Ігар Панасюк - "Чалавек года"

article2453.jpg

Ганаровае званне “Чалавек года” прысвойваецца за высокія дасягненні ў працы і вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё вобласці па выніках работы за  год. У галіне будаўніцтва за 2015 год яго быў удастоены Ігар Панасюк, начальнік ДУБП “Івацэвіцкая ПМК-18” ДВПБУП “Аб’яднанне Брэстаблсельбуд”.

Здаецца, толькі ўчора, а ўжо праляцела амаль пяць гадоў, як Ігар Іванавіч узначаліў ДУБП “Івацэвіцкая ПМК-18”. Пад яго кіраўніцтвам працуе 229 чалавек, а усіх з тымі работнікамі, што працуюць па дамовах, на сённяшні дзень налічваецца 259 чалавек. За пяць гадоў калектыў не зменшыўся, яго ўдалося захаваць, яшчэ і пабольшаў ён на два дзясяткі чалавек.

Кіраўніком Ігар Іванавіч стаў у маладыя гады, яму было пад 35, як ён узначаліў арганізацыю жыллёва-камунальнай гаспадаркі – філіял “Івацэвічы Рамжылбуд”. Там ён прайшоў добрую школу загартоўкі, бо дзе якая скарга ад насельніцтва была, то тычылася яна найчасцей камунальнікаў. Ігар Іванавіч, нягледзячы на тое, што зваротаў за дзень паступала да двух дзясяткаў і больш, ніводны з іх не пакідаў без увагі, і паступова давер да арганізацыі ўзрос, скаргаў і зваротаў стала менш у разы. За 17 гадоў, якія прайшлі ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі, ён прайшоў усе ступенькі кар’ернай лесвіцы – ад майстра да кіраўніка.

І на адказнай і няпростай пасадзе начальніка будаўнічай арганізацыі, прычым, самай вялікай на той час будаўнічай арганізацыі ў раёне – “Івацэвіцкая ПМК-18”, адчувае сябе ўпэўнена. “Галоўнае – цаніць людзей. Чалавек года – гэта не мая заслуга, а калектыва ў цэлым. Гэта заслуга яшчэ тых работнікаў, якія пайшлі на заслужаны адпачынак, яны, нашы ветэраны, напрацавалі той падмурак, на якім мы цяпер стаім, і яго мы павінны ўмацоўваць далей”, – кажа Ігар Іванавіч. Не ўтойвае, што аддае перавагу дэмакратычнаму стылю кіраўніцтва, які спрыяе самарэалізацыі чалавека на рабочым месцы. “Але і дысцыпліна таксама важная”, – дадае. Ён імкнецца знаходзіць залатую сярэдзіну ў гэтым раскладзе, і ў яго атрымліваецца.

Ведамі ў прафесіі ён валодае самымі шырокімі. Пасля заканчэння Антопальскай сярэдняй школы Драгічынскага раёна паступіў у Брэсцкі тэхнічны ўніверсітэт. Атрымаў адукацыю інжынера-будаўніка па камунальнай спецыялізацыі: водазабеспячэнне, водаадвядзенне і рацыянальнае выкарыстоўванне водных рэсурсаў. Студэнтам перажыў вялікае гора – на другім курсе страціў маці. І адразу пасталеў… Першае працоўнае месца – Ганцавіцкае РВА ЖКГ, потым Івацэвіцкая жыллёва-камунальная гаспадарка, будаўнічая галіна.

Толькі стаўшы начальнікам, да канца зразумеў, што кіраўнік адказвае за ўсё: і за людзей, і за тэрміны, і за якасць работ. На пытанне, дзе лягчэй, адказаў не задумваючыся: “Працаваць усюды трэба. У сістэме ЖКГ складана, бо трэба своечасова рэагаваць на звароты грамадзян, папярэджваць гэтыя звароты, тут, у будаўніцтве, найбольш важныя – якасць і тэрміны, своечасовае забеспячэнне аб’ектаў будаўнічымі матэрыяламі”. І сапраўды, наша сустрэча суправаджалася бясконцым патокам людзей, што заходзілі ў кабінет: то з пытаннямі, то за тэрміновымі подпісамі. Перабівалі размову і бясконцыя тэлефонныя званкі. Давялося назіраць, што ад кіраўніка патрабуецца вялікая засяроджанасць і работа, як кажуць, у тры рукі: весці размову па тэлефоне, чытаць пакладзеную на стол чарговым наведвальнікам паперу, ставіць сваё рэзюмэ, удакладняць дэталі і яшчэ не губляць нітку аповеду пры адказе на пытанні журналіста. А яшчэ кажуць, што мужчыны не здольны адначасова выконваць некалькі спраў. Яшчэ як могуць! “Працэс забеспячэння матэрыяламі і работай людзей доўжыцца іншы раз да васьмі гадзін вечара, – па ходзе заўважае наш суразмоўца. – І гэта яшчэ не ўсё. Трэба ўсё за дзень перажытае абдумаць і прыняць першачарговыя меры, каб будаўнічы канвеер не прастойваў”.

Якія дасягненні былі самыя значныя за мінулы год?

– Самы асноўны момант – экспарт паслуг, – кажа Ігар Іванавіч. – Нашы муляры ў мінулым годзе працавалі ў Красназнаменску Маскоўскай вобласці на будаўніцтве 17-павярховага дома. Мы бачылі і іншыя будаўнічыя аб’екты ў Расіі, і скажу, дзе патрабуецца якасць работ, “твар” аб’екта, напрыклад, кладка цэглы ці добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі, там усюды працуюць толькі беларусы. Перш чым атрымаць магчымасць працаваць за мяжой нашай краіны, мы выязджалі на восем аб’ектаў, каб заключыць дагаворы. Тамбоў, Ступіна, Арол… – пабывалі ўсюды, пакуль знайшлі аб’ект, дзе, самае галоўнае, не было рызыкі невяртання грошай. У Красназнаменску праз галаўное прадпрыемства “Брэстаблсельбуд”, які адкрыў у Смаленску свой філіял і заключыў дамову, мы атрымалі магчымасць працаваць на субпадрадзе. Такім чынам мы не рызыкавалі. І яшчэ, менавіта наша арганізацыя вяла ў мінулым годзе будаўніцтва цэха лесапілавання і мэблевага цэха ААТ “Івацэвічдрэў” на старой пляцоўцы. Я ўдзячны за падтрымку кіраўніцтву гэтага прадпрыемства, бо значная доля станоўчага выніку работ за 2015 год атрымалася дзякуючы рабоце на аб’ектах ААТ “Івацэвічдрэў”.

А сёлета аб’ёмы ёсць?

– У маі сёлетняга года плануем зноў распачаць працу ў Расіі. Прычым, у поўным комплексе: кладка, электраправодка, сантэхніка, аддзелка…  Хапае аб’ектаў у нас і тут: будаўніцтва 30-кватэрнага дома па вул. М. Танка ў Івацэвічах, кафэ-гасцініца на 30 месцаў “Вкус-Нікі”, кафэ-магазін па вул.Савецкай… У Целяханах: 24-кватэрны жылы дом, некаторыя работы ў ААТ “Беларусьгандаль”, у СВК “Целяханы-агра” – працяг будаўніцтва МТФ, будаўніцтва аднакватэрнага дома ў Целяханах і Вульцы-Аброўскай, будаўніцтва ачыстных збудаванняў Пружанскага малочнага камбіната, Пружанскі льнозавод… Удзельнічаем у таргах і аўкцыёнах па рэканструкцыі садкоў, школ і іншых сацыяльных аб’ектаў, імкнемся заваяваць нішу прыватніка.

– Складана?

– Хутчэй цікава. Прыватнік умее лічыць кожную капейку, змагаецца за тое, каб знізіць сабекошт работ. І мы гатовы абмяркоўваць кожную дэталь, колькі б на гэта ні спатрэбілася часу. “Датошнасць” прыватніка нас стымулюе і дысцыплінуе, затое якое задавальненне, калі твае работнікі даказваюць на справе, што яны могуць усё.

Сёння мала хто бярэ на работу маладых…

–15 маладых практыкантаў і сёлета прыйшлі ў нашу будаўнічую арганізацыю на практыцы засвойваць вывучанае.

І кіраўнік упэўнены, што частка з іх абавязкова захоча пасля заканчэння навучальнай установы прыйсці сюды на работу. “Без маладых няма будучага ў нашай арганізацыі, таму мы імкнёмся практыкантаў і маладых спецыялістаў навучыць усяму, што ведаем самі, акружыць увагай і клопатам, каб ім хацелася да нас папасці”, – дадае Ігар Іванавіч.

– Галоўны паказчык работы, на мой погляд,– уменне захаваць калектыў. Начальнік – гэта людзі,– дадае Ігар Панасюк. – Ёсць людзі, будзе і начальнік. Мы як механізм, які трэба рухаць наперад. Касцяк прадпрыемства – увесь калектыў. Кожны вінцік павінен круціцца і не замінаць рабоце іншых звенняў. Станоўчы вынік 2015 года – гэта станоўчы вынік яшчэ 2014 года, яго падрыхтавалі тыя, хто працаваў раней, хто ўкладваў у работу ўсе свае сілы і душу. Ім асабісты дзякуй. Майстар Раіса Каспяровіч, Лявонцій Шчурко і ўсе іншыя прарабы і брыгадзіры, простыя сантэхнікі, муляры, аддзелачнікі,– можна пералічваць яшчэ вельмі доўга. А з імі побач можна паставіць маладых. Маладыя майстры, дарэчы, “асвойвалі” Расію, маладым трэба давяраць і дапамагаць.

Будучае галіны якое, на Ваш погляд?

– Працаваць з прыватнымі забудоўшчыкамі, ад фізічных асоб да юрыдычных. Гэта рынак, які нам трэба яшчэ заваяваць. Цана і якасць – два асноўныя складнікі, над якімі трэба працаваць і працаваць.

Некалькі слоў было і аб сям’і. На думку галавы сям’і, каб быць шчаслівым, галоўнае ў сям’і – ўзаемаразуменне і каханне. Па-другое, надзейныя таварышы, калегі і сябры. Жонка Наталля Міхайлаўна для Ігара Іванавіча аднадумца, ды яшчэ якая. Яна падтрымлівае мужа ва ўсіх яго пачынаннях, асабліва тых, што тычацца работы калектыва. Падказвае, калі ведае пра які аб’ект, што плануецца пад рэканструкцыю.

 Жывуць Панасюкі ў кааператыўнай кватэры, гадуюць двух сыноў. Старэйшаму Жэні 15 гадоў, малодшаму Глебу – 10. Свабодны час праходзіць актыўна. Валейболам захапляецца Ігар Іванавіч асабіста і шмат грамат мае каманда арганізацыі. Падчас водпускаў з жонкай імкнуцца аздаравіць дзяцей ля мора. У Крыме адпачынак можна спалучаць з набыццём ведаў – як вядзецца будаўніцтва ў суседняй краіне, як развіваецца камунальная сфера. Супастаўленне, адрэналін гор, уражанняў і актыўны рух – толькі ўсё гэта ў цэлым дае задавальненне. А ляжаць на пляжы і падстаўляць пад сонца бакі – гэта адпачынак не Панасюка і яго сям’і.

Жыццё – гэта рух, гэта зносіны з новымі людзьмі, дапамога тым, хто мае патрэбу ў гэтым. Ігар Іванавіч хоць і не з’яўляецца старшынёй кааператыва, але дапамагае зрабіць двор, у якім жыве, утульным і прыгожым. Жаданне акружаць сябе прыгажосцю распаўсюджваецца і на тэрыторыі арганізацыі.

Кім бачыце сваіх сыноў?

– Нам з жонкай хочацца бачыць нашых сыноў найперш чалавечнымі і добрасумленнымі людзьмі. Што тычыцца адукацыі – то выбар прафесіі за імі. Мы стараемся ім данесці, ад маленькага, напрыклад, што другасныя рэсурсы могуць прыносіць карысць, да вялікага – павагі да аднакласнікаў, настаўнікаў, старэйшых. Каб яны не згубіліся ў гэтым вялікім свеце, знайшлі сябе, трэба дзяцей настаўляць, дапамагаць ім вырашаць іх падлеткавыя пытанні. Адна праблема – мала іх бачу.

Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

 

 

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий