Аптэкі раёна гатовы да сезону грыпу і прастуд

13 декабря 2016 - Administrator
article2845.jpg

 Зіма ўступіла ў свае правы, толькі пакуль не надта ўпэўнена – лёгкія маразы змяняюцца адлігай. Прастудзіцца ў такое надвор’е прасцей простага. Пад’ём захворванняў на вострыя вірусныя інфекцыі і грып чакаецца ў Беларусі крыху пазней, але хто-хто, а фармацэўты павінны быць гатовы да яго загадзя. Як расказала карэспандэнту “ІВ” загадчыца Івацэвіцкай цэнтральнай раённай аптэкі №9 Наталля Азарка, аптэкі раёна ўжо сёння могуць прадаставіць шырокі выбар лекавых прэпаратаў, эфектыўных супраць прастуды, а таксама грыпу. 


Міністэрства аховы здароўя Беларусі выдала загад, згодна з якім у перыяд прастудных захворванняў у аптэках краіны ўсіх катэгорый у абавязковым парадку  павінен быць пэўны набор лекавых сродкаў, пералік якіх устаноўлены ведамствам. Таму супрацоўнікі Івацэвіцкай ЦРА №9 праводзяць штотыднёвы маніторынг, каб паглядзець, ці ва ўсіх аптэках ёсць прэпараты, што патрабуюцца, і ў якой колькасці.

Па словах Наталлі Азарка, найбольшай папулярнасцю ў людзей карыстаюцца такія процівірусныя прэпараты, як “АнГриМакс”, “Арпетол”, “ОРВИ Колд” – хоць акрамя іх ёсць і “Гриппомикс”, “Антигриппин”, “Гростудин”, “Афлумед” і іншыя прэпараты з рознымі смакамі і не менш эфектыўныя. Людзі палюбілі купляць беларускае, асабліва прэпараты ад насмарку айчыннай вытворчасці, а ў наяўнасці ёсць і кроплі, і спрэі, прычым, нават для нованароджаных. Добра рэалізуюцца апошнім часам беларускія сіропы – з шыпшыны, трыпутніка, чабору і іншыя. Бяруць вітаміны – цяпер акурат такі час, калі арганізм трэба падтрымаць. 

Яны ёсць самыя розныя, ад аскарбінкі да полівітамінных комплексаў на любы кашалёк. Ёсць і беларускія, якія выпускае драгічынскі завод “ЭКЗОН” і барысаўскія заводы "Аматэг" і "БіяТэра".
Што тычыцца прэпаратаў, эфектыўных супраць грыпу, то сёлета, як, дарэчы, і ў мінулым годзе, гэта беларускі прэпарат “Флустоп” і імпартны “ТамиФлю”. Яны таксама ёсць у наяўнасці ў аптэках у дастатковай колькасці. Айчынны “Флустоп” каштуе 22 рублі, “Тамифлю” даражэйшы амаль у тры разы. Тым не менш, у перыяд пад’ёму захворванняў на грып і вострыя вірусныя інфекцыі людзі набывалі і гэтыя прэпараты.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий