Самагубства: білет у адзін канец

21 января 2016 - Administrator
article2198.jpg

 Падлічана: адно самагубства моцна закранае, парушае душэўную раўнавагу шасці самых блізкіх і родных нябожчыка. Гэта трагедыя, памножаная на два, бо за такой недарэчнай смерцю цягнецца шлейф здагадак і чутак: што чалавека да такога давяло, хто вінаваты, чаму бяздзейнічалі сваякі, а гэта ж ён узяў на душу найвялікшы грэх, а гэта ж бацюшка не будзе яго адпавядаць і гэтак далей. Крыўдна, што часта чалавека нельга выцягнуць з сеткі моц-

нага жадання развітацца з жыццём, бо псіхіка жыве па сваіх законах і часам не падпарадкоўваецца здароваму сэнсу. Але ёсць выпадкі, калі чалавека можна выратаваць ад яго самога. І пра тое, як дзейнічаць, каб прадухіліць сумны зыход, – размова з урачом-псіхіятрам УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Ірынай Круглей.

– Ірына Яўгенаўна, ці можна сцвярджаць, што ад самагубства ніхто не застрахаваны?
– Можна, бо ў кожным чалавеку ёсць цяга як да жыцця, так і да смерці. Доўгі час лічылася, што суіцыды – праблема толькі медыцынская, а дакладней, псіхіятрычная, а суіцыдэнты – людзі з хворай псіхікай, за якімі не дагледзелі. Гэта далёка не заўсёды так, можна пабудаваць і іншыя прычынна-следчыя сувязі. Зразумела, што падыход да барацьбы з суіцыдамі павінен быць комплексным. У Беларусі на рэспубліканскім узроўні ствараюцца міжведамасныя планы па барацьбе з суіцыдамі, а далей такія планы з’яўляюцца на ўзроўні абласцей, раёнаў. Вось і ў Івацэвіцкім раёне зацверджаны “План рэалізацыі комплексу мер па прафілактыцы суіцыдальных паводзінаў насельніцтва на 2015-2019 г.г.”, у якім задзейнічаны многія службы. Найперш, медыкі як распрацоўшчыкі плана, а разам з намі сацыяльная служба, РАУС, Следчы камітэт, аддзелы адукацыі і ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, рэдакцыя “ІВ” і іншыя. Хтосьці праводзіць выхаваўчую, інфармацыйную работу, хтосьці паведамляе пра патэнцыяльных самагубцаў, расследуе здарэнні, аналізуе дадзеныя. І магу сказаць, што гэта не марная работа, ёсць змены да лепшага.

– Па статыстыцы, лік суіцыдаў у Беларусі памяншаецца штогод, але каля 20 самагубстваў на 100 тыс. насельніцтва цяпер ўсё-такі здараецца. Па класіфікацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя гэта мяжа паміж сярэднім і высокім узроўнем суіцыдаў. Раённая статыстыка адрозніваецца ад агульнарэспубліканскай?
– У Івацэвіцкім раёне ў 2015 годзе здзейснена 13 самагубстваў, годам раней – 15. У 2010-2011 г.г. іх было 24 і 26 адпаведна, таму мы можам гаварыць пра адносны спад інтарэсу да звядзення рахункаў з жыццём, як і ва ўсёй краіне. Але праблема для нас па-ранейшаму стаіць востра, хоць былі часы і больш горшыя для беларусаў у гэтым сэнсе. Пільную ўвагу на гэтую праблему сталі звяртаць дзесьці з 2005 года, сталі шукаць шляхі яе вырашэння і выпрацоўваць той самы комплексны падыход.

– Якія ж найбольш частыя прычыны суіцыдаў і на якія з іх можна паўплываць?
– Прычын многа. Даказана сувязь паміж самагубствамі і сацыяльна-эканамічным станам у краіне. Праводзіліся даследаванні, згодна з якімі ў той краіне, дзе больш сродкаў выдаткавана на сацыяльную падтрымку чалавека, самагубстваў значна менш, чым у краіне са сціплымі выдаткамі. Страта работы, даўгі, безграшоўе – гэта таксама штуршкі да краю бездані. Але зноў жа, суіцыды здараюцца паўсюдна, і ў высокаразвітых краінах таксама. Была ў нас анлайн-канферэнцыя з вядомымі псіхіятрамі з Амерыкі, Францыі, якія займаюцца непасрэдна праблемай самагубстваў. Яны гаварылі, што разглядаюць суіцыд як самастойны феномен, які існуе па сваіх законах. Казалі, што вучоныя ўжо прыступілі да распрацоўкі анцісуіцыдальнага медыцынскага прэпарата, і ў бліжэйшым дзесяцігоддзі ён з’явіцца.

Але пакуль мы вылучаем іншыя прычыны, сярод якіх і алкаголь, а дакладней, яго празмернае ўжыванне, даступнасць. Мне давялося пабываць у Швецыі і пабачыць, што такое эфектыўная антыалкагольная кампанія. Там для пакупкі алкаголю трэба зайсці ў спецыялізаваны магазін, якіх не так і шмат, у нас жа – алкаголь на прылаўках большасці магазінаў, прычым, на любы густ і кашалёк. Між тым, з 15 суіцыдаў, якія здарыліся ў 2014 годзе ў нашым раёне, у 11 выпадках самагубцы былі п’яныя – ад 2,1 да 4 праміле алкаголю было ў іх крыві. Алкаголь адназначна падштурхоўвае да суіцыду. На цвярозую галаву чалавек, можа, такога і не зрабіў бы. Пад уздзеяннем спайсу і іншых наркотыкаў чалавек таксама сябе не кантралюе. А яшчэ сярод прычын самагубстваў – псіхічныя хваробы і ўвогуле любыя цяжкія захворванні накшталт анкалогіі ці ВІЧ, дэпрэсіі, сэксуальныя растройствы, нізкая самаацэнка і іншае. Амаль на ўсе вышэйназваныя прычыны можна паўплываць і змяніць сітуацыю ў лепшы бок.

– Ці пазбаўляюцца жыцця па сваёй волі ў нашым раёне людзі пажылыя – з-за пакутлівай старасці, альбо людзі хворыя невылечнымі хваробамі – з-за болевага сіндрому?
– На жаль, суіцыды сярод старых людзей здараюцца. Здаецца, што чалавек ужо павінен думаць пра Бога, пра вечнае, але не. Яно і зразумела: хваробы таму віной, адзінокая старасць, адсутнасць альбо мінімум падтрымкі з боку дзяцей у некаторых, страта спадарожніка жыцця і да таго ж рэгіднасць псіхікі – калі ўжо нацэліўся пажылы чалавек на штосьці, то давядзе да канца. А вось выпадкаў, калі прычынай самагубства стаў болевы сіндром пры цяжкай хваробе, не памятаю. Медыцынская пазіцыя тут адна: чалавек не павінен пакутаваць ад невыноснага болю ў апошнія дні ці месяцы свайго жыцця – яму гарантавана максімальнае абязбольванне.

– Шокавы стан выклікаюць навіны пра тое, што рахункі з жыццём звёў падлетак, школьнік, асабліва пасля высвятлення прычын. Дзяўчынка выкідваецца з акна пасля двойкі за кантрольную. Вены рэжуцца з-за непадзеленага кахання. Чаму гэта здараецца? Нашы дзеці адзінокія ў сваіх бедах, на ваш погляд?
– На жаль, часта адносіны ў сем’ях фармальныя, дзіцё прадастаўлена камп’ютару. Меркаванне многіх бацькоў – ёсць школа, няхай яна і выхоўвае. Але выратаваць дзіця могуць толькі блізкія адносіны з бацькамі, цёплыя, заснаваныя на даверы. У выхадцаў з так званых дысфункцыянальных сем’яў большая рызыка стаць самагубцамі альбо зарабіць псіхічную паталогію. Маюцца на ўвазе сем’і, дзе ўсё робіцца не так, як гаворыцца. У дзіцяці адбываецца расшчапленне свядомасці. Тата з мамай быццам бы любяць адзін аднаго на словах, на людзях, а сам на сам – сварацца ці б’юцца, хтосьці злоўжывае спіртнымі напоямі, карацей, у сям’і насамрэч няма ладу. Наркатычная і алкагольная залежнасць у падлеткаў уносяць сваю горкую лепту. Фактар рызыкі – увогуле нездаровы лад жыцця, бо там, дзе няма здароўя фізічнага, не будзе і псіхічнага. Яшчэ праблема ў тым, што дзеці не навучаны прымаць паражэнні. Дома, у школе іх арыентуюць на дасягненне выдатных вынікаў. Трэба пакідаць за сабой права на памылку і навучыць гэтаму сваіх дзяцей.

– А як зразумець, што ў чалавека з твайго асяроддзя ўзніклі суіцыдальныя думкі? І што рабіць?
– Сачыць за зменамі ў паводзінах. Чалавек раздае даўгі, просіць прабачэння, развітваецца, заводзіць тэму пра тое, дзе б хацеў быць пахаваным. Самагубцы часта гавораць сваякам перад смерцю нешта накшталт “вы мяне больш не ўбачыце”, “я нікому не патрэбны”. Чалавек накоплівае сродкі для здзяйснення суіцыду – таблеткі ці яшчэ што. З ім абавязкова трэба размаўляць, калі ёсць здагадкі наконт яго страшных намераў. Нават калі патэнцыяльны самагубца проста раскажа пра свае перажыванні, то ўжо знізіць суіцыдальную рызыку. Калі справа сур’ёзная, трэба неадкладна звярнуцца да доктара. Знізіць напружанне чалавека ў крытычнай сітуацыі можа і размова па тэлефонах даверу.

– Людзі ад слова “псіхіятр” і тым больш ад слова “псіхбальніца” гатовы ўцякаць, як ад агню. І антыдэпрэсантаў баяцца, бо прывыканне быццам бы выклікаюць.
– Большасць антыдэпрэсантаў залежнасці і прывыкання не выклікаюць. Існуе шырокі выбар сучасных прэпаратаў, у тым ліку і беларускіх – добрай якасці і па прымальных цэнах. Амаль усе яны адпускаюцца па рэцэптах. Даказана, што ў краінах, дзе спажыванне антыдэпрэсантаў вышэйшае, узровень суіцыдаў ніжэй-
шы. На Захадзе 50-60 працэнтаў антыдэпрэсантаў назначаюцца не псіхіятрамі і псіхатэрапеўтамі, а ўрачамі агульнай практыкі. Так, людзі баяцца патрапіць у псіхбальніцу, але нават суіцыдальная спроба можа не скончыцца лячэннем у стацыянары, таму пужацца не трэба.

– Дарэчы, пра спробы альбо парасуіцыды. Шмат іх здараецца ў раёне? Можна сказаць, што той, хто аднойчы не давёў справу да канца, абавязкова паспрабуе гэта выправіць?
– Спроб самагубства альбо парасуіцыдаў становіцца менш у разы. У нас за мінулы год было не больш дваццаці. Столькім людзям аказвалася дапамога ў бальніцы. Праўда, найхутчэй гэта толькі вяршыня айсбергу. Калі ў чалавека была хоць бы адна суіцыдальная спроба, то рызыку здзейсніць паўнацэнны суіцыд памнажай на 10. Найчасцей парасуіцыдэнты абіраюць у якасці спосабу атручэнне, самапашкоджанне ці павешанне. Лічыцца, што многія суіцыдэнты “іграюць на публіку”, прыцягваюць да сябе ўвагу праз парасуіцыд, але за самай дэман-
страцыйнай спробай заўсёды стаіць рэальная пагроза. Спроба – гэта крык адчаю і просьба аб дапамозе.

– А можна скласці псіхалагічны партрэт самагубцы?
– Я задавалася такой мэтай. Атрымалася, што гэта мужчына сярэдніх гадоў, які нідзе не працуе альбо мае часовыя заробкі, жыве адзін, з мамай ці з сужыцелькай, злоўжывае спіртнымі напоямі, у якасці спосабу пазбаўлены жыцця абірае павешанне. Прычына яго фатальнага рашэння часта застаецца незразумелай: найхутчэй алкаголь завёў у тупік. Але суіцыды здараюцца ў розных сацыяльных і ўзроставых групах.

– Ну, а як навучыцца жыць так, каб мінаць тупікі?
– У кожнага чалавека павінны быць арыенцір, унутраны план, і калі ён выконваецца, наступае задавальненне ад жыцця. Падзялюся асабістым. Я чалавек праваслаўны, і лічу, што наведванне царквы нясе карысць псіхіцы і напаўняе энергіяй. Рэлігія вучыць цярпенню, прабачэнню, разуменню, унутранай дысцыпліне – а гэта тыя якасці, якія ў сучасным свеце дапамагаюць захаваць раўнавагу. Праваслаўная царква дае дакладныя духоўныя арыенціры. Да таго ж самагубства – грэх, бо самагубца адмаўляецца ад самога Бога, ад самога дару жыцця. Акрамя рэлігіі стрымліваючым фактарам для жанчын (але не для мужчын!) з’яўляюцца дзеці і нават дамашнія жывёлы. Увогуле, для кожнага гэта нешта сваё, асабліва дарагое.

– Ці быў у вашай урачэбнай практыцы выпадак, калі ўдалося адгаварыць чалавека ад суіцыду, і эфект ад размовы доўжыцца доўгія гады?
– Каб судзіць пра эфект, трэба пастаянна назіраць за чалавекам. Такой магчымасці няма. Але раскажу пра цікавы выпадак. Мужчына ў нашым раёне здзейсніў сур’ёзную спробу самагубства. Ён не быў з тых, хто выпаў з жыцця – адэкватны чалавек, не стары. І вось падчас гутаркі з ім у рэанімацыі высвятляецца, што ён падазраваў у сябе сур’ёзную невылечную хваробу. Нечый намёк на магчымы дыягназ ён успрыняў як прысуд і вырашыў доўга не мучыцца. Абследавалі яго прама ў рэанімацыі за паўгадзіны. Знайшлі хваробу, якая вылечвалася за тры тыдні. Светапогляд чалавека змяніўся на вачах, жыццё павярнулася на 180 градусаў, зніклі ўсе суіцыдальныя думкі. Часта гаворыш з людзьмі пасля парасуіцыду, і высвятляецца, што прычына самагубства – у матэрыяльных праблемах. А падчас гутаркі знаходзяцца шляхі вырашэння гэтай праблемы. Трэба разумець, што бязвыхадных сітуацый не так ужо і шмат. На многае ў жыцці мы можам паўплываць, многае чалавеку пад сілу, акрамя вяртання з таго свету. Назад дарогі няма, гэты білет – у адзін канец.
З доктарам гутарыла Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий