Адбельванне зубоў – цяпер і ў Івацэвічах

14 октября 2016 - Administrator
article2737.jpg

 Шэраг новых платных паслуг прапануе пацыентам стаматалагічнае аддзяленне раённай бальніцы, сярод якіх – і хімічнае адбельванне зубоў. Каля дзесяці жыхароў раёна ўжо скарысталіся магчымасцю наблізіць сваю ўсмешку да галівудскай, і вы можаце далучыцца да іх ліку. 

Адзін адбелены зуб абыдзецца прыкладна ў 10 рублёў (ці 100 000 рублёў старымі грашыма). 

Трэба сказаць, што ў нашай стаматалагічнай паліклініцы і раней практыкавалі адбельванне зубоў, але механічнае, якое заключаецца ў прафесіянальнай чыстцы зубоў, у тым ліку з дапамогай ультрагуку. Калі пазбавіць зубы ад налёту і зубных камянёў, то яны стануць бялейшымі без уздзеяння на структуру эмалі. Падобная прафесіянальная чыстка цяпер папярэднічае адбельванню хімічнаму, падчас якога на зубы наносяцца спецыяльныя саставы (лакі, гелі), якія разбураюць пафарбаваныя неарганічныя злучэнні ўнутры эмалі, змяняючы яе колер. 

Як патлумачыў загадчык стаматалагічнага аддзялення УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Юрый Кавалевіч, працэдура адбельвання бязбольная, зубы можна зрабіць святлейшымі і на два тоны, але для захавання эфекту пажадана паўтараць адбельванне раз у паўгода, а таксама пільна сачыць за гігіенай. Перавага хімічнага адбельвання перад механічным відавочная, але трэба разумець, што эфект залежыць ад зыходнага стану зубоў. Калі эмаль занадта цёмная, то зрабіць зубы беласнежнымі не атрымаецца – тут патрэбны іншыя тэхналогіі. 

Безумоўна, у кабінетнага (офіснага) адбельвання ёсць перавагі і перад адбельваннем дамашнім. Ёсць у продажы і карыстаюцца попытам спецыяльныя сістэмы для адбельвання, рэкамендаваныя для выкарыстання дома, але эфект ад іх не такі адчувальны, як пасля прафесійных паслуг стаматолага. А калі ў чалавека ёсць праблемы з зубамі, карыес, напрыклад, бескантрольнае адбельванне можа і нашкодзіць, падкрэсліў урач. А вось адбельваючыя пасты асаблівай шкоды не нясуць, калі ведаць меру, бо выкарыстоўваць іх пастаянна не пажадана.
Якія яшчэ новаўвядзенні стаматалагічнай паліклінікі могуць зацікавіць? У кабінетах аддзялення праведзены рамонт, і цяпер яны выглядаюць па-сучаснаму. Для аддзялення набыты візіограф – апарат, які ўяўляе сабой датчык, што прымае рэнтгенаўскае выпраменьванне і пасля апрацоўкі імгненна адпраўляе дадзеныя на камп’ютар. Такім чынам, якасць здымкаў, якія няма патрэба выводзіць на плёнку, узрастае ў разы, а шкода ад рэнтгенаўскага ўздзеяння на арганізм у разы змяншаецца. 

Укараняецца  выкарыстанне керамікі на аснове аксіду цырконію, а таксама прэс-керамікі (E.max), якія дазваляюць дасягнуць максімальнай эстэтыкі ад пратэзавання – зубы выглядаюць, як свае. Плануецца ў хуткім часе прапаноўваць пацыентам і такую паслугу, як пратэзаванне на імплантатах (з папярэдняй хірургічнай падрыхтоўкай у Баранавічах). Тэхналогія мае на ўвазе ўжыўленне ў  сківіцу імплантата, на які потым мацуецца штучная каронка – і на зубы, што суседнічаюць побач з імплантатам, ён ніяк не ўплывае. 
Падрыхтавала 
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий