Заззяла галоўная ёлка раёна

20 декабря 2017 - Administrator
article3620.jpg

 У аўторак, 19 снежня, заззяла рознакаляровымі агеньчыкамі галоўная ёлка раёна, шчодра адорваючы ўсіх прысутных святочным настроем. Забягаючы наперад, трэба сказаць, што народу на цэнтральнай плошчы райцэнтра сабралася шмат. Прыемна, што некаторыя па добрай традыцыі прыходзілі на свята ўсёй сям’ёй. І дзеці, і дарослыя чакалі цудаў. І сапраўды, цуды пачалі спаўняцца яшчэ на пачатку свята.


Усіх, хто завітаў у госці да лясной прыгажуні, сустракала каманда вясёлых снегавікоў – акцёраў “Тэатра гульні” ДУДА “Цэнтр дзіцячай творчасці г. Івацэвічы” (педагог Ала Мельянчук), якія так шчыра танцавалі, што устаяць на месцы было немагчыма. А з такімі танцамі і холад быў не страшны. Калі дыскатэка ў снегавікоў скончылася, яны вырашылі паклікаць на свята галоўных навагодніх герояў – Дзеда Мароза і Снягурку. Якое ж было здзіўленне дзетвары, калі на плошчы паказаліся цэлых пяць дуэтаў казачных герояў! У гэтым годзе ў свяце прымалі ўдзел дуэты  настаўнікаў і вучняў ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна”, ДУА “СШ №1 г. Івацэвічы”, ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы”, ДУА “Воленская СШ”, ДУА “Цэнтр дзіцячай творчасці г. Івацэвічы”. Ды і прыехалі яны не проста так, а як і належыць сапраўдным чарадзеям – на казачнай карэце. У гэты момант на цэнтральнай плошчы ад ўспышак фотаапаратаў, здавалася, стала светла як днём. Дзеды Марозы і Снягуркі некалькі хвілін не маглі ўзняцца на сцэну, бо кожнае дзіця хацела дакрануцца хаця б да барады і ўпэўніцца – сапраўдны!

 
Калі яны ўсё ж такі апынуліся на сцэне, выявілася, што мех з падарункамі скраў мафіозі Барбоскін і патрабаваў выкуп – усе прысутныя павінны былі запаліць агні на ёлцы і танчыць да ўпаду. Каб запаліць ёлку, Дзед Мароз і Снягурка запрасілі на дапамогу вучаніцу ДУА “Сярэдняя школа №4” Ксенію Каляду, пераможнцу алімпіяд па матэматыцы і рускай мове. Разам з прысутнымі яны прамовілі заклінанне і, як па ўзмаху чароўнай палачкі, галоўная ёлка раёна заззяла рознакаляровымі агеньчыкамі. 

Потым эстафету віншаванняў прыняў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ігар Куіс. Ён павіншаваў усіх з Новым годам, а школьнікаў – з хуткім надыходам канікул. А потым расказаў пра яшчэ адзін падарунак дзятве – святочны салют. І пад гучныя апладысменты і дзіцячы смех, цёмнае неба размалявалі рознакаляровыя пырскі феерверкаў. 
 
 
А пасля каля лясной прыгажуні выстраіўся такіх памераў карагод, якіх яшчэ не бачыла гэтая плошча. І дзеці, і дарослыя закружыліся ў ім. 
Дарэчы, у гэтым годзе на плошчы шырока развярнуўся гандаль – было шмат кропак, дзе прадаваліся цацкі, паветраныя шарыкі, поп-корн, салодкая вата, а таксама можна было нават пакатацца на каруселях.

Той факт, што заззяла галоўная ёлка раёна, напэўна, не абмінула ўвагай і нябесная канцылярыя і вырашыла, што святы сапраўды блізка і прыйшла пара “ўключыць” снег. Урачыстае адкрыццё ёлкі, па добрай традыцыі, адкрывае чаргу святаў і ранішнікаў у раёне. Таму навагодняя казка толькі пачынаецца. 
Ганна Ільяшэвіч, фота аўтара. 
Комментарии (0)
Добавить комментарий