У чаканні цуду

3 марта 2016 - Administrator
article2283.jpg

 Многія сем’і б’юцца як рыба аб лёд у жаданні займець немаўля – і нічога. На свае вочы бачу маладых жанчын, якія гадамі не губляюць надзею стаць маці, лечацца, шукаюць выйсця. І апошнім часам, здаецца, нават у маім сціплым акружэнні іх становіцца ўсё больш. Што ж змянілася ў нашым жыцці ў горшы бок? Чаму такая натуральная з’ява, як цяжарнасць, становіцца для многіх праблемай? Гэта тое галоўнае пытанне, з якім я рушыла да загадчыцы жаночай кансультацыі УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Наталлі Кавалевіч, але спыталася і пра многае іншае.


– Наталля Пятроўна, ці правільна я разумею, што бясплоддзе – гэта ненаступленне цяжарнасці пры ўмове рэгулярнага палавога жыцця без засцярогі на працягу года?

– Так, гэта вернае тлумачэнне. Мужу і жонцы лепш не адцягваць візіт  да ўрачоў, калі такое здарылася ў іх жыцці. Праўда, трэба зазначыць, што бясплоддзе бывае абсалютным і адносным. Абсалютнае азначае, што магчымасць цяжарнасці выключаная цалкам з-за анамаліі развіцця палавых органаў альбо іх адсутнасці. Адноснае – немагчымасць мець дзіця менавіта з гэтым мужчынам, бо  прычына бяз-

дзетнасці – у ім. Яшчэ яно бывае пярвічным і другасным. Пры пярвічным у анамнезе няма ўказання на наяўнасць хоць бы адной цяжарнасці пры ўмове рэгулярнага палавога жыцця. Другаснае – калі жанчына была цяжарнай раней, але больш ёй гэта не ўдаецца на працягу года пасля папярэдняй цяжарнасці, нягледзячы на жаданне быць маці.


– Вось Вы закранулі тэму мужчынскага бясплоддзя. Гэта распаўсюджаная з’ява?

– Значна больш распаўсюджаная, чым была раней. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, мужчынскае бясплоддзе сустракаецца ў 50-60 працэнтах бяздзетных шлюбаў. Таму для ўстаноўкі прычын бясплоддзя, для ацэнкі стану рэпрадуктыўнай функцыі і муж, і жонка абследуюцца адначасова – гінеколагам і ўролагам-андролагам. Увогуле ж, у Брэсцкай вобласці 18 працэнтаў шлюбаў бясплодныя. Гэта, лічы, амаль кожная пятая сям’я. Бясплодных апошнім часам сапраўды стала больш.


– Прынята вінаваціць у гэтым занадта вольны лад жыцця людзей: ранні пачатак палавога жыцця, інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам, выкарыстанне гарманальных кантрацэптываў, аборты. Але тады растлумачце, чаму пакутуюць ад бясплоддзя людзі, для якіх усё гэта не характэрна? 

– Прычыны бясплоддзя розныя. Найчасцей гэта запаляльныя ці энда-крынныя захворванні, парокі развіцця рэпрадуктыўнай сістэмы, імуналагічныя праблемы. Ёсць розныя думкі на гэты конт. Некаторыя даследчыкі сведчаць, што 90 працэнтаў выпадкаў мужчынскай эрэктыльнай дысфункцыі звязана з псіхалагічнымі фактарамі. І толькі ў 10 працэнтах выпадкаў выкліканы рэальнымі фізічнымі хваробамі. Тое, што псіхалагічныя фактары ўплываюць і на жанчын, пацвярджае само жыццё. Вядома шмат выпадкаў, калі бясплодная жанчына зацяжарвала пасля таго, як нараджала дзіця пасля ЭКА ці пасля таго, як узяла дзіця з дзіцячага дома. Чаму? Бо пераставала перажываць наконт сваёй бяздзетнасці, жыць у пастаянным стрэсе. Мы можам гаварыць і пра дрэннае ўздзеянне экалогіі на людзей, пра харчаванне, далёкае ад ідэалу. Нават сужыцельства, на мой погляд, можа паўплываць на адсутнасць дзяцей у сям’і. Калі жанчына жыве ў грамадзянскім шлюбе і скардзіцца на адсутнасць цяжарнасцей, я заўжды раю ўзаконіць адносіны і павянчацца. Практыка паказвае, што парада гэтая дзейсная. Нярэдка цяжарнасць не наступае, бо прапушчаны ідэальны ўзрост для нараджэння першага дзіцяці –  жанчына вырашае нарадзіць толькі пасля 30 гадоў. Бачыце, не абавязкова весці нездаровы лад жыцця, каб аказацца “па той бок барыкад”. Але дрэнныя звычкі дакладна шкодзяць рэпрадуктыўнай сістэме. І не толькі частая змена палавых партнёраў, але і курэнне, злоўжыванне алкаголем, прыём наркотыкаў.


– Дык а што рабіць для прафілактыкі бясплоддзя?

– Адмовіцца ад дрэнных звычак, калі яны ёсць, павышаць сваю сэксуальную граматнасць, лячыць усе хранічныя захворванні. Трэба быць здаровым целам і душой. І не саромецца звярнуцца да доктара своечасова, не запускаючы магчымую хваробу. Сёння ў многіх выпадках бясплоддзе не прысуд. Жанчынам раю не радзей за два разы ў год паказвацца гінеколагу. Дарэчы, цікавы факт. Некаторыя даследчыкі лічаць, што моцнае ўздзеянне на арганізм аказвае лаянка з сэксуальным падтэкстам. Чалавек, калі лаецца такімі словамі, адчувае прыток у кроў мужчынскіх палавых гармонаў, што выклікае прыліў сіл, эйфарыю. А пасля – спад настрою, бяссілле палавой сферы і эндакрыннай сістэмы. Увогуле, лаянкавыя словы ўздзейнічаюць на генетычным узроўні, асабліва ў жанчын.


– Добра. А што калі бяда здарылася – хтосьці ў сям’і бясплодны, няхай сабе гэта жанчына. Якое лячэнне яна можа атрымаць у Івацэвіцкай раённай бальніцы?

– Лячэбна-дыягнастычныя мера-прыемствы па бясплоддзю здзяйсняюцца на трох асноўных узроўнях з павелічэннем аб’ёмаў даследавання і складанасці метадаў лячэння. Асноўная задача акушэр-гінеколагаў раённай жаночай кансультацыі – выявіць і паставіць на дыспансерны ўлік бясплодныя пары. У нашых умовах магчыма мінімальнае абследаванне і лячэнне, далей людзей накіроўваюць на другі, трэці ўзровень, дзе магчыма больш дасканалая дыягностыка фактараў бясплоддзя, а таксама спецыялізаваная дапамога. Яна ўключае ў сябе і хірургічныя метады, і дапаможныя рэпрадуктыўныя тэхналогіі ці ДРТ.


– Пад  ДРТ Вы маеце на ўвазе экстракарпаральнае апладненне (ЭКА), сурагатнае мацярынства? Ці ёсць у нас у раёне дзеткі, народжаныя пасля ЭКА?

– Так, і ЭКА таксама, але ёсць і іншыя методыкі, абіраюцца яны ў залежнасці ад сітуацыі. ДРТ – гэта такая тэрапія бясплоддзя, калі ўсе альбо асобныя этапы зачацця і ранняга развіцця эмбрыёнаў ажыццяўляюцца па-за межамі арганізму маці. За 2015 год у Брэсцкай вобласці ў рэзультаце дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій зацяжарылі 119 жанчын. Трэба сказаць, што тое ж ЭКА каштуе не малых грошай. А з першай спробы зацяжарыць атрымліваецца далёка не заўсёды. Але для многіх людзей гэта ці не адзіны спосаб займець дзіця, таму працэдура папулярная. І ў нашым раёне ёсць дзеткі, народжаныя пасля ЭКА. Але па этычных прычынах гэта ўся інфармацыя, якую я магу пра гэта паведаміць. Больш падрабязна пра ЭКА можна даведацца ў тых медыцынскіх установах, дзе яно практыкуецца. Бо я ў гэтым пытанні тэарэтык. Але скажу, што жанчыне трэба сто разоў абдумаць гэты крок, узважыць на вагах здаровага сэнсу ўсе “за” і “супраць”, бо адказнасць за ўсе магчымыя наступствы нясе толькі яна. А напрыканцы размовы хачу падкрэсліць, што сур’ёзным фактарам рызыкі ў пытанні бясплоддзя застаюцца аборты. Пазбаўленне ад дзіцяці сёння можа адгукнуцца заўтра, калі дзіця будзе і надта патрэбнае, але нарадзіць яго будзе няпроста.

З доктарам гутарыла Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий