Заўсёды разам!

20 июня 2017 - Administrator
article3240.jpg

 16 чэрвеня ў райцэнтры ў аддзяленні №5 паштовай сувязі прайшоў чарговы раённы Дзень падпісчыка. Традыцыйна раёнка брала ў ім удзел, і супрацоўнікі “ІВ” наведаліся на пошту, дзе нас ужо чакала чарга нашых пастаянных чытачоў. 


Шмат добрых слоў пачулі мы ў гэты дзень. Дзякавалі падпісчыкі за цікавыя матэрыялы, новыя праекты, конкурсы і віктарыны. “Чытаю раёнку ад коркі да коркі”, – гаворыць адна з падпісчыц. “А мне падабаюцца навіны пра спорт”, – кажа другая. Дарэчы, аўтару гэтых радкоў было прыемна пачуць, што новы праект для жанчын “Шпілька” таксама выклікаў інтарэс у чытачоў. А маладая маці Вольга Кушнер з Івацэвічаў, якая зазірнула на пошту ў гэты дзень з маленькім сыночкам Арцёмкай (на здымку), адзначыла і новую рубрыку “Дзіцячы доктар”: “Вельмі каштоўныя парады там можна прачытаць. Яшчэ люблю чытаць палітычныя навіны, рэпартажы з мерапрыемстваў, бо, знаходзячыся ў дэкрэтным водпуску, не заўсёды ёсць магчымасць сачыць за навінамі, а што тычыцца менавіта мясцовых падзей, дык аб гэтым наогул больш нідзе не даведаешся. Раёнку наша сям’я выпісвае ўжо не адзін год. Дзякуй вам за цікавую і пазнавальную газету!”.

Разынкай гэтага Дня падпісчыка стала выступленне вакальнага ансамбля “Спявай, душа” Падстарынскага СДК пад кіраўніцтвам Вольгі Пракаповіч. Творчы калектыў гледачам прадставіла Алена Шэлест, рэжысёр дзяржаўнай установы культуры “Івацэвіцкая раённая клубная сетка”. На працягу двух гадзін жанчыны ў нацыянальных касцюмах так яскрава і звонка выконвалі песні пад баян, што Валянціна Харужая, адна з наведвальніц пошты, заспявала разам з калектывам. А яшчэ былі танцы. Дарэчы, пастаянныя ўдзельнікі Дня падпісчыка з захапленнем і ўсмешкай на твары гаварылі: “Такога яшчэ не было”.

За час акцыі на раёнку падпісаліся больш за 30 чалавек. Усе яны атрымалі памятныя падарункі ад любімай раёнкі. І ў сваю чаргу пажадалі супрацоўнікам “ІВ” здароўя, настрою, творчых поспехаў у рабоце і добрых навін!
Ну, а мы нагадваем, што яшчэ ёсць час падпісацца на “Івацэвіцкі веснік”. Пры гэтым тыя, хто аформіў ці аформіць падпіску на раёнку на 2-е паўгоддзе 2017 года (можна паквартальна), маюць права на атрыманне 5% зніжкі на ўсе неакцыйныя тавары ў магазіне бытавой тэхнікі “БУМ” (г. Івацэвічы, вул. Савецкая, 9) і плюс 2% зніжкі на акцыйныя тавары. Для гэтага пры набыцці тавара трэба прад’явіць квітанцыю аб падпісцы на раённую газету “Івацэвіцкі веснік” на 2-е паўгоддзе 2017 года. 
Падпісвайцеся на “ІВ” і заставайцеся з намі! 
Дар’я УДОВІНА, 
фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
ХХХ 
Рэдакцыя выказвае шчырую падзяку аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і ўдзельнікам вакальнага ансамбля “Спявай, душа” Падстарынскага СДК за дапамогу ў правядзенні раённага Дня падпісчыка.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий