Ратуемся ад бяссонніцы

23 декабря 2015 -
article2199.jpg

Бяссонныя ночы становяцца праблемай усё большага ліку людзей. Пажылым людзям не спіцца – і гэтым нікога не здзівіш, але чаму ж моладзь і людзі сярэдняга ўзросту глядзяць па начах у столь? У вядомай песні Пугачовай прычынай бяссонніцы стала няшчаснае каханне, але жыццё наша больш празаічнае, і не спім мы з-за банальных рэчаў. Якіх – чытайце ў артыкуле.

 

 

Па-першае, давайце пагаворым пра гігіену сну. Многія пра яе, як кажуць, ні сном, ні духам. Між тым, каб пазбегнуць бяссонніцы ці інсамніі (так дыягназ гучыць на медыцынскай мове), дастаткова проста наладзіць рэжым дня: класціся і ўставаць у адзін і той жа час, не пераядаць перад сном, але і не быць галодным (кефір і вотруб’е, яблык – ідэальная позняя вячэра). Не трэба на ноч піць каву і прымаць лекі, якія ўзбуджаюць нервовую сістэму (чытайце інструкцыі!), а таксама не варта заседжвацца ў інтэрнэце дапазна, гуляць у камп’ютарныя гульні. А вось калі вы звечара пагуляеце на свежым паветры, вып’еце перад сном кубак малака з мёдам – будзеце спаць, як немаўля. Дарэчы, начныя змены лічацца шкоднымі ўмовамі працы, і людзям з хранічнымі захворваннямі, ва ўзросце, лепш не рызыкаваць здароўем, працуючы ноччу. Ды і для здаровых людзей работа ноччу – не дабро, майце на ўвазе.

 

А што калі чалавек сочыць за гігіенай сну, а ўсё роўна не спіць? Дык, можа, вы ўвогуле не пакутуеце ад бяссонніцы, а проста вашаму арганізму трэба значна менш часу, каб выспацца. Пажылым людзям, напрыклад, хапае 4-6 гадзін сну, маладым людзям рэкамендуецца спаць па 8 гадзін у суткі (але многім хапае і 6-7), дзецям – 10 гадзін (але зноў жа, усё індывідуальна). Многія пажылыя скардзяцца ўрачам, маўляў, прачынаюся ў чатыры раніцы – і ўсё. Вядома, прачынаешся, калі лёг у дзевяць вечара – арганізм адпачыў і гатовы “да працы і абароны”. Не трэба драмаць днём, а таксама пазбягаць інтэлектуальнай і фізічнай нагрузкі. Каб вечарам змарыў сон, трэба стаміцца. Пажылым варта чытаць, разгадваць красворды, вышываць – карацей, нагружаць свой мозг.

 

– Як казаў адзін наш прафесар падчас вучобы: “Ну, не спіш, рана прачынаешся. Не панікуй. Уставай, ідзі насустрач світанку, рабі што-небудзь”, – гаворыць урач-псіхіятр УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Ірына Круглей, якой часта даводзіцца вырашаць праблему інсамніі ў пацыентаў. – Вядома, не ва ўсіх выпадках гэта тая парада, якая патрэбна чалавеку. Як практыкуючы псіхіятр, я найчасцей сутыкаюся з парушэннямі сну як сімптомамі пры розных псіхічных захворваннях, неўратычных расстройствах, дэпрэсіі. Таму лячыць даводзіцца само захворванне, а разам з ім знікае і бяссонніца. Для лячэння прымяняюцца антыдэпрэсанты і проціватрывожныя прэпараты, яны ж паляпшаюць сон.

 

Але ўрач расказала і пра цікавую тэрапеўтычную методыку лячэння інсамніі – лячэнне выпрабаваннем. Сэнс у тым, каб высветліць у чалавека, чаго ён больш за ўсё не любіць рабіць, і прапанаваць яму рабіць гэта кожны раз, калі ён прачынаецца ноччу і не можа заснуць. Вось, напрыклад, ёсць жанчына, якая пакутуе ад бяссонніцы і не любіць мыць бялізну. Значыць, як толькі ёй не спіцца, яна павінна ўстаць і пайсці мыць бялізну, пакуль сон не зморыць. Калі чалавек шчыра выконвае гэтую рэкамендацыю, пра бяссонніцу ён мусіць забыць ужо праз тыдзень. Паспрабуйце!

 

Доктар расказала, што расстройстваў сну існуе вельмі многа, у свеце ёсць цэлыя інстытуты, якія займаюцца толькі іх вывучэннем. Мы ж найчасцей сустракаемся з раннімі прабуджэннямі, з немагчымасцю заснуць звечара, з немагчымасцю заснуць пасля начнога прабуджэння, а таксама з парасамніяй – начнымі кашмарамі, снахаджэннем. Як правіла, гэта расстройствы сну неарганічнай прыроды – гэта значыць, што медабследаванні хворага з інсамніяй ніякіх грубых паталагічных працэсаў у арганізме не выяўляюць. Але прырода расстройстваў можа быць і арганічная: напрыклад, інсамнія ўзнікае, калі чалавек перанёс чэрапна-мазгавую траўму – і ў яго пашкоджаны мозг, альбо падчас цяжкага цялеснага захворвання накшталт анкалогіі. Таму і падыходы ў лячэнні розныя.

 

Бяссонніца – гэта не такі нядуг, да якога варта адносіцца адчэпна. З інсамніяй і снахаджэннем не бяруць у армію (даюць адтэрміноўку да выздараўлення), а гэта ўжо аб нечым гаворыць. Калі не спаць 3-4 дні, то можна памерці. Калі рэгулярна не дасыпаць, то можна зарабіць сябе шэраг псіхасаматычных хвароб – яд язвы страўніка да стэнакардыі і нейрадэрміта. Не гаворачы ўжо пра дрэнны знешні выгляд: мяшкі пад вачыма, “шкляны погляд” – недасып адразу ставіць свой подпіс на твары. Адна справа, калі чалавек сам не можа заснуць, іншая – калі выдзяляе сабе для сну мала часу – позна кладзецца, рана ўстае. Трэба разумець, што сон – гэта працэс, падчас якога змяняюць адна адну некалькі фаз. Калі запісваць энцэфалаграму падчас сну, то можна зафіксаваць эпізоды актыўнай мазгавой дзейнасці, параўнальнай з напружаннем падчас рашэння інтэлектуальнай задачы. Каб мозг добра працаваў днём, трэба, каб ноччу прайшлі ўсе фазы павольнага і хуткага сну. Грэбаваць паўнацэнным сном не варта – сабе горш зробіш.

 

Але і панікаваць з-за недасыпу – справа не ўдзячная. Сон нечым падобны на каханне: чым больш за ім гонішся, тым хутчэй яно ад цябе ўцякае. І чым больш хочаш заснуць, тым горш гэта атрымліваецца. Таму калі раптам выдаўся тыдзень, калі з-за напружанай работы не выдалася магчымасць выспацца (бывае ўсякае у жыцці), не панікуйце – арганізм не можа не спаць, ён сваё возьме. Студэнты, якія начамі рыхтуюцца да сесіі, умудраюцца выспацца за 15 мінут, пакуль едуць у аўтобусе на заняткі.

 

Ну, а калі бяссонніца надта дакучае, можна дапамагчы сабе медыкаментозна. Бяссонніца часта ходзіць у пары з ператамленнем, нервовай напружанасцю, перажываннем, трывогай, таму нервы трэба супакоіць. А ў аптэцы і без рэцэпта прадаецца шмат прэпаратаў, найчасцей фітасадатыкі, якія супакойваюць і спрыяюць хуткаму засынанню (валяр’янка, настойкі глогу, сардэдніку, “Санміл”, “Травапасіт”, “Навапасіт”, “Гліцын”, “Фенібут” і іншыя). Ірына Круглей, вядома, раіць не займацца самалячэннем, а са скаргамі на бяссонніцу адразу ісці да доктара, перш-наперш тэрапеўта ці ўрача агульнай практыкі, які назначыць прэпарат і падбярэ чалавеку патрэбную дазіроўку, рэжым прыёму (калі трэба – накіруе да псіхатэрапеўта ці псіхіятра). Бо нават такі папулярны ў бабуль безрэцэптурны прэпарат, як “Карвалол”, насамрэч не такі і бясшкодны, бо ўтрымлівае фенабарбітал, які выклікае моцнае прывыканне. Калі ў бабулі, якая прывыкла да “Карвалолу”, яго забраць, то ў яе можа пачацца сіндром адмены, як у алкаголіка. Але калі хочацца дапамагчы сабе самастойна, помніце: раслінныя прэпараты, фітачаі трэба чаргаваць, піць строга па інструкцыі.

 

Надта папулярны ў людзей апошнім часам новыя так званыя зэт-прэпараты супраць бяссонніцы – эфект ад іх такі, быццам бы чалавека выключыў з разеткі – маментальны сон. Вядома, яны выпісваюцца па рэцэпце, як і транквілізатары (гэтыя ўвогуле назначаюцца ў цяжкіх выпадках: пры псіхічных расстройствах ці кароткім курсам чалавеку ў перыяд цяжкага стрэсу). Такія лекі могуць выклікаць парушэнне каардынацыі, пагаршэнне памяці, зніжэнне хуткасці рэакцыі. Ірына Круглей лічыць, што захапляцца снатворнымі прэпаратамі нельга, бо карысці здароўю прывыканне да лекаў не прынясе.

 

Лячэнне бяссонніцы бывае не толькі медыкаментозным: не будзем забываць пра псіхатэрапію, аўтагенныя трэніроўкі, тэхнікі рэлаксацыі. Да таго ж бяссонніца – не заўсёды шкода. Апісаны такі метад лячэння дэпрэсіі, як дэпрывацыя сну – хвораму проста не даюць спаць. Таму інсамнію можна разглядаць і як спробу арганізма справіцца з дэпрэсіяй.

 

Як бачым, спосабаў паўплываць на бяссонніцу ёсць многа. Людзі ратуюцца па-рознаму – хтосьці ўстае і есць сярод ночы, хтосьці лічыць ад ста да аднаго, раскрываецца, каб змерзнуць, і зноў накрываецца коўдрай, каб заснуць, як толькі па целе пачне “разлівацца” цяпло. Я вось лічу авечак, якія пераскокваюць праз плот і стараюся ні пра што не думаць, не планаваць, не марыць. А ў помач тым, хто яшчэ не знайшоў свайго спосабу, друкуем рэцэпт сасудзістага эліксіру доктара Пячонінай (рэцэпт папулярны, некалі друкаваўся ў газеце “Вестник ЗОЖ”). Эліксір “чысціць” сасуды, паляпшае сон. Ірына Круглей кажа, што можна прымаць яго людзям, у якіх няма супрацьпаказанняў, хвароб ЖКТ, надта павышанага ціску, алергіі на кампаненты настойкі, але лепш пракансультавацца са сваім доктарам перад пачаткам прыёму.

 

Сасудзісты эліксір Пячонінай

Спачатку робім настойку часнаку. Ачышчаны часнок націраем, кладзем яго ў паўлітровую бутэльку, запаўняючы яе на 1/4 аб’ёму, потым заліваем гарэлкай (не спіртам!). Закрываем поўную бутэльку і ставім яе ў цёмную шафу на 3 тыдні (можна паставіць адразу 2-3 бутэлькі – пра запас). За ўвесь час некалькі разоў трэба боўтаць змесціва бутэлькі. Праз 3 тыдні працэджваем яго, зліваем вадкую частку ў трохлітровы слоік. Дабаўляем да настойкі столькі ж мёду і лімоннага соку. Размешваем да поўнага растварэння. Слоік закрываем поліэтыленавай крышкай і зноў ставім у цёмную шафу. Эліксір выдатна захоўваецца без халадзільніка.  Піць штодзень па 2 сталовыя лыжкі (ці па аднаму вялікаму глытку) на ноч.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.

Комментарии (0)
Добавить комментарий