Саступілі толькі Брэсту

26 мая 2017 - Administrator
article3178.jpg

 Дуэт урачоў-стаматолагаў-артапедаў стаматалагічнага аддзялення УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Юрыя Кавалевіча і Рамана Струнеўскага прывёз з абласнога этапа конкурсу прафесійнага майстэрства, які прайшоў 13 мая ў Брэсце, дыплом II ступені. Нашы стаматолагі саступілі калегам з Брэста ўсяго паўбала! І гэта, лічу, наша асабістая перамога.


Мы абышлі вопытных майстроў з Брэста, Пінска, Баранавіч, Пружан і Белаазёрска. Сёлета ва УАЗ “Брэсцкая стаматалагічная паліклініка” паспрабаваць сябе прыехалі восем урачоў. Канкурэнцыя была вялікай, але мы не пакінулі шанцу: 23,5 бала з 25 магчымых ад журы атрымалі нашы ўрачы. У пары працавалі Юрый Кавалевіч, загадчык стаматалагічнага аддзялення, урач-стаматолаг-артапед з 14-гадовым стажам, асісціраваў яму  таксама ўрач-стаматолаг-артапед Раман Струнеўскі, які ў прафесіі два гады. То была стаўка на вопыт, а з ім на прафесіяналізм, і на маладосць, а значыць, на інавацыйны падыход да работы. Нашы ўрачы не памыліліся – і сталі другімі.

Нагадаем, сам конкурс прафесійнага майстэрства малады, сёлета ён праходзіў у шосты раз. Арганізатар – Беларуская стаматалагічная асацыяцыя. Удзельнікі конкурсу чаргуюцца, адзін год за званне лепшых спаборнічаюць урачы-стаматолагі-тэрапеўты, на другі год сябе спрабуюць урачы-стаматолагі-артапеды. Пераможцы абласных этапаў пасля працягваюць удзел у рэспубліканскім. 
Так, у практыцы маладога Рамана Струнеўскага гэта ўжо другі конкурс, у мінулым годзе ён асісціраваў урачу-стаматолагу-тэрапеўту Арцёму Лушчыцу, і тады нашы спецыялісты былі трэцімі ў вобласці, зараз мы падняліся яшчэ на адну прыступку вышэй. Добрая тэндэнцыя, ці не так? Згодны з аўтарам публікацыі і наш прызёр Юрый Кавалевіч, гэта першы ўдзел урача ў падобным конкурсе за доўгі працоўны шлях, а таму гэта была ў нейкім сэнсе аванцюра.

– Гэта сапраўды мой першы конкурс, бо не такая ў яго доўгая гісторыя. І тут у мяне быў двайны інтарэс: як урачу, мне было цікава паназіраць за работай калег і зразумець чаго я варты. А з другога боку, як загадчыка аддзялення, мяне, канечне, цікавілі навінкі ў рабоце, інавацыйныя падыходы, напрыклад, брэсцкіх урачоў. Мы і надалей будзем прымаць удзел у конкурсах прафмайстэрства, бо нельга развівацца ў прафесіі і ісці наперад, калі ты “варышся ў адным саку” шмат гадоў, конкурс – такі добры штуршок да новага.
Журы ацэньвала па пяцібальнай шкале кожны з пяці этапаў работы ўрачоў, дарэчы, усе пары везлі на конкурс сваіх пацыентаў і працавалі ўрачы сваім інструментам. Многія вяршыні гэтага конкурсу намі ўжо ўзятыя, засталося толькі трапіць на рэспубліканскі этап у Мінск. Гэтага мы пажадаем нашым урачам, а пакуль жа шчыра віншуем пераможцаў!   
Наталля ГЕРБЕДЗЬ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий