеся ў паліклініку.

– Уявіце сабе, што чалавек са скаргай на гэтыя сімптомы прыходзіць да доктара. Што будзе далей?
– Далей ён пройдзе флюарограф, здымак найхутчэй выявіць змены ў лёгкіх. Затым яго накіруюць да фтызіятра, на здачу аналіза макроты. Пасля выдадуць накіраванне ў Баранавіцкі ці Брэсцкі процітуберкулёзны дыспансер, там яго пакладуць у стацыянар і будуць 
лячыць. Тэрмін залежыць ад таго, у якой форме захворванне. Пасля выпіскі, магчыма, трэба будзе далечвацца амбулаторна, наведваць райбальніцу. А пасля поўнага выздараўлення чалавека здымаюць з уліку. Я вам апісала самы просты варыянт развіцця падзей. Бываюць рэцыдывы – паўторнае захворванне на туберкулёз у аднаго і таго ж чалавека, але не вельмі часта такое здараецца, у мінулым годзе ў раёне рэцыдываў не было.

– Вы арыентуеце насельніцтва на штогадовае праходжанне флюараграфічнага абследавання, але яно ж не дапаможа выявіць іншыя, пазалёгачныя формы туберкулёзу...
– Пазалёгачныя формы выяўляюцца падчас іншых абследаванняў. Прыйшоў чалавек са скаргай на боль у суставах, зрабілі яму здымак, а на ім бачна, што ў яго – туберкулёз касцей. Быў такі выпадак у райбальніцы ў пазамінулым годзе.  Бывае туберкулёз органаў стрававальнай, мочапалавой сістэм, касцей і суставаў, скуры, вачэй, перыферыйных лімфавузлоў і іншыя. Прынцып лячэння іх той жа самы. 

– З якім зваротам Вы жадалі б звярнуцца да нашых чытачоў у кантэксце тэмы, якая абмяркоўваецца?
– Зазначу, што правільны рэжым працы, паўнацэннае харчаванне, прыём полівітамінаў, загартоўванне, заняткі спортам, адмова ад дрэнных звычак – усё гэта гарантыя моцнага імунітэту, які засцеражэ ад захворвання. Не трэба забывацца пра гігіену, пра частае мыццё рук. Важную ролю адыгрывае вакцынацыя нованароджаных і паўторная імунізацыя БЦЖ у 7 і 14 гадоў. Заўважце, выпадкі туберкулёзу сярод дзяцей і падлеткаў – рэдкасць. З паўналецця трэба абавязкова штогод праходзіць флюараграфію. Важна захоўваць меры прафілактыкі ў ачагах туберкулёзнай інфекцыі – у хворага павінен быць асобны пакой, посуд, ручнік, памяшканне павінна праветрывацца.  Таму мой зварот наступны: стаўцеся сур’ёзна да прафілактыкі любых хвароб, і яны пройдуць міма. 
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота  Валерыя МІСКЕВІЧА. 
Комментарии (0)
Добавить комментарий