Дзень здароўя ў цэнтральнай аптэцы

25 сентября 2017 - Дарья Вдовина
article3436.jpg

Напярэдадні сусветнага дня фармацэўтаў мы сустрэліся з загадчыцай Івацэвіцкай цэнтральнай раённай аптэкі №9 Наталляй Азарка, каб даведацца, што ўяўляе сабой сёння раённая аптэчная сетка і якія яе перспектывы развіцця.

 

У нашым раёне зараз функцыянуе 19 аптэк, з іх 12 – у Івацэвічах. Яны размешчаны ў розных кутках горада,  што вельмі зручна для пакупнікоў.
 
– Усе нашы аптэкі актыўна наведваюцца, у кожным мікрараёне свой спажывец, і мясцовыя фармацэўты добра ведаюць патрабаванні і просьбы пакупнікоў. У апошні час некалькі аптэк было адчынена ў памяшканнях гандлёвых цэнтраў. Так бы мовіць, актыўна ідзём у народ. Аптэкі павінны знаходзіцца ў крокавай даступнасці, мы намагаемся, каб людзям было камфортна. Амаль у кожнай аптэцы ёсць невялічкае фае з канапай і столікам, дзе наведвальнікі могуць трошкі адпачыць. Пільную ўвагу надаем афармленню, кожная аптэка мае свой “твар”.  У бліжэйшых планах – касметычны рамонт у аптэцы №149 па вул. Дэпутацкай, а таксама адкрыццё новай аптэкі, – расказала Наталля Азарка.
 
У аптэках устаноўлена сучаснае функцыянальнае абсталяванне, якое дазваляе больш хутка і якасна абслугоўваць пакупнікоў. Працоўныя месцы фармацэўтаў аснашчаны камп'ютарнай-касавай сістэмай і плацежным тэрміналам. Але, як адзначыла загадчыца Івацэвіцкай цэнтральнай раённай аптэкі, галоўнае ўпрыгожванне аптэк – гэта іх работнікі. Спецыялісты заўсёды гатовы прадаставіць вам інфармацыю аб наяўнасці лекавых сродкаў у дзяржаўных аптэках горада, пракансультаваць аб правілах прыёму лекаў, умовах захоўвання і іншых пытаннях. Кадры аптэчнай сеткі кожны год папаўняюцца маладымі спецыялістамі. Што паказальна, большасць не з'язджае, а застаецца працаваць у Івацэвічах.
 
У аптэках Брэсцкага РУП “Фармацыя” дзейнічае гнуткая сістэма скідак. Пенсіянерам, шматдзетным сем'ям, дзецям ва ўзросце да 3 гадоў, інвалідам усіх катэгорый прадастаўляецца скідка ў памеры 5% ад рознічнай цаны на лекі беларускай вытворчасці. Уладальнікі індывідуальнай электроннай “Карты для медыцынскага абслугоўвання” і банкаўскіх картак “Моцная картка” таксама атрымліваюць 5-працэнтную скідку на айчынныя лекавыя сродкі, 2-працэнтную – на лекі замежнай вытворчасці. Дзейнічаюць і сезонныя скідкі: на сонцаахоўныя сродкі, падгузнікі, ахоўныя сродкі ад насякомых і іншыя. Зараз праходзіць сумесная акцыя аптэк Брэсцкага РУП “Фармацыя” з аквапаркам “Лебяжий”, які знаходзіцца ў Мінску. Пры куплі ў аптэцы на 20 і больш беларускіх рублёў у чэку прадастаўляецца 50-працэнтная скідка на наведванне аквапарку. Акцыя будзе доўжыцца да 31 снежня.
 
У рамках сусветнага дня фармацэўта ў аптэках Брэсцкага РУП “Фармацыя” будзе праходзіць акцыя: з 25 па 29 верасня кожны пакупнік атрымае скідку 7% на лекавыя сродкі айчыннай вытворчасці.
 
У гэтыя дні ў аптэках прадстаўнікі айчыннай фармакалагічнай прамысловасці будуць праводзіць кансультацыі па ўжыванні лекавых сродкаў, якія яны вырабляюць. У цэнтральнай аптэцы 29 верасня з 12 да 14 гадзін будзе сустракацца з пакупнікамі прадстаўнік ААТ “Рубікон”. Таксама на сустрэчу будуць запрошаны медыцынскія работнікі цэнтральнай раённай бальніцы. Кожны жадаючы зможа вымераць артэрыяльны ціск,  вагу і даведацца свой індэкс масы цела. А спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі раскажуць аб пытаннях правільнага харчавання і фарміравання здаровага ладу жыцця.  
 
Ганна Ільяшэвіч.
Комментарии (0)
Добавить комментарий