Крок насустрач пацыенту

1 июня 2015 -
article1734.jpg

 Яшчэ 30-40 гадоў назад дыягназ “нырачная недастатковасць” гучаў як прысуд. За гэты час медыцына зрабіла велізарны крок наперад; хворыя з такім дыягназам могуць жыць паўнавартасным жыццём дзесяцігоддзі – сучаснае абсталяванне і сучасныя метады лячэння дазваляюць гэтага дабіцца. 

І вельмі прыемна, што такія змены маюць прамое дачыненне і да нашага раёна: у мінулы чацвер, 28 мая, у Івацэвіцкай ЦРБ было ўрачыста адкрыта аддзяленне гемадыялізу – аддзяленне, дзе будуць праходзяць нырачназамяшчальную тэрапію пацыенты, якія пакутуюць на нырачную недастатковасць.

Падчас цырымоніі адкрыцця галоўны ўрач УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Васіль Юзэфовіч, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец, начальнік упраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама Святлана Крапівіна звярнулі ўвагу не толькі на тое, што гэта сапраўды вельмі зручна для пацыентаў – мець такое аддзяленне, але і на тое, што дзяржава і кіраўніцтва раёна зрабілі вялікі крок насустрач людзям. Затрачана 5,9 мільярдаў рублёў, з іх каля паловы – на самае сучаснае абсталяванне (шэсць імпартных апаратаў “штучная нырка”, сістэма ачысткі вады для дыялізу і іншае), якое па сваіх характарыстыках не саступае аналагам, што знаходзяцца ў суседніх гарадах – Пінску, Баранавічах, Бярозе. Васіль Юзэфовіч пакрэсліў: літаральна кожны год райбальніца прырастае новымі аб’ектамі, звярнуў увагу, што яму амаль кожны тыдзень тэлефанавалі хворыя, якія цікавіліся – калі адкрыецца аддзяленне, а таксама выказаў удзячнасць за разуменне і падтрымку раённай уладзе, упраўленню аховы здароўя аблвыканкама, будаўнікам – УП “Івацэвіцкая ПМК-11", КУПБП “Івацэвічы райУКБ”.

І вось пераразаецца сімвалічная чырвоная стужка. Госці заходзяць у новае аддзяленне, знаёмяцца з яго калектывам. Тут знаходзяцца пяць пацыентаў – усе з Целяханшчыны, што ўжо праходзяць нырачназамяшчальную тэрапію. 

Прысутным удалося пагаварыць з пацыентамі аддзялення. Мікалай Чырко і Віктар Абрамчук з Целяхан адзначылі, што гэта вельмі зручна – лячыцца ў сваёй бальніцы, бо падчас праходжання падобных працэдур у Пінску яны адчувалі сябе “чужымі людзьмі”, а вось тут, у сваім раёне, яны адчуваюць сябе як дома. Пацыенты прыемна здзіўлены тым, наколькі добра абсталяваны палаты, нават ёсць тэлевізары, а медыцынскі персанал радуе сваёй ветлівасцю і спагадлівасцю.

На сённяшні дзень 11 жыхароў раёна маюць вострую неабходнасць у  праходжанні нырачнзамяшчальнай тэрапіі, стан здароўя каля 20 чалавек – “пагранічны”, г.зн., падобная тэрапія ім магчыма будзе патрабавацца ў самы блізкі час. Аддзяленне гемадыялізу будзе працаваць у дзве змены, хворыя з суседняй Бярозы будуць праходзіць лячэнне ў Івацэвічах. На жаль, гэтае вельмі складанае захворванне – нырачная недастатковасць – турбуе ўсё больш і больш людзей. Дарэчы, абслугоўванне на гемадыялізе аднаго пацыента ў год абыходзіцца дзяржаве каля 7000 долараў у год, гэтае лячэнне хворы чалавек атрымлівае ў нас бясплатна.

Аляксандр ГОРБАЧ, Валерый МІСКЕВІЧ (фота).

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий