У Івацэвічах – новая аптэка

6 декабря 2016 - Administrator
article2831.jpg

 Новая дзяржаўная аптэка 5-й катэгорыі адчыніла свае дзверы для наведвальнікаў. Месціцца яна ў Івацэвічах, у гандлёвым цэнтры па адрасе: вул. Механізатараў, 7 Е (каля магазіна “Домашний”). 


– Сёння тут прадстаўлена каля трох тысяч аптэчных тавараў, з якіх 70 працэнтаў – лекавыя сродкі, і асартымент яшчэ будзе пашырацца. 75-80 працэнтаў лекаў – гэта прэпараты беларускіх заводаў-вытворцаў, але і імпартных тавараў даволі шмат – у пакупніка заўжды павінен быць выбар, – адзначыла загадчыца Івацэвіцкай цэнтральнай раённай аптэкі №9 Наталля Азарка падчас адкрыцця новага аб’екта.

Аптэка адкрылася ў новым “спальным” мікрараёне, дзе жыве шмат маладых сем'яў, таму тут прадстаўлена нямала дзіцячай парафармацэўтыкі і касметычных сродкаў. Прадугледжана 5-працэнтная скідка на беларускія прэпараты – для пенсіянераў, шматдзетных сем’яў, інвалідаў, дзяцей ва ўзросце да 3-х гадоў. Сярод плюсаў аптэкі – яе размяшчэнне ў гандлёвым комплексе, дзе можна зрабіць розныя пакупкі, а пасля і за вітамінамі зазірнуць. Ля цэнтра –  паркоўка, непадалёк – прыпынак грамадскага транспарту – з часам людзі ацэняць такі камфорт, лічыць Наталля Азарка, як і дызайн аптэкі (на гэты раз стаўку зрабілі на вытанчанасць і элегантнасць класічнага інтэр'еру). 

А працаваць тут будзе маладая ініцыятыўная дзяўчына Ганна Аніскевіч. Яна два гады адпрацавала ў Асіповічах загадчыцай аптэкі ў паліклініцы, а пасля пераезду ў Івацэвічы атрымала пасаду загадчыцы і ў нас. Цяжкасцей дзяўчына не баіцца і працоўным месцам больш чым задаволена. 
Наталля Азарка дзякуе за падтрымку ў стварэнні аптэкі ўсёй камандзе, што мела дачыненне да гэтай справы, і асабліва новаму партнёру – індывідуальнаму прадпрымальніку Алене Макарчэні. Аптэка чакае сваіх пакупнікоў з аўторка па пятніцу з 10.00 да 19.00 (з перапынкам на абед з 14.00 да 15.00). У суботу прыходзьце, калі ласка, з 9.00 да 17.00 (без перапынку на абед). А нядзеля і панядзелак – выхадныя. 
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ (фота аўтара).
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий